Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Слынны перакладчык замежнай класікі

Слынны перакладчык замежнай класікі

19 лістапада 2024, 19:26 літаратура 97
Слынны перакладчык замежнай класікі

16 лістапада споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратара і перакладчыка Язэпа Семяжона (1914-1990)

Нарадзіўся Язэп Семяжон у вёсцы Пятровічы Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён) у сям’і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы працаваў рахункаводам у калгасе “Перамога”. У 1931 годзе юнак паступіў на драматургічныя курсы ў Менску і праз некаторы час стаў акцёрам Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-3). Быў знаёмы з акцёрам, рэжысёрам і драматургам Уладзіславам Галубком, напісаў пра яго шчырыя ўспаміны.

 У 1934-1938 гадах Язэп Семяжон вучыўся ў Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Але далейшы свой лёс ён звязаў з вайсковай справай: быў курсантам афіцэрскай школы ў Маскве, камандзірам звяза разведвальнага палка. Ваяваў на савецка-фінляндскай вайне, дзе атрымаў раненне. На Заходнім фронце ў 1942-1945 гадах быў ваенным перакладчыкам, меў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны працаваў перакладчыкам у Беларускай вайсковай акрузе. З 1953 года Язэп Семяжон выкладаў замежныя мовы ў Менскім вайсковым вучылішчы, потым у Беларускім дзяржаўным універсітэце, адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса “Беларусь”.

Першы вершаваны твор Язэп Семяжона “Ударная камсамолка” пад псеўданімам “Яз. Азім” быў надрука-ваны ў 1931 годзе ў шаснаццатым нумары часопіса “Беларуская работніца і сялянка”.

Большую частку спадчыны Язэпа Семяжона складаюць пераклады з заходнееўрапейскіх моў (творы Брэхта, Гейнэ, Дантэ, Радары, Пецёфі) і іншых. Аднак найбольш вялікую каштоўнасць уяўляюць пераклады з англійскай мовы творы Байрана, Блейка, Уітмена, Кітса. Асаблівае значэнне мела ўзнаўленне паэзіі Роберта Бёрнса (песні, вершы, эпіграмы) і драматургіі Уільяма Шэкспіра (камедыі “Утаймаванне наравістай”, “Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце”, трагедыя “Кароль Лір”).

Значнае месца ў дзейнасці Язэпа Семяжона займалі пераклады твораў рускіх, украінскіх і польскіх пісьменнікаў. Шмат увагі аддаў пісьменнік перакладам паэтычных твораў Адама Міцкевіча. Дзякуючы яго намаганям па-беларуску загучалі вершы і санеты славутага паэта, паэма “Пан Тадэвуш”. Сапраўднай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стаў пераклад лацінамоўнай паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, за што перакладчык атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы ў 1982 годзе.

Сапраўды ўражвае колькасць замежных аўтараў, творы якіх былі перакладзены Язэпам Семяжонам. Толькі ў зборнік “Сем цудаў свету” (1977) увайшлі творы 69 паэтаў, якія пісалі на 13 мовах. Трэба адзначыць, што ўсе яго пераклады адзначаюцца дакладным адлюстраваннем сэнсава-вобразнай структуры арыгінала, умелым выкарыстаннем скарбаў роднай мовы.

Паводле СМІ.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5917
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0416
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Далучайцеся да нас