Мерапрыемства з такой назвай правёў 26 лютага 2025 года ў Мінску, у бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Пісьменніцкі клуб “Літаратурны экватар” (да канца 2024 года – Літаратурны клуб “Экватар”). Ці былі ў той вечар бліны? Канешне! І напякла іх для імпрэзы асабіста шэф-рэдактар клуба, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. Былі і іншыя салодкія прысмакі, а таксама два цікавых букета, упрыгожаных рознакаляровымі стужкамі, – сімваламі свята і надыходзячай вясны.
Вядоўцай імпрэзы таксама стала Інга Вінарская. І канешне, яна распавядала пра свята Масленіцы, пра традыцыі Масленічнага тыдня. Узгадаем асноўныя моманты.
Масленіца – гэта ўсходнеславянскае традыцыйнае свята, якое адзначаецца напрацягу тыдня перад Вялікім пастом. Яно захавала ў сваёй абрадавай аснове шэраг элементаў дахрысціянскай славянскай міфалогіі. У народным календары ўсходніх славян Масленіца абазначае мяжу паміж зімой і вясной. Яе можна назваць аналагам карнавалаў у краінах Еўропы і Амерыкі, якія праводзяцца прыкладна ў гэты ж час.
Дата Масленіцы мяняецца кожны год у залежнасці ад даты надыходу Вялікдня. Сімвалам свята з’яўляюцца бліны, якія маюць асобае значэнне: яны ўвасабляюць сонца, цяпло і вясну, якая вось-вось надыйдзе. Круглыя і залацістыя бліны, як лічылася ў народзе, нясуць у сябе кавалачкі сонечнай благадаці і моцы, дапамагаючы сагрэць змерзлую падчас зімы зямлю.
Калі Масленіца была яшчэ язычніцкім святам, дык для ўсходніх славян важкай фігурай быў Ярыла – бог Сонца. Людзі верылі, што напярэдадні вясны ён змагаецца з маразамі. І, па адной з версій, менавіта ў яго гонар людзі пяклі блінчыкі. Круглыя пачастункі па форме нагадвалі сонца – крыніцу цяпла. Маленькае сонейка павінен быў з’есці кожны: язычнікі верылі, што так чалавек атрымае моц і здароўе на ўвесь наступны год.
Масленічны тыдзень падзяляюць на два перыяды: з панядзелка па сераду – гэта Вузкая Масленіца, а з чацвярга па нядзелю – Шырокая. Першыя тры дні святочнага тыдня яшчэ можна займацца гаспадарскімі справамі, а з чацвярга ўжо не: пачынаецца шырокае святкаванне Масленіцы, народныя гулянні ды забавы.
У кожнага дня Масленічнага тыдня ёсць свая назва і значэнне.
Першы дзень – Сустрэча. Ранкам святочнага панядзелка нашы продкі рабілі наступнае: свёкры адпраўлялі жонак сваіх сыноў да іх бацькоў, а ўвечары і самі адведвалі сватоў. І канешне, гасцей трэба было вельмі добра пачаставаць.
Быў і яшчэ адзін звычай у гэты дзень: першы блін, выпечаны ў панядзелак, аддавалі з’есці жабраку – такі быў абрад памінавення спачыўшых.
Другі дзень – Зайгрышы. Аўторак быў прысвечаны знаёмствам і агледзінам. Моладзь збіралася, каб паглядзець адно на аднаго. Часцяком пары, якія пазнаёміліся ў такі аўторак, у хуткім часе ішлі да шлюбу.
Трэці дзень – Лакамка альбо Скаромная серада. Зяці хадзілі ў госці да сваіх цешчаў. Цешчы ў масленічную сераду абавязаны былі быць асабліва добрымі да сваіх зяцёў.
Чацвёрты дзень – Разгуляй альбо Шырокі чацвер. З гэтага дня пачыналася Шырокая Масленіца. Усе працы заканчваліся, займацца гаспадаркай у бліжэйшыя дні лічылася кепскай прыкметай. Таму народ кідаў усе свае справы і ішоў на плошчу, каб павесяліцца.
Пяты дзень – Цешчыны вячоркі. У пяты дзень ужо зяцям трэба было прымаць з усёй пашанай сваіх цешчаў. Бліны для сваіх маці пяклі іхнія дочкі – жонкі зяцёў. Кожная цешча старалася прывесці з сабой сябровак, каб пахваліцца перад імі, за якога добрага хлопца яна выдала сваю дачку.
Шосты дзень – Залувіцыны вячоркі. У суботу маладыя нявесткі звярталі ўвагу на сваіх залувіцаў – сясцёр і сваячак сваіх мужоў. Дзяўчаты збіраліся, каб паесці, пагаманіць, папляткарыць. Добрай прыкметай лічылася зрабіць усім прыйшоўшым хаця б невялікія падарункі.
Сёмы дзень – Провады альбо Даравальная нядзеля. Гэта быў апошні дзень перад Вялікім Пастом, калі можна было добра паесці. Прычым, трэба было з’есці ўсю святочную ежу, прыгатаваную за тыдзень. Рэшткі можна было аддаць жабракам альбо спаліць. Кепскай прыкметай лічылася выкінуць ежу альбо даць ёй прапасці. Днём у святочную нядзелю прынята было хадзіць у лазню, а ўвечары ўсе збіраліся на плошы – канешне ж, каб урачыста спаліць пудзіла Масленіцы. Дарэчы, попел, які пасля гэтага заставаўся, трэба было рассеяць па палях, каб у наступным годзе атрымаўся добры ўраджай.
У даравальную нядзелю ўсе людзі стараліся папрасіць прабачэння ў сваіх сваякоў, сяброў ды знаёмых. І тыя павінны былі дараваць у адказ. Канешне, пакуль мы ўсе яшчэ жывыя, трэба папрасіць адно ў аднаго прабачэння за нейкія не тыя словы ці ўчынкі, увогуле за ўсё кепскае, што намі зроблена, – пакуль яшчэ позна не стала…
Дарэчы, да імпрэзы 26 лютага чальцамі “Літа-ратурнага экватара” былі падрыхтаваны не толькі пача-стункі і цікавая інфармацыя пра Масленіцу, але і творы прысвечаныя непасрэдна гэтаму святу. Следам за Інгай Вінарскай слова перайшло да кіраўніка клуба, пісьменніка і журналіста Вячаслава Корбута, які непасрэдна перад мерапрыемствам напісаў верш, які называецца “На Масленіцу”:

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Вось і завеі наўсцяж праляцелі,
Белыя мухі самлелі даўно.
Неба, яно нат святлей за лілеі,
І не ў кіно!
Гэта брахня, што скуголяць навесы,
Брамкі гатовы гасцей запускаць,
Рушаць прылаўкі, талеркі, прагрэсы –
Блін паспытаць.
Гулка палаюць кастры, чутны песні,
Вадкасцю юшкі ліюцца паўсюль.
Еш, наядайся. Нат можаш і трэснуць, –
Круглы, як нуль.
Бэйбухі тролі наладжваюць спевы,
Певень змаўчыць на слупе да пары,
Гэй, як дагнаў на мяху, лезь на дрэва!
Як на вятры?
Шпарка сагрэе мо келіх гарбаты,
Ці лепш усмешка паненкі якой?
І падпярэдзіць, што ўжо вінаваты,
Бо ты не мой!
Справа і злева ўсё нехта бухторыць:
Трэба падужацца ў снезе, хлапцы!
Глянь, тут мядзведзі – наўрад іх пабораць.
Гэта ж капцы!
Летась і сёння, заўчора і потым,
Будзе Маслёнка ўсіх нас частаваць,
Каб ашчаслівіць жыццё аж да поту, –
На год ці на два!
Заўжды арыгінальны, своеасаблівы, шырока адораны талентамі і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі, Глеб Ганчароў напачатку свайго выступлення зазначыў, што аўтар павінен выступаць не больш сямі хвілін, таму што калі болей, то ўвага залы пачынае рассейвацца. Невядома, адкуль у спадара Глеба такія звесткі, але ж на святочнай імпрэзе ён прачытаў толькі тры творы: вершы “Маналог Лявона Варнэрке” і “Беларускі эмігранцкі вальс”, а таксама пераклад верша Змітро Паўлычкі “Два колеры”. Напэўна, менавіта гэтыя колеры для Глеба Ганчарова ствараюць нейкую асацыяцыю з Масленіцай.
Калi дзiцём я ўсходзiў па вясне
У свет шырокi доўгiмi шляхамi
Кашулю мацi вышыла мяне
Чырвонымi i чорнымi сцяжкамi.
Два колеры мае, два каляры
На сэрцы i душы маёй абодва.
Два колеры мае, два каляры:
Чырвоны – як любоў, а чорны – як самота.
Хадзiў я ўсцяж нябачаным жыццём,
Вяртаючыся на свае парогi.
Пераплялiся мамiным шыццём
Мае неспадзяваныя дарогi.
Калi ў вачах прасякла сiвiзна,
Я анiчога не прынёс да хаты:
Адно жгуток старога палатна,
Дзе чорны колер сплецены з брунатным.
Два колеры мае, два каляры
На сэрцы i душы маёй абодва.
Два колеры мае, два каляры:
Чырвоны – як любоў, а чорны – як самота.
Апошнім часам нячаста можна было ўбачыць на імпрэзах “Экватара” паэта Вячаслава Данілава і паэтку Клаўдзію Максімаву – па розных асабістых прычынах. Але абодва яны завіталі 26 лютага ў бібліятэку № 1 імя Талстога. Вячаслаў прачытаў некалькі сваіх новых вершаў, напісаных зусім нядаўна, а Клаўдзія ўзгадала шэраг паэтычных твораў, надрукаваных у альманаху “Літаратурны экватар”.
Вельмі радасна было ўбачыць на мерапрыемстве аксакала клуба Дзмітрыя Максімавіча Марозава. Яшчэ б: чалавеку ўжо восемдзесят восем год споўнілася, а ён яшчэ рыхтуе праграмы, выступае, спявае. У такім ша-ноўным узросце Дзмітрый Максімавіч захаваў цудоўны голас – бас глыбокага роўнага гучання. У выкананні спадара Марозава прысутныя пачулі некалькі ўрыўкаў з оперных арый, а таксама знакамітую народную песню “Вдоль по Питерской”, якая асабліва спадабалася ўсім сабраўшымся.
Адной з галоўных асаблівасцей Пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар” з’яўляецца той факт, што ў імпрэзах суполкі прымаюць удзел людзі самых розных узроставых катэгорый. Так было і на мерапрыемстве напрыканцы лютага. Вельмі цікавую сцэнку падрыхтавалі і выканалі два вучні восьмага класа: Яўген Вайтовіч і Міхась Котаў. Сцэнка называлася “У пошуках Масле-ніцы”, а напісаў яе для дзяцей Вячаслаў Корбут. Выступленне Яўгена і Міхася зала сустрэла вельмі цёпла.
Для паэта, празаіка, публіцыста Юрыя Мельнікава галоўным натхненнем у жыцці з’яўляецца жаночая палова чалавецтва. Менавіта жанчынам і дзяўчынам Юра часцяком прысвячае свае творы, яны для гэтага аўтара – галоўныя гераіні ягонай творчасці. Ёсць у спадара Мельнікава і цэлая калекцыя акравершаў на жаночыя імёны. Некаторыя з гэтых акравершаў аўтар прачытаў на імпрэзе. Сярод іх быў і верш “Паліна”:

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Праз родную мову да зорных вяршыняў
Адкрыты ён, шлях здольнай філалагіні,
Ласкавасць жаночая ззяе натхненнем,
І промнем узыйдзе дабротаў насенне.
Няможна пакінуць красу яе стану,
А аўтар ёй вершам складае пашану!
Пісьменніца, навукоўца, настаўніца Кацярына Матусевіч прывезла на мерапрыемства вершы сваіх вучняў і прачытала іх прысутным. А паэтка Тамара Залеская ў сваім выступленні аддала перавагу сваім дарослым паэтычным творам – у асноўным на тэму кахання.

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Сапраўднай нечаканасцю стала з’яўленне ў зале амаль што напрыканцы імпрэзы пісьменніцы, журналісткі і проста прыгожай жанчыны Людмілы Шчэрбы. Прысутныя пачулі ў яе выкананні шэраг вершаў з кнігі “Я пакідаю сонца тут”, а таксама некалькі новых паэтычных опусаў. Сярод прачытанага Людмілай у той вечар быў і гэты вясновы верш:

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Сабака дырыжыруе хвастом,
Аблезлы, радасны і рыжы.
Катоў вясновы барытон
Рэкламныя ірве афішы.
На нотным стане правадоў
Птушыны хор асеў для спеву,
Пупышкі будучых лістоў
Чакаюць веснавой залевы.
Згубіла станік п’яная вясна
Пасля дзявочай пагулянкі,
Зімовы келіх выпіўшы да дна,
Па горадзе гуляе брукаванкай.
Цукеркам сонца тае за шчакой
І плавіцца ў нябёсах лужын,
Разліўшы пераможны неспакой
Цяпла пасля пакорнай сцюжы.
Я галавой ківаю ва ўнісон
Хадзе зямлі, абуджанай ад цішы.
Сабака дырыжыруе хвастом,
Аблезлым, радасным і рыжым!..

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Вось такая атрымалася ў нас імпрэза, прысвечаная святу Масленіцы. Напрыканцы ўсе здымаліся на памяць, а потым пілі гарбату з блінамі і іншымі прысмакамі. Ад стосу блінцоў засталася толькі пустая талерка, і ад гэтага зрабілася неяк прыемна і радасна на душы.
Інга Вінарская,
Вячаслаў Корбут.