Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
35 гадоў таму назад 27 ліпеня 1990 года была прынята “Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”

35 гадоў таму назад 27 ліпеня 1990 года была прынята “Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”

7 жніўня 2025, 18:39 Грамадства 21
35 гадоў таму назад 27 ліпеня 1990 года была прынята “Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”

27 ліпеня 1990 года дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце нашай краіны. Ад гэтага дня Беларусь была абвешчана незалежным сябрам сусветнай супольнасці, што мае права на ўласную ўладу, законы і можа самастойна вызначаць сваю ўнутраную і вонкавую палітыку. Фактычна ад 27 ліпеня ў Беларусі спынілася дзейнасць саюзных законаў. І хоць да надання Дэкларацыі статусу Канстытуцыі мусіў мінуць яшчэ год, менавіта 27 ліпеня было абвешчана святочным днём, які да Рэферэндума 1996 года святкаваўся як Дзень Незалежнасці.

К пачатку 1990 г. у СССР выявіліся прыкметы дэцэнтраліцыі, што пагражала распадам дзяржавы.

Ініцыятыву абвяшчэння незалежнасці выказаў Беларускі Народны Фронт 24 ліпеня 1990 г., Сойм якога заявіў гэта асноўнай мэтай руху, і ўжо праз некалькі дзён дэпутаты БНФ распрацавалі і прадставілі іншым дэпутатам праект Дэкларацыі аб суверэнітэце. Але ідэя яе прыняцця была адрынутая парламенцкай большасцю. Пасля прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце РСФСР прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, каб зменшыць палітычны ўплыў Б. Ельцына, прапанаваў кіраўнікам іншых рэспублік прыняць Дэкларацыі з канстатацыяй падпісання новай Саюзнай дамовы. Гэтую прапанову ў Вярхоўным Савеце агучыў старшыня ВС Мікалай Дземянцей.

Для распрацоўкі праекта Дэкларацыі 20 чэрвеня была створана спецыяльная камісія больш чым з 30 чал. 23 ліпеня, камісія, правёўшы 8 пасяджэнняў, прадставіла праект з 12 артыкулаў.

У гэты ж час распрацоўваліся два альтэрнатыўныя праекты – групай дэпутатаў на чале з Я. Глушкевічам і дэпутатамі БНФ. Разгляд праектаў распачаўся ў Вярхоўным Савеце 24 ліпеня. За праект БНФ аддалі свае галасы 47 дэпутатаў; за праект групы Я. Глушкевіча – 57 галасоў. Праект парламенцкай камісіі атрымаў 208 галасоў. У перапынку паміж паседжаннямі З. Пазняк прапанаваў дэпутатам застацца ў Авальнай зале і разам з Валянцінам Голубевым і Алегам Трусавым распавёў ім пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, у т. л. і пра ВКЛ і БНР. Шмат для якіх дэпутатаў гэтая інфармацыя была навіною.

Падчас абмеркавання праекту “Дэкларацыі” дэпутат А. Лукашэнка пытаў пра перспектывы эканомікі і арміі ў беларускай дзяржаве.

У час прыняцця арт. 11, які прадугледжваў удзел Беларускай ССР у падрыхтоўцы новага Саюзнага дагавора, прадстаўнікі апазіцыі дэманстратыўна пакінулі залу пасяджэнняў, што выклікала абурэнне прадстаўнікоў кансерватыўных колаў у Вярхоўным Савеце. Пазней дзеячы парламенцкай апазіцыі сцвярджалі, што гэты сыход быў загадзя спланаванай акцыяй.

27 ліпеня 1990 г. 229 галасамі “за” была прынята “Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР”. 25 жніўня 1991 г., пасля спробы дзяржаўнага перавароту, у Дэкларацыю былі ўнесены пэўныя змены: 253 дэпутата выказаліся “За”. Яна набыла статус канстытуцыйнага закона і захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 г., даты прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

З 1991 г. да рэферэндума 1996 г. галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці, было прымеркавана да даты прыняцця “Дэкларацыі”.

Згодна з Дэкларацыяй, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, “якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу” (арт. 1). Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспуб-лікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.

Артыкул 10 Дэкларацыі вызначаў, што “Беларуская ССР ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а рэспубліку – нейтральнай дзяржавай”. Апошняе палажэнне было парушана далучэннем Беларусі 31 снежня 1993 г. да сістэмы Калектыўнай бяспекі СНД.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0514
Далучайцеся да нас