650 мерапрыемстваў і больш за тысячу аўтараў. Ганаровы госць – Італія
Frankfurter Buchmesse (Франкфурцкі кніжны кірмаш) – гэта адзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў у свеце. Ён праходзіць у Франкфурце штогод, у сярэдзіне кастрычніка. Гэта месца, дзе можна пазнаёміцца з навінкамі, даведацца тэндэнцыі кнігавыдавецкага рынку ў цэлым. У 2024 годзе Frankfurter Buchmesse прайшоў з 16 па 20 кастрычніка. Гана-ровым госцем стала Італія.
Франкфурцкі кніжны кірмаш – гэта з’езд прафесіяналаў. Сюды прыязджаюць наладзіць кантакты з распаўсюджвальнікамі на іншым кантыненце, набыць правы на выданне папулярнага тэксту, азнаёміцца з друкарскімі інавацыямі. Але і просты аматар літаратуры знойдзе, чым заняць сябе на кірмашы.
Тут прадстаўлены кнігі, часопісы, газеты і іншыя друкаваныя і перыядычныя выданні, атласы і карты, электронныя сродкі інфармацыі, календары, коміксы, прадметы мастацтва, была таксама асветлена бібліятэчная справа.
На выставе Frankfurter Buchmesse можна было сустрэць выдаўцоў, агентаў, прадаўцоў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, ілюстратараў, прадстаўнікоў бібліятэк, інстытутаў і іншых спецыялістаў. Апроч выставы, у рамках Frankfurter Buchmesse арганізуюцца семінары, круглыя сталы, канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы.
Па традыцыі, на выставе адна з краін прысутнічае ў якасці ганаровага госця. У 2009 годзе гэта быў Кітай, у 2010 – Аргентына, у 2011 – Ісландыя, у 2012 годзе – Новая Зеландыя, у 2013 – Бразілія, у 2015 годзе – Фінляндыя, у 2016 – Стамбул, у 2017 – Францыя, у 2022 – Іспанія, у 2023 – Славенія.
Гісторыя Франкфурцкай кніжнай выставы (Frankfurter Buchmesse) налічвае больш за 500 гадоў, і яе заснаванне звязваюць з першадрукаром Іяганам Гутэнбергам, які жыў у суседнім ад Франкфурта горадзе Майнцы. Яшчэ пры жыцці Гутэнберга кнігагандляры ўладкавалі тут першы ў свеце кніжны кірмаш (першы, калі казаць пра друкаваныя кнігі). Найноўшая гісторыя выставы пачалася ў 1949 годзе, і з тых часоў “Buchmesse” праходзіць у цэнтры Германіі штогод, стаўшы найбуйнейшым кніжным форумам планеты.
Арганізатары Frankfurter Buchmesse і Міжнародная асацыяцыя бібліятэчных асацыяцый (IFLA) падпісалі дамову пра супрацоўніцтва, што дазволіць праводзіць на больш высокім узроўні як штогадовы кангрэс IFLA (у жніўні ў Мілане), так і Frankfurt Book Fair (у кастрычніку).
IFLA – гэта скарачэнне ад поўнага ангельскага наймення Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў – The International Federation of Library Associations and Institutions. Па-беларуску прамаўляецца ІФЛА, і ў такім выглядзе выкарыстоўваецца ў прафесійным друку нароўні з ангельскай абрэвіятурай IFLA.
ІФЛА заснавана ў 1927 г, яна аб’ядноўвае бібліятэчныя асацыяцыі, бібліятэкі і бібліятэкараў незалежна ад тыпу бібліятэкі і спецыялізацыі. За гады свайго існавання ІФЛА значна пашырыла сферу дзейнасці, распаўсюдзіла свой уплыў на ўсю сусветную бібліятэчную супольнасць і стала адной з самых аўтарытэтных прафесійных арганізацый. Цяпер ІФЛА аб’ядноўвае каля 1600 чальцоў з больш за 150 краін.
У панядзелак увечар па традыцыі была ўручана Нямецкая кніжная прэмія. Узнагароду атрымала аўтар з Лейпцыга Марціна Хефтар за раман пра лічбавую камунікацыю, самарэалізацыю і мастацтва “Hey guten Morgen, wie geht es dir?” Гэтая прэмія лічыцца адной з самых важных узнагарод у нямецкамоўнай літаратуры.
Пасля ўручэння Нямецкай кніжнай прэміі 15 каст-рычніка адбылося адкрыццё Франкфурцкага кніжнага кірмаша. Італію як ганаровага госця на цырымоніі адкрыцця прадставіў міністр культуры Алесандра Джулі, а Германію – яго калега Клаудзія Рот. Найбуйнейшы ў свеце кніжны кірмаш праходзіў 76-ты раз. На 650 мерапрыемствах выступілі больш за 1000 аўтараў і дакладчыкаў. Для шырокай публікі кніжная выстава была даступная з пятніцы 18 кастрычніка. У Франкфурце свае навінкі прадставілі каля 4000 экспанентаў з 95 краін. Выстава скончылася ў нядзелю 20 кастрычніка ўручэннем Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў амерыкана-польскаму гісторыку Эн Эплбаўм.
Паводле СМІ.

