Выданнем часопіса “Лідскі летапісец” № 4 (108) завяршаецца, але яшчэ не завяршыўся 2024 выдавецкі год ПУП “Пружмень”.
Гэты год прайходзіў пад знакам 200-годдзя лідскага краязнаўства. Канешне сказаць дакладна, што ў гэты год, у гэты месяц ці ў гэты дзень пачалося лідскае краязнаўства, будзе не зусім карэктна. Краязнаўчы працэс можа ўключаць 50 гадоў пошуку і збору інфармацыі, пакуль з’явіцца нейкая публікацыя.
Той жа Тодар Нарбут зацікавіўся гістарычнымі артэфактамі яшчэ перад вайной 1812 года, падчас будаўніцтва Бабруйскай фартэцы, але гэта далёка ад Лідчыны.
У 1818 г. у Гародні выйшла з друку першая кніга Юстына Нарбута “Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа” (“Rys pierwiastkow narodu litewskiego, z roznych dawnych autorow zebrany”), якая змяшчае звесткі пра прагісторыю і міфалогію. Гэта невялікая кніга мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам “J. M.” Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз імя аўтара кнігі было пададзена.
У 1842 г. у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута “Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II…” (“Dzieje wewnotrzne narodu litewskiego z czasow Jana Sobieskiego i Augusta II, krolow panujacych w Polsce; wyciag z roznych notacyоw i manuskryptow.” T. 1-2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.). – Л. Л.
У 1820 Тодар Нарбут адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага пав. Апісаў руіны цвярдыні на Нёмане каля в. Лыскава Гарадзенскага павета. Адносіў яцвягаў да скіфскіх плямён. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Аўтар «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1-9, 1835-41; давёў падзеі да 1569), у 1-м томе якой змясціў табліцу сваіх знаходак. Падаў 1180 год як дату заснавання г. Ліды, што ў прынцыпе пацвердзілі раскопкі 1930-х гадоў. Увёў у навуковы ўжытак “Хроніку Быхаўца” (1846). Ён пісаў не гісторыю дзяржавы, як было прынята ў той час у польскай і расейскай гістарыяграфіі, а менавіта гісторыю народа.
Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Наваградак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі старажытнай міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.
Такім чынам недзе тады, каля 1820-х гадоў, і пачалося лідскае краязнаўства, якое перарасло ў сапраўдную навуку ( 2 тамы Юстына Нарбута, 9 тамоў Тэадора Нарбута).
Следам за Нарбутамі ішоў Вандалін Шукевіч і іншыя краязнаўцы больш дробнага калібру (Уладзіслаў Абакановіч, Каміла Юрэвіч з Нарбутаў, Мірон Браніслаў Нарбут, Аляксандр Макрэцкі, Альжбета Табенская, Апалонія Серакоўская з Далеўскіх, Амелія Даравінская – Бірута, Уладзіслаў Вярыга, Яўстах Шалевіч …).
Недалёка ад лідскага краязнаўства былім і такія слынныя лідскія навукоўцы, як Мацей Догель, Казімір Нарбут і Станіслаў-Баніфацый Юндзіл, які чэрпалі інфармацыю для сваіх навуковых прац таксама і з лідскай гісторыі, і з лідскай прыроды.
Завяршаецца гэтая эпоха разам з канцом ХІХ стагоддзя. Перадаў эстафету новаму пакаленню Вандалін Шукевіч, які пражыў да 1919 года.
Другі этап лідскага краязнаўства разам з пачаткам ХХ стагоддзя пачынаюць малады яшчэ Міхал Шымялевіч, які выдаў у 1905 годзе артыкул «Горад Ліда і Лідскі замак» (1905) і Алена Іваноўская, якая перад 1-й Сусветнай вайной сабрала, а ў 1914 і ў 1924 гадах выдала ў Англіі два зборнікі фальклору з Лідскага павета. Гэты этап ішоў да 1939 года.
У 1926 годзе ў Гародні выйшла паэма “1919 год або Песня пра літоўска-беларускія дывізіі” Камілы Эміліі Макрэцкай, у 30-х гадах з’явілася краязнаўчая паэма “Сукурчы” Вітольда Пілецкага, а вяршыняй гэтага працэсу стала выданне краязнаўчай газеты “Ziemia Lidzka” (“Лідская зямля”), дзе тон задавалі Уладзіслаў Абрамовіч (рэдактар), пасталеўшы на 20 гадоў Міхал Шымялевіч, Аляксандр Снежка і Антон Гржымайла-Прыбытка.
На пачатку 1938 года Лідскаму краязнаўчаму асяродку прысвяціла артыкул віленская газета «Слова». Аўтар артыкула Мечыслаў Ліманоўскі ставіў нашу газету «Лідская зямля» ў шэраг лепшых выданняў такога кшталту: «Ліда не з’яўляецца ўніверсітэцкім горадам, не мае навуковай і артыстычнай эліты. Таму цешымся, што каля фабрычных комінаў, фурчашчых у небе самалётаў і вулічнага тлуму ёсць асяродак, які выдае “Лідскую зямлю”. Мы выдатна ведаем… які гэта цяжкі “цукар” – выдаць 13 нумароў у правінцыі. …Калі думаеш пра вялікіх лідзян, успамінаеш Вандаліна Шукевіча і выкапаныя праз яго курганы, Тэадора Нарбута, каторы быў адным з заснавальнікаў нашай гістарыяграфіі, Юндзіла, у каторага на нагробку было напісана, што быў “гісторыі натуральнай у краі знаўца”. …”Лідская зямля” ўзнаўляе гісторыю, геаграфію, успаміны нашых паўстанцаў… Госці горада бачаць эканамічную актыўнасць жыхароў… Ліда зараз ёсць цэнтрам малога самастойнага арганізму… …Зараз маем выданне, якое інфармуе пра тое, што робіцца на берагах Дзітвы і Лебяды і не лічыць чужым Шчучын. Маем выданне якое ёсць на варце святога агню» .
На пачатку жніўня 1939 г. «Кур’ер Віленскі» паведамляў: «Лідскі аддзел Краязнаўчага таварыства працуе. Краязнаўчае таварыства, выкарыстоўваючы жаданне нашых гасцей з розных частак краю адпачыць летам на нашай зямлі, пачало інтэнсіўную прапаганду краязнаўчай ідэі. Сябры таварыства чытаюць лекцыі ў месцах адпачынку, знаёмяць слухачоў з нашай прыгожай гісторыяй, з яе помнікамі, культурай і сучасным станам гаспадаркі». Тады ж краязнаўцы пачалі рыхтавацца да ўстаноўкі памятнай дошкі па Вандаліну Шукевічу ў Нацкім касцёле.
Лідскія краязнаўцы другой генерацыі, якія гуртаваліся вакол «Лідскай зямлі», зрабілі велізарны, неацэнны ўнёсак у справу пазнання гісторыі нашага краю. Як і ў кожнага чалавека, які піша, у іх павінна была застацца вялікая колькасць ненадрукаваных тэкстаў, тэкстаў у працы, шматлікіх архіваў. На жаль, усё гэта загінула.
Пачынаў краязнаўчую дзейнасць у гэты час і Уладзімір Урбановіч.
Пасля заканчэння 2-й Сусветнай вайны ўзнялася 3-я генерацыя лідскіх краязнаўцаў. Мост паміж другой і трэцяй генерацыямі перакінуў выдатны знаўца нашай гісторыі, аўтар шэрагу грунтоўных тэкстаў, стваральнік музея ў Валеўцы Наваградскага раёна Уладзімір Урбановіч. Напісалі грунтоўныя кнігі і шэраг артыкулаў Юзаф Кардаш, Анатоль Кулеш, Аляксандр Жалкоўскі, Мікола Герасімовіч, Фёдар Кардаш, Янка Жамойцін. Выдаў фальклорны зборнік Земавіт Фядэцкі. Да гэтай пляяды можна аднесці і Міколу Дзікевіча, які быў чалавекам той эпохі, але публікавацца пачаў ужо ў новы час. Быў напісаны шэраг мемуараў. Перыяд савецкага краязнаўства быў няпросты. Вельмі цяжка было з публікацыямі. Кніга Анатоля Куляша была рэдкім выключэннем.
Можна лічыць, што новае дыханне яшчэ на савецкім этапе лідскае краязнаўства атрымала ў 1990 годзе, калі адрадзілася “Ziemia Lidzka”. З’явіліся краязнаўчыя тэксты рэдактара Аляксандра Колышкі, Станіслава Ушакевіча, Леха Макрэцкага, Леха Цехановіча, Ірэны Стасевіч-Ясюковай і іншых. Выдадзена 96 нумароў.
Доктар гебілітаваны Ірэна Стасевіч-Ясюкова заснавала ў гэты час серыю краязнаўчых кніг пра знакамітых лідзян. Каля дзясятка кніг выйшла на польскай і беларускай мове.
Галоўнымі дасягненнямі трэцяй генерацыі з’яўляецца шматгадовае выданне часопіса «Лідскі летапісец» (часопіс выходзіць штоквартальна з 1997 года, рыхтуецца ўжо 108-мы нумар, рэдактар – пісьменнік Станіслаў Суднік) і стварэнне лідскага сайта «Павет» (pawet.net, з 1999 года, рэдактар сайта – пісьменнік Леанід Лаўрэш).
У “Лідскі летапісец” і на “Павет” трапіла нарэшце шмат неапублікаваных раней тэкстаў Анатоля Куляша, Міколы Герасімовіча, Юзафа Кардаша, Фёдара Кардаша, Ірэны Стасевіч Ясюковай. Прайшла кніга Міколы Дзікевіча “Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі”. Ну і пайшлі пасляваенныя даследчыкі: Антось Савук, Уладзімір Хрышчановіч, Уладзімір Круцікаў, Міхась Бурачэўскі. З нумара ў нумар пачаў друкавацца Леанід Лаўрэш, падключыўся Віктар Кудла. Раз-пораз з’яўляюцца тэксты рэдактара Станіслава Судніка пад уласным прозвішчам і пад псеўданімам Яраслаў Грынкевіч. Друкуюцца разавыя тэксты краязнаўцаў з Ліды і з усёй Беларусі, напрыклад, Сяргея Чыгрына са Слоніма. Пасля 2010 года далучыліся Алесь Хітрун і Анастасія Каладзяжная. У “Лідскім летапісцы” быў надрукаваны шэраг мемуараў з розных эпох. Былі апублікаваны два тамы тэтралогіі Ежы Путраманта “50 гадоў успамінаў” у перакладзе Станіслава Судніка, дзе ўтрымоўваецца вялікі краязнаўчы матэрыял пра Лідчыну.
Побач з “Лідскім летапісцам” выходзіць літаратурны зборнік “Ад лідскіх муроў”, дзе друкуюць краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя тэксты Леанід Лаўрэш, Алесь Хітрун, Юрась Пацюпа. Таксама друкуюцца літаратурныя творы гістарычнай і краязнаўчай тэматыкі.
Вялікі аб’ём краязнаўчых матэрыялаў надрукавала газета “Наша слова”, у тым ліку ўсю кнігу Апалоніі Серакоўскай з Далеўскіх “Успаміны” у перакладзе Станіслава Судніка. Газета “Наша слова.pdf” працягвае традыцыі. Толькі што закончана публікацыя ў скароце кнігі Гіпаліта Корвін-Мілеўскага “Успаміны пра 70 гадоў”. Каля 8 гадоў таму назад запрацаваў сайт “Наша слова штодзень” (nslowa.by), дзе размяшчаецца ўся лідская краязнаўчая перыёдыка ў рэжыме pdf/
Часопіс “Лідскі летапісец”, сайт “Павет”, зборнік “Ад лідскіх муроў”, газеты “Наша слова” і “Наша слова.pdf”, сайт Наша слова штодзень” (nslowa.by) паднялі краязнаўства ў Лідзе на такі ўзровень, што ў навукова-гістарычных колах Беларусі загаварылі пра”Лідскую краязнаўчую школу”.
Развіццём дзейнасці на паперы ёсць дзейнасць “на зямлі”.
У 2014 годзе заснаваны Лідскія краязнаўчыя чытанні. У 2024 годзе прайшла 11-я навуковая канферэнцыя. Па выніках кожнай Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы выдае зборнік. У 2025 годзе будзе 12-я канферэнцыя. Наспявае час выдаць усе матэрыялы чытанняў адной кнігай.
У 2017 годзе заснаваны фестываль спеўнага фальклору “Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі” памяці Земавіта Фядэцкага. Прайшлі 4 фестывалі. У 2025 годзе пройдзе 5-ты. У разрэзе фестываляў выдадзены тры фальклорныя зборнікі, якія самі па сабе вынік шырокіх краязнаўчых пошукаў. Рыхтуецца 4-ты зборнік.
Выдадзена шмат краязнаўчых кніг і зборнікаў. так, у 2019 годзе выдадзены зборнік усіх артыкулаў галоўнага прадстаўніка другой генерацыі лідскіх краязнаўцаў Міхала Шымялевіча. Гэтая кніга стала трывалым падмуркам для наступных даследчыкаў Лідчыны.
Выйшлі кнігі Леаніда Лаўрэша, Міколы Дзікевіча і Анастасіі Каладзяжнай.
Лідскія краязнаўцы выступаюць у розных аўдыторыях, папулярызуюць краязнаўчыя веды.
У падрыхтоўцы 108-га нумара ўзялі ўдзел усе асноўныя аўтары: Леанід Лаўрэш, Віктар Кудла, Станіслаў Суднік.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу грандыёзную працу правёў Віктар Кудла. Апытваючы жыхароў вёскі Дворышча і прылеглых вёсачак, ён выкапаў вялікую падборку дакументаў часоў міжваеннай Польшчы. Цяпер яны сталі здабыткам грамадскасці і друкуюцца ў часопісе № 108. Віктар Кудла актыўна папулярызуе “Лідскі летапісец” сярод Арганізацыі вайсковых маракоў і ў рамках Асацыяцыі лідскіх фермераў.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя дзецям” Станіслаў Суднік прэзентаваў кніжачку з 25 вершаў Камілы Юрэвіч з Нарбутаў “Калядкі Камілы Нарбут для кузынак і сябровак на 1852 год”. Матэрыял пра кніжачку друкуецца ў № 108 часопіса.
З вучнямі СШ № 11 г. Ліды (роднай школы аўтара) сустрэўся пісьменнік Леанід Лаўрэш. Пра новую кнігу Леаніда Лаўрэша і гэтую сустрэчу таксама ў нумары часопіса.
У нумары друкуецца завяршэнне перапіскі Тэадора Нарбута з Аніцэтам Рэніерам, працяг успамінаў Яўстаха Шалевіча, працяг перакладу кнігі Юзафа Кардаша “Ліда праўдзівая”, іншыя матэрыялы.
Удзяляецца ўвага 75-годдзю лідскага паэта Міхася Мельніка, які адзначаўся з ініцыятывы аўтара часопіса Алеся Хітруна ў Доме Таўлая.
Такім чынам выхад № 108 “Лідскага летапісца” – годны працяг, але ні ў якім разе не завяршэнне 200-гадовага шляху лідскага краязнаўства.
Станіслаў Суднік.