Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Новае выданне. “Салаўіная радасць” Уладзіміра Васько

Новае выданне. “Салаўіная радасць” Уладзіміра Васько

4 студзеня 2025, 07:49 Выданні 105
Новае выданне. “Салаўіная радасць” Уладзіміра Васько

Напрыканцы 2024 года з друку выйшла новая кніга прозы, вершаў і баек лідскага пісьменніка Уладзіміра Васько. Кніга мае прыгожую назву – “Салаўіная радасць”.

Яна пачынаецца фантастычнай аповесцю “Горад пад вадой”. Яе суправаджаюць у кнізе апавяданні, якія вельмі люблю чытаць. Гэта не проста апавяданні, а жыццёвыя гісторыі, таленавіта аўтарам напісаныя і данесеныя да чытачоў. Некаторыя напісаны з гумарам, чытаюцца лёгка і з захапленнем. Напрыклад, у апавяданні “Здаравяка” аўтар апісвае шыракаплечага і дужага Міколу Аленчыка, які ў маладосці мог падняць зубамі мяшок бульбы. Але жыццё і гады з гэтага здаравякі зрабілі кволага чалавека, які ўсё жыццё любіў выпіць. У канцы апавядання адзін з герояў яго Віця Муха пытаецца: “Ну што, Мікола, перанясеш цяпер у зубах мяшок бульбы цераз хату?”. І Мікола сумна адказвае: “Не. Засталіся толькі два зубы і тыя калываюцца…”.   І падобных апавяданняў у кнізе шмат, якія адразу запамінаюцца.

Трапіла ў кнігу і рэцэнзія Уладзіміра Васько на кнігу Алеся Карлюкевіча “Урокі сяброўства. Беларуская літаратура ў свеце” (Мінск, 2017). Хаця, гэта мог бы быць асобны апошні раздзел кнігі, калі б туды аўтар уключыў і яшчэ некалькі рэцэнзій на беларускія выданні. А вось у раздзеле “Проза” гэта рэцэнзія неяк выпадае з вязанкі добрай і цікавай аповесці і апавяданняў.

У кнізе “Салаўіная радасць” аўтар парадаваў чытачоў і сваімі новымі вершамі. Праўда, гэта даволі сур’ёзныя паэтычныя радкі, напісаныя пра сённяшні час і пра ўсё тое, што адбываюцца вакол нас. А вось чытаючы самапародыю аўтара чытач шчыра ўсміхнецца:

Няхай мяне цунамі абміне:

Іду праз акіян паэзіі ўброд.

Хоць прозвішча кашачае ў мяне,

Ды і мурлыкаю, як Васька-кот.

 

Іншыя вершы авеяны думкамі пра сваё ўласнае жыццё, пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Аўтара хвалюе вайна, якая трывожыць народы, ён крытыкуе ваенныя дзеянні ва ўсім свеце, з пагардай адносіцца да яе: “найгорш, калі ўзрывы снарадаў грымяць…”, “лыпае Зямля трывожнымі вачыма, паратунку просіць у людзей”.   

У іншых паэтычных радках Уладзімір Васько крытыкуе паэтаў-графаманаў, яго хвалюе тое, што ў “мастацтве трывалы застой”, што занядоліла штосьці жыццё…”, што “абрыдла падлічваць капейкі, штодня эканоміць на ўсім…” і г.д.

Цяпер рэдка хто з беларускіх паэтаў піша байкі. А раней іх шмат друкавалася на старонках газет і часопісаў, ды і людзі іх любілі чытаць, дэкламаваць са сцэны. Баечныя творы пакінулі нам у спадчыну Францішак Багушэвіч, Альгерд Абуховіч, Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Уладзімір Корбан, Эдуард Валасевіч і іншыя беларускія паэты.

Уладзімір Васько любіць гэты жанр, ён баек піша шмат. Галоўныя героі іх – пчаляр, мядзведзь, ліса, дзед, пацук, варона, крот, воўк, каршун, львы, буйвалы, малпы, камары і г.д. Аўтар адкрывае шлях да новага ўздыму баечнага жанру, а гэтаму дапамагае яму жывая рэчаіснасць, якая падказвае новыя тэмы і вобразы. Для сваіх твораў паэт знаходзіць канкрэтныя характары ў жыцці, яскравыя сатырычныя тыпы. Адначасова праз іх у алегарычнай форме высмейваюцца розныя чалавечыя заганы:

Мо й між людзей дзе мухаморы ёсць,

Якія ў свядомасці, бы ў горле косць. 

 

Разважаць над кожным творам Уладзіміра Васько з яго новай кнігі “Салаўіная радасць” можна доўга. Але, найперш, радуе тое, што яны пішуцца і прыносяць задавальненне тым, хто цікавіцца сёння літаратурай.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Каляды.  Беларускія народныя звычаі
Культура

Каляды. Беларускія народныя звычаі

21 снежня 2023, 10:2020
Новае выданне. "Салаўіная радасць" Уладзіміра Васько
Выданні

Новае выданне. "Салаўіная радасць" Уладзіміра Васько

4 студзеня 2025, 07:4919
Творы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш на паштовых марках
Выданні

Творы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш на паштовых марках

25 студзеня 2025, 08:0716
Імі ганарыцца старажытны Мсціслаў
Навука

Імі ганарыцца старажытны Мсціслаў

12 мая 2020, 08:3315
Далучайцеся да нас