Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Памерла Таццяна Навасельская

Памерла Таццяна Навасельская

13 лютага 2025, 21:27 ТБМ 76
Памерла Таццяна Навасельская

Гэтая жанчына была актыўным сябрам ТБМ, але не была публічнай і шырока вядомай асобай, тым не меш яна шмат гадоў ціха і не для ўсіх прыкметна рабіла вельмі патрэбныя для захавання беларускасці справы. Пра яе смерць пасля цяжкай хваробы паведамілі ў сацсетках сябры і знаёмыя.

Таццяна Навасельская была ўнучкай беларускага паэта Сяргея Знаёмага (1909 – пасля 1944), які ў міжваеннай БССР падаваў вялікія надзеі, але ў 1930-я гады, як і пераважная большасць прадстаўнікоў яго пакалення з ліку беларускай творчай інтэлігенцыі, быў арыштаваны, а затым загінуў у ГУЛ-агу.

Таццяна прысвяціла значную частку жыцця збору інфармацыі пра свайго дзядулю. Яна збірала звесткі літаральна па макулінках, перакапала ўсе архівы, перачытала мноства ўспамінаў і дакументаў, звязаных з дзеячамі таго пакалення, завязвала і падтрымлівала кантакты з даследчыкамі гэтага перыяду. Даследчыкі дапамагалі ёй, а яна па магчымасці – ім.

Так, пісьменнік Алесь Аркуш, пачуўшы пра смерць Таццяны Навасельскай, успомніў, што жанчына яму вельмі дапамагла:

“Калі я пісаў артыкул пра паэта Браніслава Пяткевіча, які выратаваў у ГУЛ-агу паэта Сяргея Навіка-Пеюна. Дзесьці ў нулявых я паспеў узяць інтэрв’ю ў Пяткевіча, у якім ён мне сказаў, што, калі вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце, на яго напісалі данос у газету, пасля чаго хлопца арыштавалі і адправілі ў ГУЛ-аг. Дык вось, Таццяна той данос адшукала. І словы Пяткевіча пацвердзіліся”.

І такіх выпадкаў было вельмі шмат.

Таксама Таццяна шмат гадоў даглядала магілы міжваенных беларускіх дзеячаў на Вайсковых могілках у Менску: спачатку сама, а затым і ў складзе добраахвотніцкіх груп, якія актывізаваліся пасля таго, як над усім гэтым някропалем навісла пагроза.

“Я ж не ведаю, дзе магіла майго дзеда. Можа, хтосьці таксама яе там дагледзіць, як я апякуюся тут”, – так яна аргументавала сваю актыўнасць у гэтым кірунку.

Адно з фактычна выратаваных ёю пахаванняў – магіла акторкі і спявачкі Алесі Александровіч, якой Міхась Чарот прысвяціў знакамітую драму “На Купалле” з легендарнай песняй “Купалінка”, і яе мужа Міхася Мароза, першага паўнамоцнага прадстаўніка БССР пры ўрадзе РСФСР. Таццяна Навасельская на ўласныя грошы ўсталявала помнік і зрабіла на ім надпіс, у якім згадала пра абодвух з усімі важнымі датамі і падзеямі ў іх жыцці. Пры гэтым для Міхася Мароза гэты помнік – кенатаф, бо ён таксама быў рэпрэсаваны і бясследна знік дзесьці на расійскіх абшарах. Пра жаданне яго жонкі, каб прозвішча загінулага мужа была на яе помніку, Таццяна дазналася з архіваў і праз шмат гадоў пасля смерці жанчыны яго рэалізавала.

Нямала сіл і ўласных сродкаў Таццяна Навасельская таксама ўклала ў аднаўленне для некаторых важных для гісторыі магіл знішчаных часам агародж, што дазваляла захаваць магілы ад непазбежнага знішчэння камунальнымі службамі.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5447
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

31 ліпеня 2020, 19:5417
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2616
Далучайцеся да нас