Сёлета спаўняецца 45 гадоў з часу правядзення ў СССР XXII летніх Алімпійскіх гульняў
ТАКОЕ не забываецца… Гартаю арыгінальны альбом з 80 старонак памерам 40 на 45 сантыметраў… Ён прысвечаны найбуйнейшым міжнародным спартыўным спаборніцтвам пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэта, якія праходзілі з 19 ліпеня па 3 жніўня 1980 года ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Менску і Таліне. У ліку акрэдытаваных на свята сусветнага спорту беларускіх журналістаў былі і мы з Рыгорам Кадзетам – выбітным фотамайстрам, лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола, супрацоўнікам аддзела навін, які я ў той час узначальваў. Па выніках асвятлення ў друку рэдкай гістарычнай падзеі ў жыцці былога Саюза, прадстаўляючы далёка не профільную газету, выйшлі, на дзіва астатнім, пераможцамі спецыяльнага рэспубліканскага конкурсу “Алімпійскае пяро”.



ПЕРАД пачаткам гульняў, талісманам якіх стала ўсмешлівае ласкавае медзведзянё на задніх лапах Мішка, наш тандэм упершыню ў гісторыі беларускай журналістыкі здзейсніў доўгае па часе творчае падарожжа па вядомай трасе Брэст – Масква даўжынёй 1060 кіламетраў. У матэрыялах самых розных жанраў мы паказалі чытачам незвычайную прыгажосць роднай прыроды, распавялі пра памятныя і гістарычныя мясціны, знакавыя падзеі ў жыцці краіны, тагачасны стан яе гарадоў, пасёлкаў і вёсак. Актывізавалі, па водгуках, сваёй карыснай ва ўсіх сэнсах акцыяй спартыўны рух у самых розных працоўных калектывах, здачу нормаў ГТА, у прыватнасці, па плаванні. У Брэсцкім раёне яно стала ў алімпійскім годзе адным з самых папулярных відаў спорту. Дарэчы, удзельнікі заплываў спаборнічалі ў лепшым басейне абласнога цэнтра “Няптун”.

ПРАДСТАЎЛЕНЫЯ на суд чытачоў публікацыі склалі вялікі рознажанравы цыкл матэрыялаў пад агульнай назвай “Па дарозе ў Маскву”. Паслядоўны шэраг, да прыкладу, рэпартажаў адкрывала паведамленне пра мясцовыя падзеі з Брэста пад назовам “Мой родны дом, мая зямля”. За ім усім зацікаўленым, а іх, як сведчылі тэлефонныя, пісьмовыя ды іншыя водгукі, было шмат, прапанаваліся жанравыя мясцовыя падзеі з Кобрына, Бярозы, Івацэвічаў, Нясвіжа, Карэлічаў, Стоўбцаў, Дзяржынска, Менска, Смалявічаў, Барысава, Крупак, Талачына, Круглага, Воршы, Дуброўна, дзе адбылася пера-дача алімпійскай эстафеты расійскаму Краснянскаму раёну, з Гагарына і ўрэшце з Масквы.
У спецыяльных трыццаці суботніх спецвыпусках ды іншых газетных формах падачы інфармацыі было задзейнічана каля 20 загалоўкаў раздзелаў. У іх ліку – “Прынята па тэлефоне”, “Тэлеграма”, “Сустрэлася ў дарозе”, “Учора на Алімпіядзе”…

Па меры прасоўвання па трасе мы наведвалі ў раёнах шматлікія сельскія групы фізічнай культуры, старанна і дасканала вывучалі і адлюстроўвавалі на газетных старонках, як рыхтаваліся і сустракалі вялікае агульнае свята сельскія фізкультурнікі і спартоўцы, з якімі праблемамі ім даводзілася ў той ці іншы момант сутыкацца і з дапамогай чаго іх паспяхова вырашаць.
Пад рубрыкай “Алімпійскі год – не толькі для алімпійцаў” выступілі сакратары і загадчыкі аддзеламі райкамаў партыі, стар-шыні і намеснікі старшынь райвыканкамаў, адказныя на месцах за спартыўна-масавую работу спецыялісты, кіраўнікі райсаветаў і супрацоўнікі ДССТ “Ураджай”, прадствўнікі рэспубліканскага аргкамітэта “Алімпіяда-80” . Характэрна, што пад згаданай рубрыкай рэгулярна з’яўляліся і дадатковыя да надрукаваных у спецвыпусках рэпартажы, інтэрв’ю, замалёўкі і заметкі.
У невялікіх нататках дад рубрыкай ” Прашу слова” чытачоў пазнаёмілі са сваімі думкамі пра чарговы сусветны спартыўны форум і асабістымі намерамі чэмпіён XVIII (1964) і сярэбраны прызёр XIX (1968) Алімпійскіх гульняў Рамуальд Клім, кандыдаты ў алімпійскую зборную краіны Віктар Угрумаў, які стаў, дарэчы, чэмпіёнам Маскоўскай алімпіяды, сярэбраны прызёр чэмпіяната Еўропы Ірына Карачова, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Барселоне (1972) і будучы ўладальнік залатога медаля ў Маскве Леанід Тараненка, сярэбраны медаліст чэмпіянату Еўропы Мікалай Грабнёў ды іншыя вядомыя спартоўцы. Пра асобных майстроў сваёй справы распавядалася ў матэрыялах пад рубрыкамі “Алімпійскія надзеі рэспублікі” і “Правафланговыя сельскага спорту”. Сваё месца знайшлі ў спецвыпусках і матэрыялы пра стан і падрыхтоў да знакавай падзеі спартыўных аб’ектаў і гарадоў рэспублікі.
Увогуле з пачатку 1980-га свет пабачылі шэсць крытычных рэйдаў, тры фотаабвінавачванні, пяць вострых сігналаў, шэсць крытычных артыкулаў і рэагаванняў на іх службовых асобаў. Як і ў некаторых станоўчых, у гэтых матэрыялах слушна ўзнімаліся праблемы развіцця фізкультуры і спорту ў сельскай мясцовасці. Пасля выступленняў газеты прымаліся адпаведныя рашэнні на бюро райкамаў партыі.
ПРЫ ЎСІМ гэтым пяць месяцаў доўжылася віктарына “Алімпіяда -80”. Яе шматлікія ўдзельнікі, якія працягвалі зносіны між сабой і пасля алімпіяды, зрабілі экскурс у гісторыю буйнейшых міжнародных комплексных спартовых баталій сучаснасці (яны праводзяцца з 1896 года), узгадалі герояў папярэдніх гульняў, іх лепшыя дасягненні, паспрабавалі свае сілы ў прагнозах. З падзякай за “патрэбную, цікавую і карысную” гульню ў адказы на пытанні ў газеце выступіў настаўнік з Астравецкага раёна С. Ярашэвіч. “Віктарына, напісаў ён у прыватнасці, – адправіла ў далёкую вандроўку па дзіўнай краіне Алімпіядзе, дзе жывуць побач радасць і сяброўства, сіла і мужнасць, талент і майстэрства, упартасць і натхненне. Яна заўважна пашырыла мой спартыўны кругагляд, прыцягнула да актыўных заняткаў фізкультурай. Гэта я і лічу самым галоўным прызам за ўдзел!”.
Адначасова праходзіў і прысвечаны прывабным мерапрыемствам фотаконкурс. Адметныя дасланыя на адрас журналістаў-падарожнікаў працы адлюстроўвалі спартыўнае жыццё ўсёй рэспублікі, дзеянні лепшых спартсменаў-землякоў, распавядалі пра мясцовыя новабудоўлі, тыя ці іншыя спаборніцтвы розных узроўняў. Напрыклад, інструктар-метадыст кобрынскага калгаса “Новы шлях” Анатоль Лук’янюк адным з першых даслаў варты ўвагі здымак, зроблены падчас гульні ягоных валейбалістаў на першынстве раёна. Шмат работ прысвячалася алімпійскім аб’ектам і навядзенню на зямлі парадку. Пераможцамі завочнага мастацкага спаборніцтва выйшлі В. Зянько (здымкі “Фініш блізка” і “Гімнастка”, А. Глінскі (“Грацыя і “Схватка” і Г. Краснова (“Вырашальны кідок” і “Трыумфатар”).
АДНОЙ са значных падзей, з якімі мы рэгулярна, даходліва і падрабязна знаёмілі сваіх чытачоў, стаў кваліфікацыйны футбольны турнір, які праходзіў з 20 ліпеня па 2 жніўня на стадыёне “Дынама” ў Мінску, дзе напярэдадні з’явіліся вядомая Камароўка і не менш вядомая “Планета”. Яшчэ два адборы адбываліся ў Кіеве і Ленінградзе. Менскі гэтаксама знайшоў сваё адлюстра-ванне ў спецыяльных выпусках праекта.


Пад цэнтральнай трыбунай стварылі шыкоўнейшы на той час прэс -цэнтр, куды сцякалася і адкуль выцякала разнастайная аператыўная інфармацыя, якая неўзабаве з’яўлялася ў газетах, на радыё і тэлебачанні. Супрацоўнікі гарачай кропкі футбольнага дзейства рыхтавалі яе так адказна, поўна, дакладна і хутка, што заставалася толькі здзіўляцца, пляскаць у далоні ды шчыра дзячыць за неабходную, вялікую і тэрміновую дапамогу. Пра ўсё, што адбывалася не толькі на полі, журналісты даведваліся ў самы кароткі тэрмін. Тым больш, у прасторным і ўтульным фае ўсталявалі дзесяць тэлевізараў, і можна было глядзець сустрэчы ўжывую. Асабліва шчыравалі калегі з “Физкультурника Белоруссии” Аляксандр Майскі, Дзмітрый Беленькі і Яўген Вяснін пад кіраўніцтвам Эдуарда Сушкевіча, які, як рэдактар галоўнага спартыўнага выдання рэспублікі, і ўзначальваў на перыяд адборачных матчаў важную інфармацыйную і арганізацыйную структуру.
Беларускія майстры спартыўнага пяра звярталіся за дапамогай радзей, чым замежнікі. Прадстаўнікам Алжыра, Сірыі, Югаславіі, Фінляндыі, Іспаніі, Ірака і Коста -Рыкі было складаней: ім трэба было тэрмінова перадаваць матэрыялы за мяжу, у свае рэдакцыйныя службы. Але гаспадары ўсё ў гэтым сэнсе прадугледзелі. Начальніца сувязістак Нона Мешчаракова на вышэйшым, як кажуць, узроўні арганізавала працу сваіх чароўных падначаленых Лідмілы Зайцавай, Аліны Пугацэвіч і Наталі Сенінай. Міраслаў Рэдэ, Уладан Стайканавіч, Радыслаў Гвазданавіч і іх таварышы хутка і добра чулі Бялград, Заграб і Нові-Сад. Разам з імі і карэспандэнт фінскага радыё і тэлебачання Маці Ламі, і рэдактар алжырскага часопіса “Эль Джэр” Абуд Хітам, і прадстаўнік Нацыянальнай сістэмы тэлебачання і радыёвяшчання Коста-Рыкі Хасэ Луіс Артыс, і іншыя замежныя калегі вельмі высока ацанілі і саму сістэму сувязі, і выдатную працу беларусак.
ЗРАНКУ да позняга вечара прэс-цэнтр знаходзіўся ў пастаянным руху. Рэдактары, перакладчыкі, машыні-сткі, размнажальнікі тэкстаў рыхтавалі кожны новы дзень больш за дзесяць інфармацыйных бюлетэняў на рускай, англійскай, французскай, іспанскай ды іншых мовах. Гэтыя кароткія, але вельмі каштоўныя інфармацыйныя паведамленні былі ў руках журналістаў у самыя неабходныя працоўныя моманты: напярэдадні матча, пасля яго першага тайма і ў канцы сустрэчы. Бягучыю інфармацыю мы і футбольныя спецыялісты маглі атрымаць і на цэнтра-льнай трыбуне, не спускаючыся па прыступках глыбока ў прэс-цэнтр, дзе працаваў бар.
Асабліва шматлюдна было па вечарах, пасля заканчэння чарговага матча. І гэта зразумела: ладзілася прэс-канферэнцыя для савецкіх і замежных аглядальнікаў, трэнераў і гульцоў футбольных каманд, якія толькі што між сабой сустракаліся.
Пасля афіцыйнай часткі журналісты доўга яшчэ не разыходзіліся. Гаварыць было і з кім, і пра што. Заўсёды, добра памятаю, у добрым настроі знаходзіліся нашы югаслаўскія госці. Іхняя зборная гуляла моцна, упэўнена і прыгожа. На першым этапе яна з лікам 3:2 выйграла ў Коста-Рыкі, згуляла ўнічыю (1:1) з Іранам, пепамагла (2:0) Фінляндыю і выйшла ў чвэрцьфінал, дзе была мацней (3:0) за Алжыр. На вялікі жаль яе шматлікіх беларускіх заўзятараў, у паўфінале (ужо ў Маскве) югаслаўскія футбалісты саступілі будучым чэмпіёнам – чэхам (0:2), якія ў фінале забілі адзіны пепаможны гол у вароты каманды ГДР, якая з лікам 1:0 перамагла ў паўфінале зборную СССР. Не дасталося югаславам і бронзы: у гульні за трэцяе месца мацней (2:0) былі савецкія майстры скуранога мяча.
НАЙБОЛЬШ ахвотна ішлі на кантакты, цікавіліся беларускім футболам, увогуле айчынным спортам і жыццём-быццём гульцоў і журналістаў, дзяліліся говымі і новымі ўражаннямі прадстаўнікі Югаславіі. Добра запомніліся добрыя словы загадчыка аддзела футболу штотыднёвіка “Спартыўныя навіны” Міраслава Рэдэ:
– Мне давялося рыхтаваць і перадаваць матэрыялы з самых розных турніраў, якія адбываліся ў самых розных краінах свету. Але нідзе я не бачыў такой выдатнай, высокапрафесійнай, прыемнай, душэўнай арганізацыі спаборніцтваў, якую прадэманстравала вашая прыгожая і гасцінная рэспубліка. Мяне вельмі прыемна ўразілі дабрадушнасць, павага і адкрытасць як простых людзей, так і спартыўных функцыянераў, не кажу ўжо пра калег-журналістаў. Умовы, створаныя і футбалістам, якія кватаравалі ў Стайках, і прадстаўнікам каманд, і аглядальнікам я магу назваць ідэальнымі. І гэта – агульнае, шчыра заўважу вам, меркаванне!
ЗАСТАЕЦЦА дадаць, што наш альбом-пераможца конкурсу “Алімпійскае пяро” захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Уладзімір Барысенка.
Фота аўтара.

