(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Кот
Развітаўшыся з вавёркай вернемся назад да мышы.
Ужо многія тысячагоддзі побач з мышамі па жыцці ідуць каты. Прыблізна з таго самага часу, калі мышы пачалі складаць для чалавека сур’ёзную праблему, з’ядаючы ўраджаі збожжа, якое людзі навучыліся вырошчваць на палях і спрабавалі захоўваць яго на зіму. Для захаванасці збожжа людзі прыдумвалі самыя розныя сродкі: каменныя пасудзіны, керамічныя амфары, драўляныя скрыні і бочкі. Нарэшце егіпцяне дадумаліся прыручыць трысняговых катоў, якія аказаліся вельмі эфектыўным сродкам.
Кот (лат. Felis catus) – хатняя жывёла, адна з найболей папулярных (нароўні з сабакам) “жывёл-кампаньёнаў” чалавека.
З пункту гледжання навуковай сістэматыкі, хатні кот – сысун сямейства каціных атрада драпежных. Адны даследнікі разглядаюць хатняга ката як падвід дзікага ката, іншыя – як асобны біялагічны від.
З’яўляючыся адзінкавым паляўнічым на грызуноў і іншых дробных жывёл, кот – сацыяльная жывёла, які выкарыстоўвае для зносін шырокі дыяпазон гукавых сігналаў, а таксама ферамоны і рухі цела.
У наш час у свеце налічваецца каля 600 млн хатніх катоў, выведзена каля 200 парод, ад даўгашэрсных (персідскі кот) да пазбаўленых поўсці (сфінксы), прызнаных і зарэгістраваных рознымі феліналагічнымі арганізацыямі.
На працягу дзесяці тысяч гадоў каты шануюцца чалавекам, у тым ліку за здольнасць паляваць на грызуноў і іншых хатніх шкоднікаў, а таксама за здольнасць забаўляць і здымаць стрэс
Значэнне і этымалогія слова “кот”.
У беларускай мове слова “кот” азначае або прад-стаўніка біялагічнага віду Felis catus наогул незалежна ад полу, або самца гэтага віду. Самку завуць “кошка”, а дзіцяня кошкі – “кацяня” (мн. л. “кацяняты”). У некаторых мясцінах Беларусі заміж слова “кошка” ўжываюць слова “котка”.
Слова “кот” у беларускай мове з’яўляецца агульным для віду. На некалькіх катоў і кошак кажуць: “Каты”, – як і: “Ваўкі”, “Зайцы”, “Коні” і г.д. У рускай мове агульным словам з’яўляецца “кошка”. Там на некалькі катоў і кошак скажуць: “Кошки”, прынамсі ў літаратурнай мове, бо ў рэгіёнах сустрэнеш рознае.
Слова “кот” з’яўляецца роднасным лат. cattus (так, у позняй латыні, пачынальна з V стагоддзя, у адрозненне ад класічнага лацінскага felis) і блізкім назвам у шматлікіх мовах Еўропы і Блізкага Усходу (ангел. cat, арм. katu, гал. cath, ірл. catt, ісп. gato, італ. gatto, рут. gyat, лезг. кац, літ. katе, ням. Katze, нуб. kadis, пруск. catto, фр. chat). Пер-шапачатковая крыніца невядомы, але прынята лічыць, што ў многія мовы слова патрапіла з лацінскай.
Некаторыя даследнікі мяркуюць, што ў аснове слоў розных індаеўрапейскіх моў, якія пазначаюць ката, ляжыць праіндаеўрапейскі корань kat-, ад якога пайшлі дзеясловы індаеўрапейскіх моў, што абазначаюць “каціцца”, ад якіх пазней адбыліся назвы дзіцянятаў дробных жывёл на індаеўрапейскіх мовах. Іншыя даследнікі лічаць такую сувязь другасным збліжэннем.
Гукапераймальнымі, блізкімі беларускаму “мяў”, з’яўляюцца назвы ката ў старажытнаегіпецкай (mj.w) і кітайскім мовах (mаo).
Што тычыцца славян, то, безумоўна, яны маглі ведаць і катоў, і іхнюю назву ў часы індаеўрапейскай еднасці. Прынамсі ў Хетскім царстве каты павінны былі быць. Але ў перыяд вандроўнага (качавога) перыяду нашай індаарыйскай гісторыі кот нашым продкам не быў патрэбны, і яго не было пры людзях.
У кнізе “Старая казка” Юзафа Ігнацы Крашэўскага распавядаецца, як падчас грамадзянскай вайны ў Польшчы недзе ў 9-м стагоддзі нашай эры мышы вырашылі зыход вайны, з’еўшы ўсе прыпасы ў княскім замку князя Попела ІІ. Польскія легенды апавядаюць, што мышы з’елі і самога Попела. Але бліжэйшай да праўды падаецца версія Крашэўскага, па якой мышы з’елі ўсё-такі прыпасы. Па ўсім відаць – катоў у замку не было.
Пра малую колькасць катоў у нашым краі на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў сведчыць і той факт, што ў 10-м стагоддзі ў Берасці за забойства ката давалі штраф у два разы большы, чым за забойства каня.
Кот як свойская жывёліна павольна распаўсюджваўся з Еўропы па краях Вялікага Княства Літоўскага, спачатку па дварах магнатаў, потым па дварах шляхты, і дайшоў-такі да сялян. Таму назву кот таксама трэба разумець як прышлую з Еўропы, а менавіта ад лацінскага cat.
Гэтае слова cat пажартавала над польскім пісьменніка Станіславам Мацкевічам. У свой час ён так захапіўся апавяданнем Кіплінга “Кот, які гуляе сам па сабе”, што вырашыў узяць сабе за псеўданім ангельскае слова Cat – Кот. Узяў, і пачало яго літаратурнае прозвішча пісацца Cat-Mackiewicz. Пісацца то так, але недасведча-ныя палякі пачалі чытаць, як напісана, і чытаць па-польску, а не па-ангельску. Таму атрымалася Цат-Мацкевіч. Ну так і засталося.
У першай палове ХХ стагоддзя ў Беларусі не было вялікай колькасці відаў і падвідаў катоў. Былі проста каты, пушыстыя называліся ангорскімі, пазней з’явіліся персідскія. Колерам асаблівага значэння не прыдавалася, выдзяляліся хіба-што рыскі трохколерныя бела-жоўта-рудыя ці трохі інакшае спалучэнне. Назву рыскі атрымалі ад рыся, які падобных колераў.
Словы кот і кошка паступова праніклі ў іншыя сферы.
Так з’явіліся жывёлы марскія коцікі, пасля з’віліся і “Марскія коцікі” – вайсковыя падраздзелы спецыяльнага прызначэння.
Коцікамі называюць пушыстыя суквецці на вярбе і на аеры.
Ёсць спецыяльны крук на караблях пад назвай кошка. У беларускіх вёсках падобны крук называюць ваўком.
Мадзведзь і мішка
Гэтыя два сдовы ўжываюцца ў беларускай мове паралельна, як і ў расейскай. Мядзведзь, мядзведзік, медзведзяня, Мішка, Мішутка, Міхаіл Патапыч. Цукеркі “Мішка на поўначы”.
Дык, як здарылася што мядзведзь атрымаў такое імя. Ці ўсё заключаецца ў тым, што словы мядзведзь і Мішка пачынаюцца з адной літары, ці гэта прыдумка казачнікаў? Адказ хаваецца, як заўжды, на паверхні.
Дзесьці ў пачатку “Металігвістыкі” мы ўжо згадвалі, што першапачатковая назва таго звера, якога мы зараз называем мядзведзем у многіх індаеўрапейскіх мовах гучыць як “бэр”. Гэтае слова захавалася ў нямецкай мове. Нам ад бэра засталіся словы “бярлог” і “бярлога”– логава мядзведзя. Акадэмічны слоўнік фіксуе абодва гэтыя словы і шэраг вытворных. На Нясвіжчыне бытавала слова “бярлог”. І яно ўжывалася не толькі ў значэнні логава мядзведзя. Калі свіння збіралася апарасіцца, то таксама рыхтавала нешта накшталт логава. Тады казалі: “Робіць бярлог”.
Мядзведзь быў для старажытных людзей надзвычай страшным зверам, асабліва пячорны, які мог расправіцца з цэлым родам. Лішні раз называць яго імя проста было табу, забарона, як зараз не прынята лішні раз згадваць нячыстую сілу. Таму слова “бэр” замянялі рознымі іншамаўленнямі, якімі можна было даць зразумець пра каго ідзе гаворка, але само імя не вымаўлялася. Старажытны чалавек цвёрда верыў, што так ён абяражэцца ад злога духа. Славяне ўтварылі назву звера ад яго выключнай асаблівасці – любові да мёду. Той хто ведае мёд – мядзведзь. Гэтая назва добра захавалася ў беларускай і расейскай мовах. У польскай мове гэтае слова ўжо відазмянілася ў niedzwiedz. Амаль захаваўшы гучанне, слова страціла сваю сэнсавую нагрузку, бо мёд і ў польскай мове miod.
I вось час падысці да слова мішка. Але пойдзем мы да гэтага слова не праз санскрыт, а праз мову значна больш блізкую. На летувіскай мове мядзведзь у адным з маўленняў гучыць, як мэшка (meska). Ёсць у летувісаў і іншая назва для гэтага звера: lokis (локіс). На нейкім этапе балта- славянскіх кантактаў славянам аказалася недастат-ковым для бэра мець адну назву мядзведзь і яны запазычылі балцкае мэшка. I вось гэты бэр пад назвай мядзведзь-мэшка і стаў мядзведзем-мішкам. Гэтага мішку і запазычылі ў нас расейцы. У Расеі гэтае слова стала чуць не асноўным найменнем мядзведзя. А можа не мы ў балтаў, а яны ў нас запазычылі гэтае слова і ўжо з мішкі зрабілі мэшку? Так не атрымоўваецца. Слова мішка ў славянскіх мовах, прынамсі ў беларускай і расейскай не з’яўляецца прадукцыйным. Яно не стварае гнязда словаў. Утой жа час у летувіскай мове мы маем мэшкінінкас – мядзвядзятнік, мэшкюкас – мядзведзяня, мэшкервірвэ – лясы, мэшкенас – янот. На гэтым можна было б і скончыць, але слова, як тая сцяжынка ў лесе, віляе, віляе і адкрывае ўсё новыя і новыя краявіды. Светлай памяці Іван Ласкоў, даследуючы тапаніміку і асабліва гідраніміку Беларусі, даволі пераканаўча паказаў, што часціца -ва ў гэтых тапонімах абазначае вада, рака і па-паходжанні належыць да вугра-фінскай моўнай групы. Правядзём невялічкі эксперымент. Возьмем нашага мэшку без канчатка і дадамо гэтае -ва. Што атрымалася? Мэшк+ва=Мэшква. Нічога не нагадвае? Безумоўна, атрымалася Масква, над разгадкай паходжання назвы якой б’ецца не адно пакаленне даследчыкаў. А разам з тым існуе старажытная легенда, што назва Масквы-ракі абазначае мядзведзіца. Як бачым, усё кладзецца адно да аднаго. Угэтым артыкуле мы не высветлім да канца паходжанне гэтага мэшкі: балцкае яно, вугра- фінскае ці яшчэ чыё, але з паходжаннем слова мішка ўсё ясна. Гэта не ўласнае імя мядзведзя, гэта сінонім слова мядзведзь.
(Працяг у наступным нумары.)