Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

29 сакавіка 2025, 07:52 Мова 70
Станіслаў Суднік.  БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Ч ы н

 

Гэтае векавечнае беларускае слова цяжка адшу-каць у старажытных слоўніках. Большасць са старажытных моваў (грэцкая, латынь) проста не маюць гука “Ч”. У санскрыце гук ёсць. Там, як і ў беларускай і мове, існуе пара: звонкі “ДЖ” і глухі “Ч”. Але нічога падобнага на слова чын там не праглядваецца.

Тым часам слова чын дало такое гняздо словаў, якога не дало, здаецца, ні адно слова. Але, перш-наперш, што гэтае слова абазначае? Тут мы парушым логіку разважанняў, назавём яго значэнне і паспрабуем даказаць, што гэта менавіта так. Чын – гэта дзеянне, справа. I, менавіта, шматграннасці дзеяння і справы, як канцэнтрацыі дзеяння, мы абавязаны багаццю гнязда словаў на -чын-.

Слуцкі збройны чын – Слуцкае збройнае дзеянне.

Учынак – тое, што зроблена, вынік чыну.

Пачын, зачын – пачатак дзеяння, заклік да пачатку дзеяння.

Пачынальнік – той хто пачынае дзейнасць.

Адчыніць і зачыніць – правесці дзеянні з дзвярамі, акном, брамай і г.д.

Адпачынак – аднаўленне сілаў, у аснове тут чын.

Прычына – перадумова чыну.

Вычын – выключны з агульнага шарагу, выбітны чын, подзвіг.

Расчыніць – закалаціць, скажам, брагу пад сама- гонку. Расчыніць хлеб.

Рошчына – раствор.

Невялікі пласт натуральнай старажытнай беларускай лексікі, калі корань –чын– утварае мноства самых розных словаў, але ўсе гэтыя словы звязаны з нейкім дзеяннем. Пазнейшыя эпохі скарыстоўваюць корань –чын– для ўтварэння новых сучасных словаў.

Чыноўнік– чалавек, якому дадзены правы і абавязкі для пэўнага чыну, дзеяння.

Чын у значэнні званне, пасада – узровень правоў і абавязкаў на нейкае дзеянне, чалавек, які мае такія правы і абавязкі.

Расейцам так спадабаўся наш чын, што яны не толькі награблі нашых словаў з гэтым коранем, але і сваіх дадалі: подчинение, подчинённый, подчинить, чинодрал. Гэтых словаў яны наўтваралі ўжо ад слова чын у значэнні начальнік ці чалавек, які займае пэўную пасаду. Далей расейцы пераблыталі сапраўднае значэнне слова чыніць – дзейнічаць, рабіць і прымянілі яго ў значэнні раман-таваць (чинить). Далей маем починка, перочинный, начинка. Начинка крыху выбіваецца з гэтага шэрагу, але ўсяроўна ў аснове тут –чын-.

Вяртаемся да беларускай мовы:

Чыннік -дзейны фактар.

Дачыненне – стасункі, суадносіны пры дзеянні.

Учыніць – зрабіць, нарабіць.

З коранем –чын– утвораны назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі (адчынены, зачынены, чынны), дзеяпрыслоўі (пачынаючы працу, ён адчыняў вокны). У расейскай мове ёсць і дзеепрыметнікі (начинающий поэт). Ёсць з -чын- і прыслоўі – (чын – чынаром або чын – чынам).

Калі расейскае таким образом слаба паддаецца лагічнаму тлумачэнню, то яго беларускі адпаведнік такім чынам абазначае даслоўна тое, што атрымалася ў выніку нейкага чыну, дзеяння.

Злачынства – злы чын, злое, кепскае дзеянне.

Злачынец – той, хто зло чыніць.

Злачынны – кепскі, злы, прызнак злога ў дзеяння.

Дабрачынны – чын, накіраваны на дабро.

Дабрачыннасць -дзейнасць накіраваная на дабро.

Благочинный – у праваслаўнай царкве іерархічная ступень. Па-беларуску гэта павінна гучаць, як дабрачынны, бо слова благачынны скажае сэнс пасады. Блага па-беларуску гэта кепска і, калі казаць благачынны, то народ разумее гэта, як кепскачынны.

Такім чынам, мы паказалі дастаткова поўны спектр ужывання гнязда словаў на –чын– і адзначылі, што не можам знайсці гэтага слова ў старажытных мовах. Разам з тым слова чын аднаскладовае і таму адназначна надзвычай старажытнае. Акрамя старажытных моваў гэтае слова не праглядваецца ні ў германскіх, ні ў балцкіх мовах. I толькі ў польскай мове мы маем такое ж магутнае гяздо словаў з коранем на –чын-. Балгарская ж мова фіксуе толькі слова чыноўнік. Няма нічога падобпага ні ў цюркскіх мовах, ні ў угра-фінскіх. Як заўсёды, не даследаванай застаецца толькі кельцкая трупа.

Не будзем зараз перацягваць канат з палякамі, чыё слова чын. Зазначым, што яшчэ тысячу гадоў назад беларуская, польская і ўкраінскія мовы амаль не адрозніваліся паміж сабой. Пазней дзве апошнія мяняліся, беларуская ж захоўвалася ў першапачатковым стане. Таму можна лічыць гэтае слова самабытным славянскім, але трэба лічыць яго перад усім беларускім.

 

Мець, браць

 

Калі мы ўжо загаварылі пра дзеянне, то пачнём з самага першага дзеяння чалавека. Якое яно? Каб жыць, чалавеку трэба дыхаць, піць, есці. Трэба яшчэ шмат чаго, але спачатку – дыхаць, піць, есці. Для таго, каб дыхаць, чалавеку ніякіх вялікіх намаганняў рабіць не трэба, гэта на аўтамаце. Для тага, каб папіць, першабытнаму чалавеку трэба было толькі нагнуцца да вады. А вось для таго, каб паесці, трэба нешта было пакласці ў рот. Чалавек ужо не скуб траву, не жаваў ягады з куста. Гэта засталося яшчэ ў дамалпавым мінулым. Каб нешта з’есці, чалавек браў тое нешта спачатку рукамі, а потым еў з рук. І якое ні старажытнае слова есці, як ні глыбока яно сядзіць у індаеўрапейскай лексіцы (наша есці і нямецкае essen гучаць практычна аднолькава), а перад словам есці стаіць слова ўзяць у закончанай форме і браць у незакончанай.

Калі мы разгледзім гэтыя дзеясловы і іхнія формы ў часах і асобах, то ўбачым, якія шматлікія адгалінаванні лексікі мы атрымаем.

Перш за ўсё корань. І ў слове ўзяць, і ў слове браць корань адзін – яць (аць). У стараславянскай мове яць замяняла і браць, і ўзяць, і многія іншыя значэнні. Але корань яць абрастаў прыстаўкамі, суфіксамі, націскамі і іншымі атрыбутамі словатворчасці, і ўжо станавілася не пазнаць, з чаго ўсё пачалося.

Прыстаўка па+яць дала нам паяць – забраць. Прыстаўка ім+аць дала імаць. Імаць, паімаць – узяць, забраць нават злавіць. У рускай мове поймать дайшло да нашага часу і паспяхова бытуе ў мове нават са сваім гняздом (пойманный,  непойманный).

Імаць дало словы иметь (рус. мова) і мець (бел. мова). І крок назад: я маю, ты маеш, ён мае.

Имею дае имение.

Маю дае маёмасць, маёнтак, маёмасны. І адпаведна ад маю паходзіць слова маё. Што маю, тое і маё. Са слова имею слов моё не ўтвараецца. Не трэба думаць, што слова иметь не пакінула слядоў у беларускай мове – займець, займеў, ну і займ, узаемны. Канешне, мы маем замест слова займ слова пазыка, але адно другому не замінае.

Вы+яць – выяць, выняць. Гэта ўжо не проста ўзяць, а ўзяць аднекуль. (Выняць з кішэні. Выняць душу з цела.)

Вы+браць – узяць нешта адно з многага.

Уз+н+яць – пад+н+яць нешта вышэй, чым было да таго.

Узняць – уздым.

Зняць – здымак.

Абняць – абдымкі.

Здаецца, вытворныя словы не маюць нічога агульнага з першаасновай, але давайце прыгледзімся і ўбачым у вытворных словах корань -ым-, як частку слова імаць, дзе старажытная прыстаўка -ім- стала коранем для многіх пазнейшых словаў.

Падняць – пад’ём.

Выняць – выемка.

Аб’яць – аб’ём.

Аб’ём – ёмкасць.

Ёмкасць – яма. Імаў, імаў і атрымалася яма.

На слова яма ад слова імаць мы павінны былі выйсці ў самым пачатку. Яма, магчыма, была першай ёмкасцю, якую стварыў першабытны чалавек. Таму слова яма не паходзіць ад слова ёмкасць, а паходзяць яны ад слоў яць і імаць і проста паўторна сустрэліся ў маўленні пасля доўгага шляху.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3415
Нацыянальны адборачны тур „Еўрабачанне-2019”: 113 выканаўцаў з 15 краін
Грамадства

Нацыянальны адборачны тур „Еўрабачанне-2019”: 113 выканаўцаў з 15 краін

2 лютага 2019, 10:1014
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2114
Далучайцеся да нас