3 лістапада на Усходніх могілках, як і было запланавана, адкрылі помнік вядомаму беларускаму пісьменніку Змітраку Бядулю, паведаміла БелТА.
Змітрок Бядуля (сапраўднае імя і прозвішча Самуіл Плаўнік) памёр у 1941 годзе падчас ваеннай эвакуацыі каля горада Уральск у Казахстане, дзе яго і пахавалі. У 2020 годзе прах пісьменніка вярнулі на радзіму і перапахавалі ў Менску.
Тады ж Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры абвясціў збор сродкаў і конкурс сярод беларускіх скульптараў на стварэнне помніка. Перамогу атрымаў праект Сяргея Гумілеўскага.
Паводле слоў аўтара, у аснову кампазіцыі пакладзены вобраз каласоў, што хістаюцца на ветры. Форма помніка няроўная, зламана-пластычная – яна сімвалізуе няпросты лёс беларускіх літаратараў таго часу і шлях самога Бядулі.
На адкрыцці прысутнічаў і сын пісьменніка Яфім Плаўнік. Ён адзначыў, што помнік зроблены з густам і адпавядае месцу:

– Ён такі, які павінен стаяць на могілках. Без усялякіх празмернасцяў. Ён сціплы і адначасова велічны.
Як паведаміла намесніца дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, падчас конкурсу камісіі доўга давялося вызначаць, якім павінен быць помнік. Скульптарам паказвалі матэрыялы і фотаздымкі з музейных архіваў.



Кузняцова падкрэсліла, што Змітрок Бядуля – адзін з найважнейшых беларускіх творцаў ХХ стагоддзя, удзельнік станаўлення нацыянальнай літаратуры і друку. Яна спадзяецца, што адкрыццё помніка зацікавіць людзей і натхніць іх зноў звярнуцца да яго твораў.

