Так сталася, што пасля закрыцця папяровага “Нашага слова” і пераходу газеты ў электронны фар-мат “Наша слова.pdf” з яе старонак практычна зніклі “моўныя” матэрыялы. Прычынаў тут шмат. Прафесары старой школы, якія цесна супрацоўнічалі з “На-шым словам”, проста паўміралі. Мовазнаўцы новага пакалення, мабыць, ці маюць дастаткова магчымасцяў друкавацца ў больш прэстыжных выданнях, ці проста не ведаюць пра “Наша слова.pdf” або, магчыма, і не прызнаюць за газету. А, можа, навукоўцы лічаць, што пра беларускую мову ўжо ўсё напісана, а між тым патрэба ў матэрыялах пра мову відавочная. Таму і пачынаецца серыя артыкулаў “Беларуская металігвістыка”.
Пачнём з назвы. Як толькі мы гаворым “мета-”, у памяці ўсплывае “Метафізіка” (ад стар.-грэч. – “тое, што после фізікі”). Першапачаткова слова “Метафізіка” выкарыстоўвалася як пазначэнне зборніка 14 кніг Арыстоцеля з развагамі пра першапрычыны (“першыя роды існага”), што засталіся пасля яго ў неапрацаваным выглядзе, у выданні філасофскіх прац, падрыхтаваным Андронікам Радоскім, размешчаных пасля (мета) арыстоцелевай “Фізікі” – такім чынам яны атрымалі сваю назву.
Лінгвістыка або Мовазнаўства (фр.: linguistique ад лац.: lingua – мова) – навука аб будове, функцыянаванні і развіцці моваў свету.
Гэта навука аб натуральнай чалавечай мове наогул і аб усіх мовах свету як індывідуальных яе прадстаўніках. У шырокім сэнсе слова, лінгвістыка падзяляецца на навуковую і практычную. Часцей за ўсё пад лінгвістыкай маецца на ўвазе менавіта навуковая лінгвістыка. З’яўляецца часткай семіётыкі як навукі аб знаках.
Лінгвістыкай прафесійна займаюцца навукоўцы – лінгвісты.
Паводле метадаў, спосабаў і мэтаў даследавання падзяляецца на агульную і прыватныя (што займаюцца канкрэтнымі мовамі), тэарэтычную і прыкладную. Лінгвістыка вывучае не толькі існыя (якія існавалі або магчымыя ў будучыні) мовы, але і чалавечую мову наогул.
Беларуская лінгвістыка – гэта грандыёзны пласт навукі. Гэта многія сотні, калі не тысячы, дысертацый. Гэта сотні слоўнікаў і многія тысячы навуковых артыкулаў. Гэта зборнік “Беларуская лінгвістыка”. Часопіс уключае артыкулы айчынных даследчыкаў, прысвечаныя актуальным пытанням беларускага мовазнаўства. Праблемы функцыянавання беларускай мовы разглядаюцца на лексічным, словаўтваральным, фанетычным і марфалагічным узроўнях. Пэўнае месца займаюць артыкулы па пытаннях лексікаграфіі, семантыкі, медыятэксту, фразеалогіі, запазычвання, гісторыі беларускай мовы У 2023 годзе выйшаў 90-ты выпуск. Гэта іншыя часопісы і газеты, якія ў тым ці іншым разрэзе пішуць пра мову, як гэта рабіла тое ж “Наша слова”.
Дык ці можна яшчэ нешта сказаць па тэме беларускага мовазнаўства? Канешне, можна. Беларускае мовазнаўства бясконцае, як Космас. Але мы не збіраемся бегчы навыперадкі з дацэнтамі і кандыдатамі ў дасле-даванні нейкіх тэм ці з’яў. Нам будзе дастаткова таго, што не ўвайшло і не ўвойдзе ў дысертацыі, што адкінута на ўзбочыну даследаванняў як малаважнае і сумніўнае.
Такім чынам пад загалоўкам “Беларуская металігвістыка” мы паспрабуем сказаць пра беларускую мову не нешта недасказанае, не нешта новае, а проста глянуць на многія моўныя з’явы пад іншым вуглом, пры іншым асвятленні, каб убачыць іншыя дэталі і рысы.
Спачатку было слова…
“На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам”.
Ні ў якім разе нават не паспрабуем упасці ў ерась і неяк аспрэчыць ці ўдакладніць гэты пастулат. Тут Слова пішацца з вялікай літары і мае мноства значэнняў, многія з якіх схаваны ў глыбіні тысячагоддзяў.
Калі ж мы ў наш час напішам слова з малой літары, то будзем мець на ўвазе ці то ваганні паветра (вады) пад уздзееннем гукавых хваляў, ці то знак (набор знакаў) на скале, паперы або экране кампутара. І вось перад гэтым словам заўсёды стаяць думка, эмоцыя, рэакцыя, інстынкт. Гэтае слова ўжо другаснае і ёсць выражэннем дзейнасці мозгу ў асноўным з мэтай перадачы вынікаў гэтай дзейнасці іншым.
Усё жывое ад пачатку нясе ў сабе інфармацыю. У спрошчаным выглядзе пад гэтай інфармацыяй мы разумеем малекулу ДНК. Магчыма, малекула ДНК і ёсць тым Словам, якое ёсць Бог. Але гэта толькі з агаворкай “магчыма”. І ўсё жывое імкнецца гэта слова, гэтую інфармацыю перадаць будучым пакаленням. Пад уздзееннем знешніх абставінаў інфармацыя будзе скажацца, змяняцца, будуць адбывацца мутацыі, і будзе ісці эвалюцыя.
Адзін прыклад.
У Ціхім акіяне ўзнік каралавы востраў. Стаяў той востраў голы і занядбаны, пакуль вецер не занёс туды зярнятка фікуса. Адно зярнятка. Праз пэўны час востраў быў увесь зялёны. Тут раслі пальмы, дрэвы, кусты, трава. Але і пальмы, і дрэвы, і кусты, і трава – усё гэта быў той жа фікус, з той жа ДНК, якая нязначна змянілася ў розных абставінах, а ў выніку з’явіўся поўны прыродны комплекс.
Тым не менш, пры наяўнасці тэндэнцый да зменаў і мутацый кожны жывы арганізм рашуча супраціўляецца любому знешняму ўздзеянню, асабліва таму, якое можа прынесці шкоду, запаволіць развіццё, скалечыць, зусім забіць. Прырода выпрацавала ў жывых арганізмаў рэакцыю на гэтае ўздзеянне. І гэтая рэакцыя – боль. Забалела – значыць ёсць пагроза, ёсць небяспека. Можна спрачацца, ці баліць дрэвам ды іншым раслінам, але вышэйшым істотам ад камара да бегемота баліць усім. А рэакцыяй на боль ёсць крык, лямант, піск, енк, скавытанне. Ад скавытання сабаку лягчэй не будзе, але ён папярэдзіць іншых, што тут небяспека, што тут кепска. Атрымаўшы адзін раз палкай, іншым разам сабака забрэша толькі на від палкі, болю яшчэ няма, але можа быць, бо ўжо ёсць палка.
І такім чынам спосабам перадачы інфармацыі стаў гук, бо наяўнасць атмасферы дазваляе распаўсюджвацца гукавым хвалям, здольнасцю вырабляць якія прырода надзяліла большасць наземных жывых істот, ды і многіх падводных таксама.
Наземны свет напоўнены гукамі, але сэнсавай інфармацыі ў гэтай гукавай сімфоніі было не шмат. Страх, трывога, пазначэнне тэрыторыі, выклік на бой, пагроза. Усё змянілася са з’яўленнем чалавека. Гук стаў выражэннем думкі, а паколькі думак узнікала шмат, то з’явілася шмат гукаў, спалучэнняў гукаў (словаў), спалучэння словаў (сказаў). З’явілася мова.
Як гэта адбывалася я некалі паспрабаваў рас-павесці ў апавяданні “Мама, дай!”
Мама, дай!
Яны ішлі ўсё далей, і іх станавілася ўсё меней. Яны не ведалі, хто яны, бо не мелі назвы. Яны наогул не ўмелі гаварыць. Яны не ведалі, колькі іх, бо не ўмелі лічыць. Яны не ведалі, адкуль яны ідуць і куды, бо не маглі хоць неяк акрэсліць мясціны, па якіх рухаліся. Яны ведалі толькі, чаго яны ідуць. Яны ішлі, як і доўга перад тым, у пошуках ежы і, каб схавацца ад небяспекі. Яны не разумелі, што ёсць дзень і ноч, але разумелі, што бывае то светла, то цёмна. Яны нічога не ведалі пра вясну і лета, пра восень і зіму, яны разумелі толькі, што бывае цёпла і бывае холадна. Яны не ведалі, якія расліны можна есці і якіх есці нельга, яны знаходзілі салодкія расліны, ягады, плады і елі іх, яны знаходзілі горкія і кіслыя плады і іх не елі. Калі ж раптам салодкая ягада аказвалася ядавітай, то той, хто з’ядаў яе, або паміраў, або хварэў, але выжываў. Калі паміраў, то на тым усё і заканчвалася. Не пашанцавала. Калі выжываў, то прыблізна ведаў, якая расліна яму пашкодзіла, і стараўся больш яе не чапаць. Калі ядавітую расліну распазнавала маці, то яна імкнулася не даць яе дзецям, забараняла, узнікаў досвед.
Яны елі кожную жывёліну, якую маглі злавіць, і ўцякалі ад кожнай, якая магла з’есці іх. Досвед многіх паляванняў гаварыў ім, на каго варта паляваць, а на каго без сэнсу, бо выніку не будзе.
Сёння іх стала яшчэ менш. Сёння загінуў А-а. А-а быў найдужэйшы з іх. Яго ўсе баяліся і ўсе слухаліся. А-а быў адзіны, хто меў імя. Імя сваё ён атрымаў ад таго, што вельмі часта і з розных нагодаў крычаў: “А-а”. Ці то гэта быў клік перамогі, ці папярэджанне пра небяспеку ці што іншае. Калі чулася: “А-а”, – усе ці аглядваліся на правадыра, ці кідаліся да яго, ці папярэджаныя пра нейкую небяспеку кідаліся ўцякаць.
Неўзабаве, каб перадаць нейкі знак, які ішоў ад правадыра, то той, то сёй таксама прамаўляў: “А-а”. На-огул то яны чулі гукі, адрознівалі гукі і нават маглі самі гукі падаваць. Яны лемантавалі ад болю, яны пераймалі гукі, што падаваліся звярамі ці птушкамі, маглі паказаць рык тыгра, выццё ваўка, посвіст птушак. У перадачы гэтых гукаў быў сэнс. Але кожны раз свой. Рык тыгра не заўсёды абазначаў небяспеку, а свіст птушкі не абазначаў амаль нічога.
Сёння ўсё было, як звычайна. Яны начавалі ў лесастэпе, дзе былі вялізныя дрэвы і шырокія пашы. Лесастэп быў найбольш прыдаткам для жыцця.
Выйсці ў адкрыты стэп для іх было вельмі небяспечна. Яны не маглі бегаць вельмі хутка, яны не мелі моцных зубоў і кіпцюроў, не маглі ўзляцець у неба, як птушкі, ці закапацца ў норы, як дробныя звяры.
Забрацца глыбока ў глухі лес таксама не выпадала, там вельмі цяжка было знайсці ежу. А тут на мяжы лесу і стэпу ім, якія ўмелі лазіць па дрэвах і якія ўмелі бегаць па зямлі, было ямчэй. Па сваіх магчымасцях кожны з іх прайграваў навакольным жывым істотам. Ніхто з іх не мог дагнаць аленя ці антылопу. Ніхто не мог падужаць тыгра ці мядзведзя. І яны не змаглі б жыць у гэтым свеце, каб не мелі адной важнай перавагі: яны трымаліся разам вялікай групай, яны ўмелі ўзгоднела нападаць і абараняцца. У іх былі інстынкт еднасці і інстынкт адказнасці за супляменнікаў.
Ноч была халаднаватая. З першымі промнямі сонца яны пачалі вылазіць з нораў пад карэннямі дрэваў, з дуплаў, проста з разлежыстых кустоў. Ім было холадна, і ўсе хацелі есці. У іх не было поўсці, як у звяроў, ці пер’я, як у птушак. І ім было холадна. Сагрэць іх магло толькі сонца і ўласны рух. Рух мог іх і накарміць. На ўскрайку лесу было шмат ягадных кустоў, але ягады былі яшчэ горкія. Знайсці нешта салодкае было не проста. А побач з імі жыло шмат жывёл. Адны з іх елі траву. Другія елі першых. Тыя другія былі страшныя і для іх, але калі ўдавалася завіць і забіць траваядную жывёліну, то можна было паесці мяса і папіць крыві. Злавіць якую-небудзь вялікую жывёліну надзеі было мала, не хапала ні спрыту, ні хуткасці, ні сілы. Але што-небудзь меншае можна было спрабаваць. Некалькі з іх хавалася ў засаду за кустамі і на нізкіх гуках дрэў. А астатнія пабліжаліся да статку антылоп, ахоплівалі іх, аддзялялі некалькі і пачыналі гнаць на засаду. Калі ўсё ішло ўдала, і засаднікам удавалася схапіць адну антылопу і скруціь ёй шыю, то яе тут жа пачыналі рваць на часткі і есці. У іх не было нічога акрамя зубоў і кіпцяў, але рукі ўжо ўмелі хапаць, браць, трымаць. Рукі ўмелі трымаць палку, камень, рог, костку, але ніхто іх з сабою не насіў: трэба – бралі, не трэба – выкідвалі. Адны з іх, адарваўшы кавалак мяса, піхалі сабе ў рот, іншыя імкнуліся даць перш дзецям. Пары рэдка трымаліся разам, сям’і як такой не было, пары ўзнікалі і раскідваліся, хаця мелі месца і даўжэйшыя па часе сімпатыі і прывязанасці. Клопат пра дзяцей цалкам клаўся на маці, але калектыўны клопат пра малых існаваў. Іх заўсёды імкнуліся абараніць, сха-ваць, пакарміць.
Сёння ўсё было, як звычайна. Яны заўважылі статак антылоп, што мірна пасвіліся недалёка ад зарасляў кустоў. А-а і некалькі мацнейшых пахаваліся ў кустах абапал вузкага праходу, астатнія адышліся далёка ў поле, каб ахапіць антылоп і пагнаць іх у бок кустоў. Зразумела, што антылопы ў бок кустоў ісці не хацелі, іх трэба было моцна напужаць і адрэзаць усе іншыя кірункі ўцёкаў. Загоншчыкі, хаваючыся ў траве, ачапілі статак і падняўшыся ва ўвесь рост з крыкамі пабеглі да антылопаў. Тыя, пачуўшы гвалт, кінуліся ў бок супрацьлеглы і пабеглі такі да кустоў. Засаднікі са сваіх схованак кідаліся на прабягаўшых міма жывёлін. Але схапіць і ўтрымаць адну асобіну ўдалося толькі А-а. Ён спачатку сумеў паваліць антылопу на землю, а пасля рэзкім рыўком скруціў ёй шыю.
– А,а, – разлеглася вакол. На гэты час танальнасць поклічу была ўрачыстая і пераможная адначасова.
Але не паспелі яшчэ ўсе сысціся да А-а, як збоку раздаўся грозны рык, і паказаўся вялікі малады леў. Леў нахабна рухаўся ў бок забітай антылопы. Усе сыпнулі ў бакі, але А-а застаўся на месцы. Ён зарычаў падобна, як і леў і даў зразумець, што не аддасць здабычу. Ён стаяў высокі, моцны, але з пустымі рукамі, гатовымі, каб схапіць драпежніка. Не раз здаралася, што драпежнік у такія моманты адступаў, але сёння леў скочыў. А-а сумеў ухіліцца, і леў амаль праляцеў міма, аднак задняй лапай усё такі зачапіў А-а, і той не ўстаяў, паляцеў на зямлю. І леў паспеў першым сабрацца для наступнага скачка. А-а толькі падымаўся, як на яго рухнула ўся маса драпежніка. На завяршэнне драмы глядзець не было каму, усе разбегліся…
Яны даўно ішлі разам: Ён і Яна. Яны сябравалі з маленства. Ён не пакінуў Яе. Калі Яна зацяжарыла, Ён падтрымліваў Яе. Калі Яна нарадзіла маленькае ства-рэнне, Ён адрозніваў гэтае стварэнне ад усіх іншых такіх жа, разумеючы, што гэта яго дзіця. Ён стараўся падкар-міць малое. Спачатку адно, а потым і другое. Такая доўгая ўзаемная прывязанасць не была характэрная, выклікала непаразумення, асабліва з боку Таго са злымі вачыма, які імкнуўся пабыць з Ёю, і ад якога ім дваім часта даво-дзілася адбівацца. І, як ні дзіўна, ім гэта ўдавалася, бо іх падтрымліваў А-а. Грозным поглядам ці рыкам ён адганяў Таго ад пары, і на нейкі час усё супакойвалася.
Але сёння А-а не стала. Усё племя сабралася на невялікім узгорку. Усе выдатна ведалі, што, каб выжыць, яны мусяць трымацца разам. Каб трымацца разам патрэбна, каб было за каго трымацца, патрэны новы А-а. Пры тым усе разам яны нічога не вырашалі, вырашаў нехта адзін. Сёння гэтым адным быў Той са злымі вачыма. Той выйшаў наперад, выцяў сябе кулаком у грудзі і пра-крычаў: “А-а!”. Гэта мусіла абазначаць, што ён цяпер галоўны, яго павінны слухацца, ён будзе караць няпаслухмяных, ён будзе весці ўсіх, куды захоча.
Для Яго і Яе гэта была рэальная небяспека. Заступіцца больш не было каму, а ў выпадку бойкі супляменнікі проста маглі дапамагчы новаму А-а і разарваць іх на часткі – і іх, і дзяцей.
Яна паглядзела на Яго. Ён кіўнуў галавой і пайшоў наперад. Ён выйшаў на другі край узгорка. Таксама выцяў сябе кулаком у грудзі і таксама пракрычаў: “А-а!”.
Двух А-а быць не магло. Значыць, павінен быў застацца адзін. Яны пайшлі насустрач адзін аднаму. Той выглядаў вышэйшым і мацнейшым. Ішоў, расставіўшы рукі, каб ямчэй схапіць супраціўніка.
Ён ішоў роўна, але ў нейкі момант нахіліўся і ўвабраў у руку ладны камень.
Ён не парушыў ніякіх правілаў, бо ніякіх правілаў не існавала. Не парушыў ніякіх законаў, бо ніякіх законаў не было. Не парушыў ніякіх нормаў маралі ці этыкі, бо не было ні нормаў, ні маралі, ні этыкі.
Былі толькі інстынкт самавыжывання, былі сіла, хуткасць, спрыт і хітрасць. Але ў дадзеным выпадку інстынкт самавыжывання ў Яго замяніўся страхам за Яе і дзяцей, таму пры Ім з усёй зброі засталіся толькі сіла, якая была яўна меншая, чым у Таго, засталіся хуткасць, спрыт і хітрасць, якая раптам на імгненне прабліскнула розумам і падказала Яму ўзяць камень. Цяпер застава-лася не дапусціць, каб Той абхапіў Яго і зламаў ці хрыбет, ці шыю. Трэба было паспець выцяць першым. Той не разумеў небяспекі ад рукі з каменем. І калі Ён кінуўся проста ў расстаўленыя рукі, Той радасна рвануўся сашчапіць іх, але ў тым прамежку цяжкі камень апусціўся на галаву Таго. Ён уклаў у той удар усю сілу. Увесь страх за Яе. І Той упаў, так і не сашчапіўшы рук. Яшчэ адзін удар каменем давяршыў справу. Той не дыхаў. Ён пераможна паглядзеў на ворага, выйшаў на вяршыню пагорка і голасна крыкнуў:
– А-а!
І ўсе зразумелі, што Ён – больш не Ён, Ён цяпер – А-а. Гэта і яго імя, і яго пасада. Гэта і права, і абавязак.
Але на тым усё не скончылася. А-а махнуў Ёй, і Яна падышла да яго.
– Ма, – сказаў А-а, паказваючы на яе.
Што гэта мусіла значыць? Мая, яе так завуць ці яшчэ што. Аднак усе зразумелі, што ў іх цяпер ёсць не толькі А-а, але ёсць і Ма.
Гэта трэбала запомніць, да гэтага трэбала прывыкнуць, гэта трэба было навучыцца вымаўляць з апош-нім было лягчэй, пераймаць гукі яны ўмелі. Запомніць такое доўгае і першае ў іх жыцці слова “Ма” было цяжэй. Чаму першае, бо “А-а” – гэта фактычна яшчэ працяжны гук, а “Ма” – два гукі, “Ма” – слова.
– Ма, – яшчэ раз крыкнуў А-а.
– Ма, – паўтарыла Яна.
На гэтым першы ўрок мовы закончыўся. Сонца хілілася да зямлі, а яшчэ трэба было пахаваць Таго. Яны дано не елі сваіх супляменнікаў, але і не кідалі іх там, дзе застане смерць. Гэта таксама быў інстынкт – не прывучаць драпежнікаў да смаку свайго мяса, каб не будзіць у тых жадання паляваць на іх. Таму яны паклалі Таго ў невялікую ямку і закідалі большымі і меншымі камянямі. Магчыма, хто-небудзь і разверне тыя каменні, магчыма, які-небудзь ліс і падкапаецца пад каменні знізу. Але большага зрабіць для нябожчыка яны не маглі і не ўмелі.
Надыходзіла халодная і галодная ноч, бо за дзень мала што ўдалося знайсці для ежы. Ім яшчэ не было вядома, дзе той дзень і тая ноч, яны разумелі толькі святло і цяпло або цемру і холад. Але сёння гэтай ноччу засынала не бездапамоджнае племя двухногіх, голых, галодных істотаў, хаця і яно таксама. Сёння сярод іх засыналі дзве зусім іншыя істоты, так падобныя і так адрозныя ад іх. Гэтай ноччу сярод іх засыналі два чалавекі: А-а і Ма. Чалавекі, бо мелі імёны, і калі А-а было яшчэ паўімем – паўпоклічам, то Ма – было імя ў чыстым выглядзе.
Назаўтра ўсе маглі гэта забыць, але А-а, прачнуўшыся з першымі промнямі сонца, выйшаў на пагорак і заміж звыклага:”А-а” ціха прамовіў:
– Ма, – і абняў яе.
– Ма! – пачулася збоку, да іх падходзілі іхнія дзеці
– Ма!
Яна абняла дзетак, стараючыся сагрэць іх сваім целам. Грэць больш не было чым. Племя не ўмела яшчэ здзіраць шкуры з жывёл, ды і жывёл тых упаляваць удавалася не так шмат. Гэтаму яны навучацца пасля. А пакуль што яны толькі станавіліся людзьмі, бо ведалі ўжо два словы.
Яны сабраліся і пайшлі далей, шукаючы то вады, то яды.
А-а і Ма паспяхова вялі племя. А-а паказаў усім, што, ідучы на паляванне, трэба браць у рукі па добрым камені, і тады іхнія сілы значна павялічваюцца. Паляванні сталі больш удалыя, але асноўнай здабычай былі пту-шыныя яйкі, салодкія карэнні, ягады, плады.
Аднойчы Ма падышла да дрэва з пладамі, якія мелі вялікую костачку ўнутры. Дрэва не мела ніякай назвы, не мелі назвы і плады. Усё, што цікавіла Ма, ці можна ўжо плады есці, бо калі можна, то зверху з’ядаецца мякаць, а з костачкі можна дастаць зярнятка, раскусіць ці разбіць каменем, і таксама можна есці. Ма сарвала плод, паспрабавала, мякаць была салодкая. Яна не ведала, спелы ці зялёны плод. Ён быў салодкі. Прырода сама паклапацілася, каб спелыя плады былі салодкімі, а няспелыя – кіслымі або горкімі.
Убачыўшы, што Ма есць плод, да яе падбегла дзіця, выцягнула руку:
– Ма!
– Ма!
Ма не звяртала на яго ўвагі.
– Ма, Ма!
– Ма-ма, дай!
Просьбы малога не надта краналі Ма, але яна пачула і зразумела, што дзіця просіць плод і што гэтым словам можна прасіць.
Ма крыкнула
– А-а!
А-а пачуў і зразумеў, што Ма кліча яго, падышоў. Ма паказала яму на плод, які вісеў высока для яе. А-а падскочыў і сарваў плод. Ма выцягнула руку і сказала:
– Дай!
І А-а зразумеў, што яна просіць плод, што так можна прасіць. А знізу зноў зарумзала малое:
– Мама, дай!
Гэта быў першы асэнсаваны сказ з двух слоў, але што гэта быў за сказ. Яны трое А-а, Ма і дзіцяня гэтым сказам пачалі гаварыць.
Неўзабаве слова “дай” будзе ведаць усё племя. Потым з’явяцца словы “сюды”, “туды”, “ідзі”. З’явяцца назвы жывёл. Яны будуць вельмі кароткія з аднаго склада: “бык”, “леў”, “тыгр”, “слон”, “конь”, “ліс”, “воўк”, “бэр”. З’явяцца назвы дрэў таксама кароткія: “дуб”, “бук”, “кедр”, “вяз”, “клён, “граб”.
Племя А-а і Ма загаворыць, пройдзе пэўны час, пакуль дойдзе да сапраўднай мовы. Слоў будзе мала, звязкі іх будуць не заўсёды лагічныя, але калі іхняе племя сустрэнецца з чужым, нямым племем, то ў іх будзе відавочная перавага.
Што сталася з нямым племем, не вядома, а гавар-кое племя жыло, множылася, падзялілася на два, потым на чатыры. Часткі пайшлі ў розныя бакі.
Яны даведаліся, што такое дзень, што такое год. Прайшлі тых гадоў многія тысячы, а першыя словы: “Мама, дай!” гучаць па ўсёй планеце дагэтуль. Гучаць ужо непадобна, малазразумела, але захоўваюць свой спрадвечны сэнс:
– Мама, дай!
Магчыма, гучыць гэта без налёту высокай духоў-насці, магчыма, па-спажывецку, але так пачыналася чалавецтва?
– Мама, дай!
(Працяг у наступным нумары.)