Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ НАВАГОДНІЯ, ЯК І САМ ПАЭТ, СТАРАМОДНЫЯ

ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ НАВАГОДНІЯ, ЯК І САМ ПАЭТ, СТАРАМОДНЫЯ

4 студзеня 2025, 17:35 літаратура 22
ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ НАВАГОДНІЯ,  ЯК І САМ ПАЭТ, СТАРАМОДНЫЯ

У нашы дні трывожныя

прагнозы асцярожныя

чуваць з усіх кутоў.

Сіноптыкі, астролагі

і знаўцы-палітолагі

з экранаў і гуртоў

сцвярджаюць: навагоднія

надзеі мала годныя –

нібы гульня ў лато.

 

А я свае, лірычныя,

прагнозы паэтычныя,

прапанаваць гатоў –

з гарантыяй нязменнаю,

зусім не летуценнаю, –

ажно на 100 гадоў!

Што бачу я, – адбудзецца,

на 100 адсоткаў збудзецца,

на ўсе, паверце, 100!

 

Няварта нам маркоціцца:

жыццё назад не скоціцца,

не выйдзе за кругі:

крутыя, высачэзныя,

але зусім не цесныя

стагоддзі-берагі.

І ўсё ж крыху палепшае,

таму і рытм для вершыка

я выберу другі…

 

* * *

 

Толькі Новы год сустрэнем –

пойдзе ўсё на новы лад.

Прагу жыць у сэрцы вернем,

будзе новых планаў шмат.

 

З першых дзён, без прамарудкі,

будзем шчыра працаваць

і краіне да мінуткі

час рабочы аддаваць.

 

Адзімуем, не замёрзнем –

хопіць дроў і газу нам,

дый мароз не будзе грозны,

не запозніцца вясна.

 

Сонца будзе крыху болей,

чым у леташнім жыцці.

А зямля нап’ецца ўволю –

дождж часцей будзе ісці.

 

Здзівяць буйным цветам вішні –

хоць да шлюбу іх вядзі.

Будзем з радасцю, увішна

агароды зноў садзіць.

 

Потым прыйдзе час праполкі, –

гэта нельга забываць, –

паасобку ці суполкай

будзем зелле з градак рваць.

 

Не заўважым, як на градах

стануць зыркаць агуркі, –

ох, як будуць вельмі рады

мець закуску мужыкі!

 

Зацвітуць на полі ўроссып

сярод жыта васількі.

Пабяжым мы лугам росным

на купанне да ракі.

 

Будзе сёлета раскоша

ўсім заядлым рыбакам:

кожны дзень лаві хоць кошык –

горш затое чарвякам.

 

Лес па ягады пакліча,

а за імі – па грыбы.

Хто багацце гэта злічыць?! –

тут багач ужо любы!

 

Будзем з пахкім, свежым хлебам,

з караваем для гасцей –

цалаваць вачыма неба

будзем з кожным днём часцей.

 

Зноў парадуе нас бульба,

і гатунак хоць які:

ураджай рэкордны будзе –

насыпай адно ў мяхі.

 

Малака рагулі ўдосталь

будуць круглы год даваць,

будзе нават больш, чым досыць, –

лішкі будзем прадаваць.

 

І з прыплодам ладным будзем –

без скаціны жыць нам як? –

будуць радавацца людзі:

падрастае маладняк.

 

Мацаваць здароўе будзем,

напаткаем менш хвароб,

пра таблеткі ўраз забудзем:

будзем біць хваробе ў лоб.

 

Пазіраць мы меней будзем

на марскія берагі.

Стане болей любы людзям

край наш родны, дарагі.

 

Будуць з ног валіць жанчыны

чарадзейнай пекнатой.

Ой, пазнаюць зух мужчыны! –

у каго і быў прастой.

 

Будзе больш у нас вяселляў –

шмат каму хто будзе люб.

Стане горкім пустазеллем

зарастаць бясшлюбны шлюб.

 

Нараджацца будуць дзеці –

з імі столькі хараства!

Весялейшая на свеце

беларуская дзятва!

 

Азірацца рэдка будзем

на мінулыя вякі:

што мы ў іх цяпер здабудзем? –

мы ж наперад хадакі.

 

Мы наперад будзем крочыць,

не прыпынімся нідзе.

Будзе шчасціць днём і ноччу

беларускай грамадзе!

 

Будзе добра добрым людзям –

вось галоўны мой прагноз.

Пацвярджае гэта Зюзя –

беларускі Дзед Мароз.

З надыходзячым Новым,

2025-м годам!

Іван Карэнда.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску
Грамадства

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

31 ліпеня 2024, 06:1916
Далучайцеся да нас