Home
Гісторыя і краязнаўства

Пошукі і знаходкі. Невядомы здымак Валянціна Таўлая

Пошукі і знаходкі. Невядомы здымак Валянціна Таўлая

Паэт Валянцін Таўлай (1914-1947) з бацькам прыехалі ў вёску Рудаўка Слонімскага павета ў 1924 годзе з Ліды, бо там бацьку звольнілі з працы. У Рудаўцы жыла бабуля – маці бацькі Валянціна. Яна разам з мачахай Сцепанідай Паўлаўнай і дапамагала гадаваць Валянціна і яго брата Аляксандра.

Вёска Рудаўка налічвала ў той час крыху больш за 70 жыхароў. А вось суседняя з Рудаўкай вёска – Вялікая Кракотка – па колькасці насельніцтва была ў тры разы большая. Там працавала польская школа, куды і аддаў бацька Валянціна. Вучыўся хлопчык добра, таму ў чэрвені 1925 года ён паступіў у Слонімскую польскую дзяржаўную настаўніцкую семінарыю. Пра вучобу ў семінарыі Валянцін Таўлай напісаў у сваёй аўтабіяграфіі “Аб сабе”, якая ўпершыню была апублікавана ў чэрвенскім нумары часопіса “Полымя” за 1948 год. Нагадаю толькі, што Валянцін у семінарыі вучыўся вельмі паспяхова, атрымліваў стыпендыю. Але за тое, што пры перапісе насельніцтва адмовіўся запісацца палякам, стыпендыю знялі – таму давялося з-за крыўды і беднасці пакінуць вучобу і вярнуцца ў Рудаўку. “Прыходжу дамоў. Расказваю бацьку, што і як. Бацька спахмурнеў. Пакруціў галавой, але за сарваную вучобу не журыў: “Што ж, пасядзі ў хаце, павучыся дома, а на другі год пабачым” – згадвае ў сваіх успамінах Валянцін Таўлай.

У Рудаўцы хлопчык рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую беларускую гімназію, дзе ўжо вучыліся знаёмыя хлопцы з Кракоткі, Вострава, Чамяроў, Азярніцы, Мяльканавіч і з іншых слонімскіх вёсак. Шмат дапамагала яму ў гэтым мачаха Сцепаніда Паўлаўна.

У верасні 1927 года Валянцін Таўлай пачаў вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі. Тут сустрэўся са сваімі сябрамі-землякамі, пазнаёміўся з тымі, пра каго раней толькі чуў. Яго сябрам стаў і зямляк Мікалай Бурсевіч з вёскі Чамяры Слонімскага павета.

Мікалай Бурсевіч (1912-1996) у 1926 годзе паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Разам з Валянцінам Таўлаем ён удзельнічаў у вулічных дэманстрацыях, распаўсюджваў улёткі на вуліцах Вільні. З Валянцінам ён шчыра сябраваў. Пэўны час нават сядзелі за адной партай. Але за ўдзел у палітычных хваляваннях Мікалай Бурсевіч быў выключаны з гімназіі. Ён перавёўся ў Клецкую беларускую гімназію. Але таксама за камуністычную дзейнасць юнака выключылі і адтуль.

У 1933 годзе Мікалай Бурсевіч працаваў інструктарам Берасцейскага аддзела КПЗБ. У верасні яго арыштавала польская паліцыя. А калі ён спрабаваў уцячы, то па ім паліцыянты стралялі і паранілі правую нагу. Юнака асудзілі на два гады і на дзесяць гадоў пазбаўлення правоў. Арышт адбываў у Баранавіцкай, Гарадзенскай і Лукішкай турмах. Вызвалілі Мікалая Бурсевіча восенню 1935 года. Але і пасля вызвалення ён зноў пачаў займацца палітыкай. Таму польская паліцыя паўторна беларуса арыштавала і пасадзіла за краты ўжо на 6 гадоў. І толькі ў верасні 1939 года юнак выйшаў на волю.

У гады Другой сусветнай вайны Мікалай Бурсевіч уступіў у Слонімскую антыфашысцкую падпольную арганізацыю. Хутка яго прызначылі рэдактарам падпольнай газеты “Вольная праца”. У партызанскім атрадзе імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага былі створаны друкарня і рэдакцыя газеты. А ў канцы верасня 1943 года выйшаў першы нумар падпольнай раённай газеты. Газету выпускалі адзін раз у тыдзень.

Пасля вайны Мікалай Бурсевіч жыў у Слоніме, 34 гады адпрацаваў журналістам у мясцовай раёнцы. Ён з’яўляўся персанальным пенсіянерам рэспубліканскага значэння, быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Усё жыццё слонімец сябраваў з былымі заходнебеларускімі дзеячамі, а таксама з пісьменнікамі Максімам Танкам, Уладзімірам Калеснікам, Анатолем Іверсам і іншымі. Але самым дарагім сябрам у Мікалая Бурсевіча быў зямляк Валянцін Таўлай.   

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва нядаўна адшукаў рэдкі фотаздымак. На ім сфатаграфаваны Валянцін Таўлай і Мікалай Бурсевіч у Вільні ў 1927 годзе, калі вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі. Фота сёння друкуецца ўпершыню.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Previous article О, Беларусь, мая шыпшына!
Next article Выйшла кніга Ігната Ходзькі “Баруны”

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202515