11 лістапада споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта-гумарыста, драматурга, перакладчыка і мастака Альберта Паўловіча (1875-1951).
Жыццё і творчасць Альберта Паўловіча зусім слаба даследавана ў Беларусі. Толькі дзякуючы літаратура-знаўцу Сцяпану Александровічу ў 1975 годзе невялікай кніжкай выйшлі з друку “Выбраныя творы” пісьменніка. І ўжо паўстагоддзя кнігі вершаў і п’ес Альберта Паўловіча не выдава-ліся.
Родам ён быў з мяшчанскай сям’і. Скончыў Менскае чатырохкласнае гарадское вучылішча, працаваў канторшчыкам у Галоўнай бухгалтэрыі ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі, дзе павышаў кваліфікацыю шляхам самаадукацыі, потым быў памочнікам бухгалтара, бухгалтарам.

У першым радзе (справа налева) дзеці Тамара, Севярын, Уладзіслава, Яніна, у другім радзе Альберт Паўловіч і яго жонка Стэфанія, 1913.
У 1932 годзе Альберт Паўловіч пакінуў Менск і паехаў у Маскву, дзе жыў да 1941года. Ад пачатку вайны да 1945 года знаходзіўся на Урале. А з 1945 года жыў у Курску (Расея).
Літаратурную дзейнасць Альберт Паўловіч пачаў у канцы XIX стагоддзя. Першым друкаваным творам на беларускай мове быў верш “Песня”, апублікаваны ў газеце “Наша ніва” ў 1907 годзе. Найбольш плённы перыяд яго літаратурнай працы прыпадае на перыяд супрацоўніцтва з “Нашай нівай”. У 1910 годзе ў віленскім выдавецтве “Палачанін” выйшаў зборнік твораў Альберта Паўловіча “Снапок”. У 1919 годзе ён апублікаваў драму “Васількі”. У першыя гады савецкай улады падрыхтаваў другі зборнік гумарыстычных вершаў “Перавясла”, які меўся выйсці ў Берліне, аднак ён быў згублены і ніколі не пабачыў свету.


Альберт Паўловіч друкаваўся ў такіх перыядычных выданнях, як “Маладая Беларусь”, “Беларус”, “Лучынка”, “Дзянніца”, “Гоман” і іншых. Быў у блізкіх адносінах з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Максімам Багдановічам. Асабліва цеснае сяброўства было ў яго з Янкам Купалам.
Паэтычны талент Альберта Паўловіча даволі шматгранны. Творчасць яго цесна звязана з фальклорам. У спадчыне паэта ёсць узоры сацыяльна-грамадзянскай, патрыятычнай, пейзажнай, любоўнай, філасофскай лірыкі. Але найбольш цікавая і выразная ў творчасці Альберта Паўловіча гумарыстычная плынь (каля паўсотні вершаў). У першай палове ХХ стагоддзя многія з іх часта дэкламаваліся на беларускіх вечарынах. Тэмай яго гумарыстычных твораў, як правіла, было сялянскае жыццё, побыт, характары людзей. Паэт імкнуўся высмеяць усё дрэннае і заганнае ў жыцці. Высмейванне ў яго вершах выступала ў форме лагоднай іроніі, незласлівай насмешкі, але часам сустракалася і сатырычнае завастрэнне (“Сыноўняя апека”, “З кірмашу”, “Пан і акуляры”, “Ракі” і іншыя). Гумарыстычныя вершы Альберта Паўловіча разнастайныя па жанрах (вершаваныя апавяданні, вершаваныя гумарэскі, вершы-жарты, байкі і іншыя).

Альберт Паўловіч з’яўляецца таксама аўтарам літаратуразнаўчых і мастацтвазнаўчых артыкулаў. Перакладаў ён з рускай, украінскай, польскай, літоўскай, кітайскай моў. Апрача літаратурнай творчасці Альберт Паўловіч займаўся жывапісам, вышываннем дываноў. Два яго дываны дэманстраваліся на мастацкай выстаўцы ў 1914 годзе. Два эцюды Альберта Паўловіча, зробленыя ім у Курску ў 1946-1948 гадах, дачка паэта Тамара Кліменка-Паўловіч, перадала ў Літаратурны музей Максіма. Багдановіча ў Менску.
Памёр Альберт Паўловіч далёка ад роднай Бацькаўшчыны ў Курску (Расея) у 1951 годзе. Пахаваны на Маскоўскіх могілках гэтага горада.
Паводле СМІ.

