Рэдкія экзэмпляры Бібліі, надрукаванай у друкарні ў Берасці на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, знайшлі недалёка ад Аполе.
На гарышчы дома ў мясцовасці Покуй непадалёку ад Аполя ў канцы 2024 года знайшлі два арыгінальныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі. Кнігі былі выдадзе-ны ў 1563 годзе для пратэстантаў у друкарні ў Берасці на грошы канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага.
Дырэктар Дзяржаўнага архіва ў Аполе доктар Славамір Мархель пацвердзіў, што гэта арыгіналы Бібліі, датаваныя 1563 годам. З прыблізна тысячы выдадзеных экзэмпляраў да нашых дзён захавалася менш за 140.
Берасцейская, або як яе яшчэ называюць Радзівілаўская, Біблія – гэта першы сучасны пераклад Святога Пісання на польскую мову і адзін з першых поўных перакладаў Бібліі ў Еўропе новага часу. Гэта шматстаронкавы фаліянт з прадмовамі, каментарыямі і прадметным паказальнікам. Некалькі захаваных экзэмпляраў Радзівілаўскай Бібліі знаходзяцца ў Беларусі: у бібліятэцы Акадэміі навук у Менску, а таксама ў Берасцейскай абласной бібліятэцы і Музеі гісторыі Берасця.
На думку спецыяліста па старапольскай літаратуры, прафесара Дарыюша Хемперэка з Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, прысутнасць кніг, выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Верхняй Сілезіі мае гістарычнае тлумачэнне, інфармуе Radio ZET.
“Берасцейская Біблія” стала першым перакладам Святога Пісання на польскую мову, прызначаным для пратэстантаў, якія выкарыстоўваюць гэтую мову. Трэба памятаць, што асабістае чытанне Бібліі з’яўляецца адным з краевугольных камянёў веры для евангелікаў, таму непісьменнасць лічылася грахом.
Для палякаў, якія жылі ў Верхняй Сілезіі (гэта значыць за межамі Рэчы Паспалітай) і вызнавалі пратэстантызм, “Берасцейская Біблія” была адзінай маг-чымасцю адпавядаць гэтаму патрабаванню. Да таго ж яна была перакладзена на цудоўную польскую мову, а над яе стварэннем працавала група біблеістаў, якія ведалі тры святы мовы. Сярод іх былі не толькі тэолагі, якія сачылі за дакладнасцю перадачы сэнсу, але і паэты, якія ўмелі перадаць як “літару”, так і “дух” арыгінала”, – распавёў прафесар.
Берасцейская Біблія была вельмі дарагой кнігай. Яе кошт ацэньваўся ў гадавую зарплату слугі таго часу. Хутчэй за ўсё, знойдзеныя два экзэмпляры Бібліі належалі польскім евангелічным пастарам і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Вядома, што ў XIX стагоддзі недалёка ад месца, дзе былі знойдзены кнігі, працавала пратэстанцкая школа, дзе дзеці вучыліся на польскай мове. Верагодна, знойдзеныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі неяк звязаны з гэтай школай. Таксама існуе верагоднасць, што гэтыя старадрукаваныя кнігі былі часткай княжацкай бібліятэкі Вітэнбергаў, чый палац знаходзіўся ў Покуі. Але пакуль гэта толькі гіпотэзы, якія яшчэ трэба вывучыць.
Абодва знойдзеныя экзэмпляры былі накіраваны ў Катавіцы, дзе іх падверглі дэзінфекцыі і ўзялі ўзоры паперы для мікрабіялагічных даследаванняў. Кнігі чакаюць шматмесячныя рэстаўрацыйныя работы.
Паводле СМІ.