У Доме Валянціна Таўлая прайшло мерапрыем-ства “У згодзе быць хачу са светам”, прысвечанае лідскаму паэту Міхасю Мельніку, якому зусім нядаўна споўнілася 75 год.
Павіншаваць юбіляра сабраліся прыхільнікі яго творчасці, аматары паэзіі, калегі і неабыякавыя людзі, якія знаёмыя з грамадскімі справамі, арганізаванымі ў свой час для горада Ліды Міхасём Іванавічам.
Ад калектыва Лідскага гістарычна-мастацкага музея павіншавала творцу дырэктар Хацяновіч Наталля Аляксандраўна. Яна ўручыла яму Падзячны ліст за плённую працу на ніве літаратурнага краязнаўства і папулярызацыю гістарычна-культурнай спадчыны Гарадзеншчыны.
Трэба зазначыць, што Міхась Мельнік адзін з тых, хто спрыяў адкрыццю Дома Валянціна Таўлая, потым жа папоўніў фонды – сюды ён перадаў значную колькасць матэрыялу пра вядомых дзеячоў літаратуры і культуры не толькі Лідчыны, але і самой краіны. З часу адкрыцця Дома Таўлая ў яго памяшканнях Міхась Іванавіч праводзіў пад сваім кіраўніцтвам пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Быў час, калі ён нават працаваў вартаўніком у доме-музеі, дзе нараджаліся ў яго новыя і новыя творы, якія потым знайшлі сваё месца ў чарговай кнізе “З табою”, прэзентацыя якой, між іншым, таксама была тут арганізавана.
Можа, нават не кожны жыхар горада ведае, што адным з ініцыятараў адкрыцця помніка беларускаму першадрукару Францішку Скарыну з’яўляецца Міхась Іванавіч.
Аб гэтым і не толькі было сказана на мерапрыемстве. Пра шаноўнага паэта-юбіляра прысутныя даведаліся больш праз прадстаўленыя храналагічныя фотаздымкі, якія дэманстраваліся на экране, што дапамагло акунуцца ўсім аж у дзяцінства паэта і да сённяшняга дня. З кім толькі не сустракаўся ён! З Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком, Данутай Бічэль-Загнетавай, Янкам Брылём, Паўлюком Пранузам, Васілём Зуёнкам, Нілам Гілевічам, Анатолем Вярцінскім, Вольгай Іпатавай, Іванам Лепешавым і іншымі вядомымі пісьменнікамі Беларусі, з якімі праводзіў цёплыя і запамінальныя сустрэчы.
На яго словы створаны песні гарадзенскімі і лідскімі кампазітарамі Яўгенам Петрашэвічам, Вячаславам Пыпецем, Святланай Мазітавай… У гэтым змаглі ўпэўніцца прысутныя на мерапрыемстве, паслухаўшы аўдыёзапісы.
Адназначна, гучалі і вершы з вуснаў самога юбіляра. Гэтыя творы ён плануе змясціць пад вокладкай чарговага зборніка. Сябры-паэты ў сваю чаргу таксама не засталіся ў баку, яны пажадалі майстру прыгожага пісьменства моцнага здароўя, самых лепшых даброт, не спыняцца, пісаць і натхняць іншых на стварэнне літаратурных твораў, якія ўвайшлі б таксама ў скарбонку рэгіянальнай беларускай літаратуры.
Алесь Хітрун.