Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Страта. Яркая асоба ва ўсім беларускім

Страта. Яркая асоба ва ўсім беларускім

15 лістапада 2025, 13:01 літаратура 18
Страта. Яркая асоба ва ўсім беларускім

Сумная вестка 5 лістапада абляцела Беларусь. Перастала біцца сэрца аднаго з найвялікшых беларускіх вучоных-гуманітарыяў, пісьменніка, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Вячаслава Рагойшы (1942-2025).

Пра Вячаслава Пятровіча Рагойшу я магу напісаць вельмі шмат. Гэта быў мой найлепшы выкладчык філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ў той час, калі я вучыўся на гэтым факультэце ў першай палове 1980-х гадоў. Гэта ён навучыў мяне карыстацца архівамі, фондамі бібліятэк, навучыў, як афармляць навуковыя, літаратуразнаўчыя і краязнаўчыя працы, як весці пошукі пра вядомых людзей Беларусі. Гэта ён пазнаёміў мяне з цікавымі літаратурнымі мясцінамі Беларусі, з многімі творчымі людзьмі Беларусі, сярод якіх былі Ніна Ватацы, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк, Яўгенія Янішчыц. Дзякуючы Вячаславу Пятровічу я на першым курсе запісаўся ў Нацыянальную бібліятэку і карыстаўся фондамі, бо тады студэнтаў запісвалі толькі з трэцяга курса.

У 1982 годзе на філфаку БДУ мы арганізавалі і правялі вечар аднаго верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?”, а таксама прэзентацыю кнігі Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на мовах свету, якая выйшла з друку ў менскім выда-вецтве “Мастацкая літаратура” ў 1982 годзе. Гэтую кнігу Вячаслаў Пятровіч складаў разам з Ядвігай Раманоўскай – пляменніцай Янкі Купалы. А афармляў выданне мастак Міхась Савіцкі. Мы, студэнты філфака, чыталі славуты верш песняра на розных мовах свету. Я чытаў на серба-харвацкай мове ў перакладзе Дэсанкі Максімовіч. Да сённяшніх дзён памятаю і часам чытаю Янку Купалу па-сербахарвацку. Вось як гучыць першая страфа:

А ко иде ту, кроз мочвар, шумом том

У друштву таквом огромном?

– Белоруси…

 

Вячаслаў Пятровіч арганізаваў на філалагічным факультэце літаратурны гурток, дзе мяне ён прызначыў “прэзідэнтам” гуртка. Ад імя гуртка мы падрыхтавалі падарунак і віншавальны адрас з нагоды 50-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Юбілей пісьменніка адбываўся ў Доме літаратара ў 1980 годзе. Палова жадаючых туды патрапіць не змагла. А мы, студэнты гуртка, былі там, сядзелі ў першых радах і чакалі моманту, каб выйсці на сцэну і павіншаваць Уладзіміра Сямёнавіча. Але да нас чарга так і не дайшла. Вечарына зацягнулася, таму што жадаючых павіншаваць юбіляра было шмат. Віншавальныя моманты спынілі, а прапанавалі павіншаваць юбіляра пазней і асабіста. Наш віншавальны адрас Вячаслаў Пятровіч уручыў Уладзіміру Караткевічу праз некалькі дзён. Але тая цудоўная вечарына назаўсёды засталася ў памяці. І такіх цікавых прыкладаў з добрай рукі Вячаслава Пятровіча Рагойшы можна прывесці безліч…

Нарадзіўся Вячаслаў Рагойша ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і ў 1942 годзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1958 годзе паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1963 годзе быў накіраваны ў аспірантуру. Праз два гады прызваны ў армію. Служыў радавым у адной з частак Беларускай вайсковай акругі ў Гародні. Пасля дэмабілізацыі абараніў у чэрвені 1967 года кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэтыка Максіма Танка: культура вобраза. Характар верша” і з верасня пачаў выкладаць на кафедры беларускай літаратуры БДУ. Потым быў прызначаны на пасаду старшага выкладчыка, у ліпені 1970 года стаў дацэнтам. У лістападзе 1993 года Вячаслаў Рагойша абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага на тэму “Белорусская поэзия XX столетия в контексте восточно-славянских литератур: (типология, рецепция, художественный перевод)”. З верасня 1994 года ён узначаліў кафедру тэорыі літаратуры БДУ, а ў лістападзе гэтага ж года атрымаў званне прафесара.

Ва ўніверсітэце Вячаслаў Рагойша выкладаў тэарэтыка-літаратурныя дысцыпліны, вёў спецсемінар па праблемах вершазнаўства, чытаў спецкурсы па паэтыцы літаратурнага твора і пытаннях выкладання тэорыі літаратуры ў школе, кіраваў напісаннем дысертацый, дыпломаў і курсавых работ. Паралельна з працай у БДУ філолаг чытаў лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры ў Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання (1988-1991), разам з прафесарам Адамам Мальдзісам стварыў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны (з’яўляўся намеснікам дырэктара (1991-1994).

Друкавацца Вячаслаў Рагойша пачаў з 1957 года. Вершы “Зімою”, “У паход на стэпы”, “У першы раз”, “Земляком сваім я ганаруся” і іншыя былі апублікаваны ў радашковіцкай раённай газеце “Сцяг Ільіча”. З артыкуламі і рэцэнзіямі ў рэспубліканскім друку пачаў выступаць з 1961 года. Ён з’яўляецца аўтарам і суаўтарам шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па тэорыі літаратуры, гісторыі беларускай літаратуры для вышэйшых навучальных устаноў і сярэдняй школы, напісаў шмат манаграфій, кніг артыкулаў і эсэ. Сярод іх – “Паэтыка Максіма Танка” (1968), “Пераклаў Якуб Колас…” (1972), “Карані дружбы: беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку ХХ ст.” (з Таццянай Кабржыцкай, 1976), “І нясе яна дар…: беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах” (1977), “Гутаркі пра верш: метрыка, рытміка, фоніка” (1979), “Напісана рукой Купалы: архіўныя знаходкі” (1981), “Кантакты: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ” (1982), “Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна” (з Таццянай Кабржыцкай, 1990), “Вяршыні: з невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча” (1991), “І адгукнецца слова ў слове: літаратурныя артыкулы, эсэ, дыялогі” (1992), “Паэтычны слоўнік” (3-е выданне, дапрацаванае і дапоўненае, 2004) “Літаратуразнаўчы слоўнік. Тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў” (2009), “Уводзіны ў літаратура-знаўства”: у 2 ч.: вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па філалагічных спецы-яльнасцях (з Міхасём Кенькам, Таццянай Марозавай, 2011-2012), “Мой Трыглаў: кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча” (2012), “Асновы вершазнаўства” (2013), “Прыгаршчы светлых згадак” (2022) і іншыя. У сваіх працах вучоны даследаваў паэтыку верша, узаемасувязі беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў, займаўся пытаннямі тэорыі літаратуры, гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу. У рэспубліканскіх і іншых перыядычных выданнях апублікаваў шэраг артыкулаў і рэцэнзій па розных праблемах літаратурнага працэсу. Ён займаўся таксама перакладамі з польскай, украінскай, сербскай, харвацкай і іншых моў, выявіў і апублікаваў шэраг невядомых архіўных матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, па творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Сяргея Па-луяна, Старога Уласа і іншых.

Не менш плённай была краязнаўчая работа Вячаслава Рагойшы. Вучоны цесна супрацоўнічаў з кіраў-ніцтвам Валожынскага раёна. Па яго ініцыятыве і пры актыўным удзеле ўшанаваны мясціны выдатных дзеячаў беларускай, польскай, яўрэйскай культур, былі адкрыты помнікі і ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Элізы Ажэшкі, Старога Уласа, Янкі Купалы і іншых асобаў. Вячаслаў Рагойша ўзначальваў Грамадскі камітэт па аднаўленні Крыжаўзві-жанскай царквы на святой вадзе каля Ракава. У роднай вёсцы ў бацькоўскай хаце стварыў Музей поліэтнічнай культуры Ракаўшчыны. На грамадскіх пачатках з 2000 года выпускаў газету “Ракаўскі шлях”. Шырокі рэзанас у рэспубліцы атрымалі Ракаўскія чытанні – міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, што раз ў два гады праводзіліся на базе Ракаўскай сярэдняй школы.

Прафесар Вячаслаў Рагойша актыўна займаўся грамадскай дейнасцю. Напачатку 1990-х гадоў ён удзель-нічаў у стварэнні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, членам Савета па мастацкім перакладзе Саюза пісьменнікаў СССР (1976-1991), некалькі разоў выбіраўся старшынём рэвізійнай камісіі і старшынёй секцыі мастацкага пера-кладу Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вячаслаў Рагойша з’яўляўся членам вучонага савета філалагічнага факультэта БДУ і вучонага савета Нацыянальнага асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны пры Міністэрстве аду-кацыі Рэспублікі Беларусь, членам Навукова-метады-чнага савета па вышэйшай гуманітарнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

За плённую навуковую, педагагічную, творчую і грамадскую працу Вячаслава Рагойшу ўзнагароджвалі медалём і ордэнам імя Францыска Скарыны, “20 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, Ганаровымі граматамі і дыпломамі. У 2000 годзе вучонаму было прысвоена званне выдатніка народнай адукацыі Беларусі. У гэтым жа годзе ён стаў лаўрэатам Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко (Украіна).

Шмат кніг Вячаслава Рагойшы з аўтографамі я захоўваю ў сваёй асабістай бібліятэцы. Напрыклад, на кнізе “Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі” (Мн., 2013) пісьменнік напісаў: “Майму вучню, якім я цяпер ганаруся, Сяргею Чыгрыну, выдатнаму пісьменніку-краязнаўцу, на ўсё добрае. Слонім, 1.08.2013 г.”. А на кнізе “Прыгаршчы светлых згадак” (Мн., 2022) Вячаслаў Пятровіч пакінуў такі аўтограф: “Аднаму з маіх найлепшых вучняў, актыўнаму грамадзяніну і пісьменніку Сяргею Чыгрыну, а ў яго асобе ўсім, хто любіць Алега Лойку і Слонім, з па-жаданнямі дабра, усялякіх поспехаў і міру. Вячаслаў Рагойша. Ракаў-Мінск, 5.08.2022 г.”.

У  2012 годзе я зрабіў вялікае інтэрв’ю з Вячаславам Рагойшам. Сярод пытанняў пісьменніку было і такое: які час у Вашым жыцці быў найцяжэйшым і які плённым і шчаслівым, і што Вас сёння хвалюе? Вячаслаў Пятровіч ад-казаў тады так:

– З вышыні свайго ўзросту бачу: найбольш плённыя і шчас-лівыя гады – 1970-я – першая палова 1980-х гадоў, калі былі яшчэ жывыя мае і жонкі Тац-цяны бацькі, калі мы жылі ў адным доме і сем’ямі сябравалі з Уладзімірам Караткевічам, калі нашы дзеці Усевалад, Максім і Пятрусь, яшчэ знаходзіліся пры нас, калі… А цяжкасці сустракалі, калі хварэлі дзеці (часам усе трое адначасова), калі Таццяна ачуньвала пасля пераломаў пазваночніка (прычым двойчы), калі маці пасля інсульту амаль 16 гадоў ляжала паралізаванай у кватэры свайго адзінага сына, гэта значыць мяне… А хвалюе многае. Але трэба, нават хвалю-ючыся, працаваць, а не сядзець склаўшы рукі і хвалявацца. Працаваць, разумеючы, што толькі актыўна працую-чы дзеля роднай культуры, мовы, літаратуры, выхоўва-ючы адукаваных і нацыянальна свядомых маладых працаўнікоў, мы ўрэшце “дойдзем да Беларусі”.

 

Вячаслаў Рагойша быў вялікім чалавекам, адной з самых яркіх і шматзначных асоб ва ўсім беларускім ХХ-га – пачатку ХХI стагоддзяў. Такіх людзей мы ніколі не памінны забывааць. Веру, што светлая памяць пра Вячаслава Пятровіча застанецца ў памяці творчай інтэлігенцыі Беларусі, сяброў, студэнтаў, яго родных і блізкіх.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
"Вёска мілая мая"
Культура

"Вёска мілая мая"

26 чэрвеня 2024, 09:0937
Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна
Мова

Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна

28 верасня 2022, 09:4831
Астраномы знайшлі, нарэшце, апошнія часткі Сусвету, якія адсутнічаюць.
Грамадства

Астраномы знайшлі, нарэшце, апошнія часткі Сусвету, якія адсутнічаюць.

24 верасня 2018, 12:4331
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:2431
Далучайцеся да нас