Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

21 лістапада 2025, 18:55 літаратура 4
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

***

 

Здрада згубіла болей людзей,

                                         чым загінула ў адкрытым баі.

Не пра вайну, пра каханне кажу.

Не зведаўшы блізкасць, самоту нашу

Ды гару ў пякельным агні.

 

Я цябе аб аднам прашу:

Забудзь, што між намі было каханне.

Сумую, што сталася тое растанне.

Конік лянівы спіць на скаку.

 

Праўдзіва людзі казалі спрадвеку:

Добрае ўсё, што спрыяе ў жыцці чалавеку,

Яснай хай будзе яго галава.

 

Ты не сумуй, што яно не збылося,

І не гаруй, век пражыў не дарма.

І на тупкай сцяжынцы бывае дрыгва.

 

***

 

Вайна параджае нянавісць.

Акупант дазваляе сабе ўседазволенасць.

У каханні бывае млоснасць.

У свеце пануе зайздрасць.

 

Не! Свет не такі ўжо брыдкі.

Водгукі рэха прыемныя.

Давай у каханні будзем узаемныя.

Ох, і прыгожыя дзевак грудкі!

 

Нітка суцэльнай не будзе ніколі.

Восенню падае лісце з таполі.

А я так хацеў бы сустрэцца з табою.

 

Ведаю, таго не захочаш ніколі,

Скажу табе шчыра: шчасця жадаю

І папрокі ўсе твае я ўспрымаю.

 

***

 

У чалавецтва згоды няма і не будзе.

Розныя, розныя ўсе мы людзі.

Рэчка бывае крынічнай вадою напіта.

У гутарцы шчырай нехта пабіты.

Усё рэчаіснасць тое.

Перад марозам неба злое.

Вечар паслаў на даліну туман.

Што мовіць прыблуда – зман.

 

Толькі не думай, што ты пуп Сусвету.

Розныя ў небе планеты,

Сваю выбірай.

 

Не спадзявайся, што дзесьці ёсць рай.

Ночка запаліць паўсюль ліхтары,

Людзям пасвецяць яны ад зары да зары.

 

***

 

Чужая душа ў пацёмках,

Свая ў цемры для самога сябе,

Для іншых яна, як зерне ў сабе,

А можа проста ў прыцемках.

Кагось космас кліча, а іншых мора,

Каму як карта лягла.

Цыганка гадала пра шчасце – праўду сказаць не змагла.

Смешнае гэта ўсё да ўмору.

 

З недарэчнасці смейся,

З гора каці слязу,

З свайго бязглузду цешся.

 

Падаюць зоркі ў зоркапад.

На падпітку кажы неўпапад,

Дурань таму будзе рад.

 

***

 

Малады, не думай, што свет будзе круціцца вакол цябе.

Віхурай намецены гурбы снегу.

Толькі вясна зробіць сваю патрэбу,

І белая радасць спадзе.

 

Тынкоўка на доме не вечная.

Вечар зімовы кароткі.

Вясною луг бывае стракоткім,

А нешта бывае спрадвечнае.

 

Спрадвечнай бывае памяць аб тым.

Як цішыня ў лесе глухім –

Беларусь мая.

 

Толькі Радзіма гукае ў сэрца,

Дзе б ты не быў,

Яна хоча з табою сустрэцца.

 

***

 

Максіму Багдановічу

Бог з ласкі калісь дараваў геніяльнасць

Ды тэрмін жыцця змежаваў,

Хварэць на сухоты яму пажадаў.

Такая ў Бога спрыяльнасць.

 

Таленты-краскі не вянуць

І аздабляюць у колер прастор.

Які непаўторны ўзор!

Словы паэта вечнымі стануць.

 

Не думай, што зоркі ў нябёсах патухлі,

На беразе возера вогнішча стухла –

Таленту гэтаму мераць вякі.

 

Век матылька кароткі,

Крылы яго, як у краскі пялёсткі.

Плешчуцца ціха воды ракі.

 

***

 

На той свет ты ўсё роўна патрапіш,

                                                         не спяшайся ў жыцці.

Цягнікі, бывае, ідуць пад адхон.

Богу ці чорту калісь аддасі ты паклон

І надалей – у небыцці.

 

Цыганка гадае, а лёс сурочыць,

Дзе праўда, а дзе мана.

Нішто не бывае ў свеце дарма,

Нехта з нябёсаў так хоча.

 

Слязінка цячэ па шчацэ.

Ты пажадаеш нешта яшчэ,

Жадай, каб збылося.

 

Не ўсё, як хацеў, адбылося.

Хмары пустыя па небе плывуць,

Птушкі вясною на поўнач лятуць.

 

***

 

Можаш целам пастарэць,

Толькі не старэй душою,

Заўжды заставайся сабою.

Шал ветру вечна не будзе звярэць.

 

Не раскідайся шчырымі словамі,

Прыйдзе часіна для іх.

Думак трымайся сваіх

І не хваліся прамовамі.

 

Верабей па зярнятку дзяўбе,

Спажыва яго такая,

Нешта знайшоў і рады, што мае сабе.

 

Стромкі ручэй утварае раку наперадзе,

Кожны з нас хоча пабыць на тым беразе,

А потым вярнуцца на гэты недзе.

 

***

 

Жыццё – урок, які ты не засвоіў,

Хоць тысячу разоў яго прайдзі.

У рэчцы брод. Па ім ідзі

І помні – у кроснах ёсць навоі.

 

Цябе ніхто не цягне за язык.

І вольны – часам у няволі,

А нехта век жыве без долі.

Ты нешта мелеш, бегае кадык.

 

Час супастатаў не адыдзе,

Настане час – па іх смерць прыдзе.

У труне ці ў маўзалеі іх астанкі.

 

У кожнае рэлігіі свой канон:

Спаліць ці закапаць ерэтыка.

Такі бязглузды гэтага жыцця закон.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
"Вёска мілая мая"
Культура

"Вёска мілая мая"

26 чэрвеня 2024, 09:0937
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:2431
Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна
Мова

Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна

28 верасня 2022, 09:4831
Астраномы знайшлі, нарэшце, апошнія часткі Сусвету, якія адсутнічаюць.
Грамадства

Астраномы знайшлі, нарэшце, апошнія часткі Сусвету, якія адсутнічаюць.

24 верасня 2018, 12:4331
Далучайцеся да нас