30 сакавіка гэтага года пайшоў з жыцця шчыры сябар беларусаў, у 1991-1993 гадах сябар суполкі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны вайсковага гарадка Печы Курбан Гельдыеў.
Нарадзіўся Курбан 24 ліпеня 1955 года ў сталіцы Туркменскай ССР горадзе Ашхабадзе ў шматдзетнай сям’і рабочага і дываншчыцы. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта (англійская мова) Туркменскага дзяржаўнага ўніверсітэта год працаваў выкладчыкам у гэтым жа ўніверсітэце, а потым па ўласным жаданні пакінуў універсітэт, сталіцу і ў 1978 годзе пераразмяркаваўся ў раён Кара-Кала ў вясковую школу. З 1979 года працаваў у раённым, потым у абласным камітэце ЛКСМ Туркменіі. У 1982 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію на два гады ў якасці афіцэра-палітработніка, а ўрэшце стаў кадравым вайскоўцам. Служыў у Ашхабадзе, Афганістане, Беларусі (1988), Германіі, Беларусі (1991-1993), Туркменістане (1993-1997).
Няпросты, пакручасты лёс Курбана Гельдыева не быў выпадковым збегам абставінаў. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе (2015 год) Курбан напісаў пра сваю працу ў камсамоле і пра службу ў Савецкай Арміі:
– Я быў наіўны, чэсны і прыстойны, не мог хлусіць і красці. І ўсюды, дзе б я не працаваў, я быў, як белая варона. Я гарэў работай. Некаторыя лічылі мяне дзіваком, іншыя – дурнем і кар’ерыстам, але я шчыра верыў ва ўтапічныя ідэі КПСС і быў іх заўзятым прапаведнікам.
Не дзіўна, што ў сакавіку 1991 года няўгоднага начальству маёра Гельдыева з паніжэннем перавялі служыць з Заходняй групы савецкіх войскаў (Германія) у Чырвонасцяжную Беларускую вайсковую акругу, у Печы (г. Барысаў).
Тут, у Беларусі, намеснік камандзіра вучэбнай роты па палітычнай частцы маёр Гельдыеў стаў актыўным удзельнікам працэсаў дэмакратызацыі ў тагачасным яшчэ савецкім грамадстве і ў яшчэ савецкім войску. Туркмен па нацыянальнасці, ён добра бачыў шкодныя наступствы русіфікацыі для нашага народа, таму з уласцівай яму пасіянарнасцю падтрымліваў беларускае Адраджэнне, спрыяў станаўленню беларускага нацыянальнага войска: за ка-роткі тэрмін самастойна авалодаў беларускай мовай, у жніўні 1991 года быў у ліку заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), у 1992 годзе для свайго вайсковага падраздзялення аформіў падпіску на беларускамоўныя газеты і часопісы, пэўны час (пакуль не забаранілі) па-беларуску праводзіў заняткі па гуманітарнай падрыхтоўцы, палітычныя інфармацыі. Менавіта па ініцыятыве Курбана суполка ТБМ вайсковага гарадка Печы 27 ліпеня 1992 года ў мясцовым Доме афіцэраў арганізавала для жаўнераў і сяржантаў вучэбнай дывізіі свята з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі. Настаўніца СШ № 22 горада Барысава Таццяна Зіненка, якая на свяце чытала свае вершы, напісала ў мясцовай газеце:
“У Печах я ўпершыню сутыкнулася са здаровым цывілізаваным інтэрнацыяналізмам. Усё гэтае свята даручана было весці туркмену афіцэру Курбану Гельдыеву. Безумоўна ж, Курбан прамаўляў па-беларуску. Прычым, без натугі і пыхі, а зусім натуральна”. (Барысаўская незалежная газета “Альтэрнатыва”, № 9, 14-23 жніўня 1992 года.)
Насуперак намаганням высокіх начальнікаў, маёр Курбан Гельдыеў меў вялікі аўтарытэт і пашану сярод саслужыўцаў і жыхароў вайсковага гарадка Печы. Курбан быў здольны арганізатар, але, галоўнае, меў нейкую надзвычай прыцягальную сілу: яго любілі і дзеці і дарослыя. Афіцэры і прапаршчыкі Печынскай вучэбнай дывізіі, якія служылі ў Афганістане, выбралі апальнага маёра старшынём Савета “афганцаў”, а жыхары гарадка – членам Печынскага Камітэта грамадскага самакіравання.
Як заўжды, Курбан заўзята адстойваў інтарэсы, правы жаўнераў, прапаршчыкаў, афіцэраў, “афганцаў”, што зноў жа не падабалася начальству, якое выкідвала яго з чаргі на кватэру, спрабавала звольніць з войска па артыкуле “дыскрэдытацыя…”, гэта значыць без пенсіі і кватэры. Але нічога ў начальства не атрымалася, бо звольніць афіцэра па дыскрэдытацыі тады можна было толькі са згоды агульнага сходу афіцэраў вайсковай часткі. На адной з нарадаў камандзір дывізіі пачаў дакараць камандзіра палка за няздатнасць “разабрацца” з падначаленым яму маёрам Гельдыевым. Камандзір палка адказаў, што нічога не можа зрабіць, бо і жаўнеры, і афіцэры слухаюцца Гельдыева, ідуць за ім, як качаняты за качкай.
Па прызнанні самога Курбана, любоў да Беларусі ў яго з’явілася яшчэ ў юнацтве дзякуючы ансамблю “Песняры”, а ў 1991 годзе ён пазнаёміўся з дзівоснымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі Беларусі – Міхась Варанец, Алесь Станкевіч, Вінцэнт Чорны, Юрась Ліс … і многімі іншымі, сяброўствам з якімі ганарыўся ўсё жыццё. Дадам, што беларускія патрыёты аніколі, ані кроплі не здрадзілі свайму туркменскаму сябру. У самы цяжкі для яго час, мы абаранялі Курбана як маглі, у тым ліку наш голас у падтрымку маёра Гельдыева гучаў са старонак газет “РОКАШ” (выданне афіцэраў-беларусаў Прыазёрскай гарадской рады ТБМ, Джэзказганская вобласць, Казахстан), “НАША СЛОВА”, “ЗНАМЯ ЮНОСТИ” і інш.
У жніўні 1993 года маёр Курбан Гельдыеў звольніўся з Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па скарачэнні штатаў, вярнуўся дадому і паступіў на службу ў армію Туркменістана, а ў чэрвені 1997 года звольніўся з палкоўнічай пасады па хваробе. Была ў падпалкоўніка Гельдыева яшчэ адна прычына звальнення з войска:
“Я бачыў, што знаходжуся не на сваім месцы. Эйфарыя першых гадоў адбудоўвання [Туркменскай] Арміі прайшла. Вярталася тое, што я заўсёды адмаўляў у Савецкай Арміі, я адчуваў маральную духату і немагчымасць працаваць так, як я мог і хацеў” (з кнігі “Мая аўтабіяграфія”, 2015 г.).
Пасля звальнення ў запас Курбан нядоўга працаваў менеджарам на фірме, рэдактарам аддзела ў газеце “Вечерний Ашхабад”, а з верасня 1998 года – выкладчыкам у Ваенным інстытуце Міністэрства абароны Туркменістана. З 2002 года і да пенсіі па ўзросце Курбан Гельдыеў працаваў трэнерам па вялікім тэнісе ў спартыўнай школе горада Ашхабада.
– Яго немагчыма было не кахаць, – так сказала мне Алена, жонка Курбана.
– Яго немагчыма было не любіць, – так гаворым мы, беларускія сябры Курбана, якіх ён называў сваімі братамі па духу.
Наш дарагі сябар Курбан і духоўна, і па-сямейнаму (з чатырох нявестак, тры – беларускі) парадніўся з Беларуссю, праз усё жыццё пранёс павагу, любоў да нашых песняў, да нашай мовы, да нашых людзей. Вечная, светлая памяць годнаму сыну туркменскага народа Курбану ГЕЛЬДЫЕВУ…
Міхась Варанец,
лепшы сябар (так называў мяне Курбан).