19 лістапада споўнілася 240 гадоў з дня нараджэння славіста, арыенталіста, палеографа, гісторыка, бібліяфіла, філосафа, святара, які стаяў каля вытокаў сусветнага славяназнаўства, спрыяў узнікненню беларусазнаўства, першага беларускага скарыназнаўца, сябра Археалагічнай акадэміі ў Рыме Міхала Баброўскага (1784-1864).
Нарадзіўся Міхал Баброўскі ў сям’і ўніяцкага святара Кірыла Баброўскага на Беласточчыне. Баброўскія паходзілі са старажытнага шляхецкага роду, прадстаўнікі якога валодалі маёнткамі паміж Драгічынам, Мельнікам і Бельскам. Аднак сям’я святара Кірыла жыла ў беднасці, у чым і праявіўся характэрны ўклад жыцця ўніяцкага святарства. У сям’і святара Кірыла было пяцёра сыноў, але тры з іх памерлі яшчэ ў дзяцінстве. Для двух сыноў, якія засталіся, – старэйшага Іосіфа і сярэдняга Міхала – бацька нічога не шкадаваў, шмат сіл уклаў у іх адукацыю. Вынікі дбанняў Кірыла Баброўскага пераўзышлі ўсе яго чаканні. Добрыя пачаткі трывала ўкараніліся ў свядомасці яго сыноў.
Першыя веды Міхал атрымаў ад бацькі. Потым працягваў адукацыю ў Клешчальскай школе царкоўнаслужкаў. Гэтая школа рыхтавала ўніяцкіх клірыкаў.
У 1797-1803 гадах Міхал Баброўскі вучыўся ў Драгічынскім вучылішчы піяраў, дзе атрымаў веды па матэматыцы, гісторыі і латыні, вывучаў французскую, нямецкую, грэчаскую мовы і латынь.
Пасля вучылішча юнак паступіў у Беластоцкую гімназію, за вучобу атрымаў срэбны медаль. Затым быў Віленскі імператарскі ўніверсітэт, дзе ён вучыўся на багаслоўскім факультэце. А калі закончыў факультэт, беларус атрымаў ступень магістра багаслоўя. Пры гэтым юнак яшчэ наведваў курсы правазнаўства і стаў магістрам грамадзянскага і крымінальнага правоў.
У 1814 годзе Міхал Баброўскі пачаў працаваў на кафедры Свяшчэннага Пісання ва ўніверсітэце. Як здольнага выкладчыка яго адправілі ў творчую камандзіроўку за мяжу. На працягу пяці гадоў Баброўскі знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі, Чэхіі, Італіі, Францыі, Славеніі, Далмацыі. Там ён вывучаў Свяшчэннае Пісанне, археалогію і славянскія мовы. Да славянскіх моў дабавіў яшчэ ідыш, арабскую, сірыйскую і хал-дзейскую мовы. Пасля замежных камандзіровак Міхал Баброўскі значна больш пашырыў свой навуковы кругагляд і веды.
Калі Міхал Баброўскі вярнуўся з замежных камандзіровак, ён пачаў працаваць у Віленскім універсітэце. І якраз у гэты час трапіў у хвалю палітычных выступленняў філарэтаў і філаматаў. За абарону студэнтаў выкладчык быў звольнены з універсітэта і высланы ў Жыровічы. Там пад наглядам духоўнага начальства вучоны два гады жыў у Жыровіцкім базыльянскім манастыры. Ён вывучаў свае запісы, даследаванні, матэрыялы рознага кшталту.
У 1826 годзе Міхал Баброўскі вярнуўся ў Віленскі ўніверсітэт, дзе выкладаў біблейскую археалогію і стараславянскую мову.
У 1823 годзе Міхал Баброўскі ва ўніяцкім базыльянскім манастыры ў Супраслі адшукаў Супрасльскі кодэкс (рукапіс) – помнік раннеславянскай літаратуры XI стагоддзя. Гэта найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс, які захаваўся да нашых дзён. Першая частка яго захоўваецца ў Нацыянальнай і ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Любляне, а другая – у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.
Супрасльскі рукапіс у 2007 годзе быў уключаны ў спіс “Помнікі свету” міжнароднага праекта ЮНЕСКА.
У Супрасльскай бібліятэцы Міхал Баброўскі пазнаёміўся з кнігамі Францішка Скарыны, звесткі пра якога збіраў усё жыццё. Вучоны адкрыў для беларускай і еўрапейскай навукі імя беларускага друкара, тым самым стаў першым скарыназнаўцам.
Міхал Баброўскі таксама збіраў матэрыялы пра дзейнасць Швайпольта Фіоля, Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Склаў навуковае апісанне старажытных кірылічных і глаголічных помнікаў славеснасці, якія захоўваюцца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры. Ён спрыяў узнікненню асобнага накірунку ў гуманітарных навуках – беларусазнаўства, абуджэнню сярод еўрапейскіх навукоўцаў цікавасці да гісторыі беларусаў.
Свядомасць кожнага чалавека падвержана зменам. Гэта датычыцца і этнічнай свядомасці, асабліва ў эпоху, калі нацыянальныя рухі толькі зараджаліся. Міхал Баброўскі, напрыклад, у лістах да сваіх сяброў часцей за ўсё вызначаў сябе як русін (“Ruthenus”) – усяго 4 выпадкі і адзін раз – як паляк (“Polonus”). Характэрна, што назва “русін” ужывалася ім як аднапарадкавая “мазуру” (так ён называў І. Лелевеля) і “падлясяніну”. Такое самавызначэнне характэрна для перыяду 1819-1828 гадоў.
Уладзіслаў Талочка ў сваім артыкуле “Да справы нацыянальнасьці прафэсара М. Баброўскага” (Часопіс “Калосьсе”, Вільня, 1935, № 4) пісаў: “Поўная супярэчнасьці асоба праф. М. Баброўскага, а так жа й справа яго нацыянальнасьці, чакае яшчэ на выясьненьне. Сёння можам толькі сказаць, што хоць М. Баброўскі паходзіў з зямель беларуска-украінскіх, хоць часам называў сябе тады для беларусаў і ўкраінцаў назовам Ruthenus – Русін, а часам нават Паляком, то аднак усёй сваёй дзейнасцяй і навуковай працай, усім сваім жыцьцём ад моладасьці да сьмерці быў цалком зросшыся з лёсам беларускага народу”.
Разам з Ігнатам Даніловічам Міхал Баброўскі быў адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Даследчык сабраў багатую бібліятэку, што стала першым спецыяльным зборам помнікаў беларускай старадрукаванай літаратуры. Асобныя кнігі з яго калекцыі зберагаюцца ў сховішчах Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Пры жыцці вучонаму ўдалося надрукаваць толькі некалькі сваіх прац. Частка рукапіснай спадчыны знікла адразу пасля смерці Міхала Баброўскага, другая трапіла да бібліяфіла Уладзіслава Трамбіцкага, а потым разышлася па розных сховішчах. Большасць яе загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Уцалелі толькі асобныя лісты, нататкі, матэрыялы Баброўскага, якія зберагаюцца ў зборах Вільні, Кракава, Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга.
Паколькі ўніяцтва пасля 1839 года было забаронена, Міхал Баброўскі прыняў праваслаўе і стаў пружанскім дабрачынным, правіў набажэнствы ў Прачысценскай царкве (не захавалася). Свае казані і навуку да вернікаў прамаўляў на мясцовай гаворцы. Цікава, што паводле беларускіх аўтараў, ён прамаўляў казані па-беларуску, а паводле ўкраінскіх – па-ўкраінску. Таму і тыя, і тыя гісторыкі лічаць Баброўскага правадыром свайго нацыянальнага адраджэння.
Святар, празаік, публіцыст, перакладчык, паэт, магістр тэалогіі Плакід Янкоўскі (1810-1972) любіў пісаць некралогі. Ён разглядаў асобы, якія памерлі, на шырокім гістарычным фоне ў цеснай сувязі з рэальнымі падзеямі і асобамі. Пра Міхала Баброўскага ён напісаў вялікі артыкул, які часта перадрукоўваецца да сённяшніх дзён, і на які спасылаюцца многія даследчыкі, што пішуць пра Баброўскага. А калі не стала Міхала Баброўскага Плакід Янкоўскі асабліва адзначыў прыгожую шляхецкую душу Баброўскага, успрыімлівасць сэрца, бадзёры і мэтанакіраваны характар…
Памёр Міхал Баброўскі ад халеры. Пахаваны на могілках у Шарашове Пружанскага раёна.
Сяргей ЧЫГРЫН.