31 жніўня ў Лідзе было горача не толькі ад сонца, але і ад эмоцый. Горад адзначаў 701-ы дзень нараджэння.
Традыцыйная праблема: дзе пераначаваць – вырашалася і так. Намётавае мястэчка каля в. Навасёлкі на многія гектары плошчай было гатова прыняць турыстаў, прыехаўшых на свята горада Ліды. Калі хто прыязджаў са сваім намётам, то карыстацца тэрыторыяй можна было бясплатна. А калі ж хто хацеў узяць напракат турыстычнае абсталяванне на месцы, то спальнік, кілімчык і месца ў намёце каштавалі 25 руб.
Хоць афіцыйнае адкрыццё свята адбылося аж у 17:00 святочная атмасфера панавала ў горадзе з самай раніцы. Першым запрасіў гасцей Лідскі замак. Тут праходзіў Дзень сярэднявечнай культуры, праграма якога распавядала пра Ліду гістарычную. Госці галоўнай гарадской славутасці маглі ўбачыць конныя паказальныя выступы, наведаць рыцарскі лагер, паспрабаваць кухню Сярэднявечча, зазірнуць у зброевую майстэрню, паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях, забавах і майстар-класах па танцах таго часу.
Тут жа, у Лідскім замку адбылося падпісанне дамовы пра супрацоўніцтва паміж Дзяржаўнай установай “Лідскі гістарычна – мастацкі музей” (г. Ліда, Рэспубліка Беларусь) і Муніцыпальнай аўтаномнай установай культуры “Валадарскі музейны цэнтр” (г. Валадарск, Расія).
Апоўдні ажыла цэнтральная частка райцэнтра, дзе размясціліся тэматычныя пляцоўкі. Яны распавядаюць пра Ліду турыстычную, дружалюбную да дзяцей, здаро-вую, музычную, мастацкую, літаратурную, творчую, фі-нансава пісьменную, бяспечнкю і спартовую.
Пачалі працу інтэрактыўныя зоны на вуліцы Замкавай, такія як “Ліда турыстычная”, “Ліда музычная”, “Ліда мастацкая”, “Ліда літаратурная”, “Ліда – горад актыўнага даўгалецця”.
– У гэтым годзе пляцоўка інфармацыйна-турыстычнага цэнтра зрабіла ўпор на аграэкатурызм, – распавяла дырэктар Лідскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Наталля Сліўкіна. – На пляцоўцы прадстаўлены тры аграсядзібы. Кожная з іх здзіўляла гасцей сваёй непаўторнасцю і асаблівасцю.
Так, у сядзібе “Вандроўка” праходзіла дэгустацыя мясцовай беларускай кухні, у “Рускай лазенцы” – дэгустацыя налівак, а ў сядзібе “Гасціна” – дэманстрацыя лялек “Батлейкі”. Таксама і жыхарам горада на пляцоўцы “Ліда турыстычная” дэманстраваліся відэаролікі аграсядзіб Лідскага раёна. Супрацоўнікі інфармацыйнага турыстычнага цэнтра паказвалі карты раёна і горада са славутасцямі, раздавалі буклеты па прамысловым турызме. Кожны ахвотнік мог зрабіць фота на памяць і прадэгуставаць стравы ў зоне агроэкоусадеб. Маленькім гасцям пляцоўкі прапаноўваліся падарункавыя шары з неспадзеўкамі ад турінфацэнтра.
Непадалёк ад вуліцы Замкавай разгарнулася пляцоўка “Ліда музычная”, у якой бралі ўдзел установы культуры Лідчыны.
Лідская дзіцячая школа мастацтваў прадставіла гледачам дзяцей, якія выконвалі творы на гітары, скрыпцы, флейце. Не засталася ўбаку і Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў. Навучэнцы гралі кампазіцыі на дудзе, акарыне, фартэпіяна, скрыпцы. Перад гасцямі свята выступалі: ансамбль класічнай гітары “Тандэм”, інструментальны ансамбль “Верасень” з Першамайскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, ансамбль цымбалістаў з Дзітвянскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, ансамбль інструментальнай музыкі “Фэст” з Палаца культуры горада Ліды, народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Прынямонцы” з Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Сваё майстэрства прадэманстравалі і выканаўцы філіялаў Мінойтаўскага культурна-досугавага цэнтра, Мажэйкаўскага Дома культуры і Першамайскага Дома культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Таксама на пляцоўцы “Ліда музыч-ная” выступалі госці горада – творчыя калектывы горада Собінкі з Расійскай Федэрацыі.
Маладыя і прафесійныя музыкі ўвесь дзень неслі свае яркія ноты ў святочную атмасферу горада.
Далей яшчэ цікавей! Майстры пэндзля прадставілі свае працы на пляцоўцы “Ліда мастацкая”. Пляцоўка дазволіла акунуцца ў творчую атмасферу фарбаў, пэндзляў, мальбертаў, пашукаць разам з мастакамі выдатныя віды нашага горада.
– Сёння на выставе прадстаўлены лепшыя працы, – паведаміў намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы Лідскай дзіцячай мастацкай школы Аляксандр Буйкевіч. – Навучэнцы і выпускнікі нашай школы з зада-вальненнем пагадзіліся прыняць удзел у выставе.
Да працы пляцоўкі далучылася і сям’я Лук’ян.
– Наша сям’я займаецца творчасцю розных кірункаў: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, жывапіс, графіка, – кажа педагог Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Вольга Лук’ян. – На нашай пляцоўцы мы знаёмімся з дзецьмі і распавядаем пра нашу творчасць. Як знаць, магчыма, яны прыйдуць у нашу прафесію.
Школа мастацтваў увесь дзень праводзіла майстар-класы, малявала шаржы, графіку для ахвотнікаў акунуцца ў свет мастацтва, а таксама кожны мог пагутарыць з мастакамі.
“Краса і гонар Беларусі, зямная Лідчына мая” – пад такой назвай бібліятэкі сустракалі гасцей і жыхароў горада на пляцоўцы “Ліда літаратурная”, дзе былі прадстаўлены працы філіялаў Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Кніжна-ілюстрацыйная выстава-экспазіцыя распавядала пра гісторыю горада, а лакацыя “Кветкамі ўсміхаецца горад” дазваляла палюбавацца жывымі кветкамі і кветкамі ў тэхніцы арыгамі. Дзіцячая бібліятэчная зона ў гульнявой форме правярала спрыт і эрудыцыю ў дзяцей на веды пра горад.
Таксама на бібліятэчнай пляцоўцы можна было не толькі пазнаёміцца з выданнямі пра раён, Гарадзенскую вобласць, Беларусь, але і зафіксаваць сябе за чытаннем у адмысловых кветкавых фотазонах.
У рамках працы пляцоўкі “Ліда – горад актыўнага даўгалецця” Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадставіў выставу сувенірных вырабаў з гіпсу і эпаксіднай смалы, а таксама калекцыю лялек-абярэгаў хатняга агменю, вырабленых рукамі людзей з інваліднасцю. Усе ахвотнікі маглі набыць сувенірную прадукцыю.
Людзі ж пажылога ўзросту праводзілі майстар-класы па гульнях у шашкі і шахматы.
Каля Лідскай дзіцячай школы мастацтваў, на пляцы больш за дзве тысячы квадратных метраў, размясцілася выстава прадукцыі прамысловых арганізацый “Сучасная вытворчасць – новая якасць жыцця”. 14 прадпрыемстваў з Ліды і не толькі прадставілі свае экспазіцыі, упрыгожваннем якіх сталі высокапрадукцыйная тэхніка, яркія фотазоны ад “Лакафарбы” і “Конуса”, выставы-продажы шклавырабаў, абутку і акуляраў.
Новае і, безумоўна, прывабная падзея Дня горада – “Харчфэст-2024”.
Наведвальнікаў шатроў-зорак “Харчфэсту” чакала шмат цікавага. “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” арганізаваў інтэрактыўную культурную праграму з вядоўцам, аніматарамі, роставымі лялькамі і нават разыграў гадавы запас сыру.
На пляцоўцы, арганізаванай кампаніяй “Лідскае піва”, чатыры гульнявыя зоны, удзельнікі якіх змаглі атры-маць жэтоны і абмяняць іх на брандзіраваныя сувеніры. Гасцям, дасягнуўшым 18-гадовага ўзросту, была даступ-ная дэгустацыя топавай навінкі гэтага года.
“Лідахлебапрадукт” падрыхтаваў тры зоны з актыў-насцямі: сямейна-дзіцячы блок, прадстаўленне ў гарні-турах з розыгрышамі і дэгустацыяй бліноў і шоў для дарослых з музычнымі хвілінкамі і конкурсамі.
“Лідахарчканцэнтраты” прадставілі вечарынку з выкарыстаннем высокатэхналагічнага рэквізіту і гульню “Адгадай смак!”.
“Лідскі хлебазавод” правёў майстар-клас па раз-малёўцы пернікаў і чэмпіянат па паглынанні пончыкаў, а “Індычка з Ліды” прадставіла свае далікатэсы.
У Дзень горада ў Лідзе разыгрывалі тэлевізары. Такі розыгрыш стаў асаблівасцю фэсту “Харчфэст-2024!”, удзел у якім прымалі шэсць прадпрыемстваў райцэнтра. Тэлевізар можна было выйграць на пляцоўцы кожнага. Такім чынам, шэсць гасцей свята адпраіліся дахаты не толькі са станоўчымі ўражаннямі, але і з новай тэхнікай.
Таксама ўдзельнікі “Харчфэсту” арганізавалі дэгустацыі і розыгрышы сваёй прадукцыі, розныя конкурсы, флэшмобы і танцавальныя батлы.
Працавала лакацыя “Хата бацькоў” запрашае!
Падчас урачыстага адкрыцця горад Ліду віншавалі абласныя ўлады, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Расіі, лідскія і расійскія мастацкія калектывы.
Сяргей Ложачнік, старшыня Лідскага райвыканкама – пра свята:
– Сёння наш выдатны горад Ліда адзначае 701-шы год нараджэння. Гарады з гадамі становяцца старэй, а наш горад яшчэ і прыгажэй, больш дагледжаным. Кожны жыхар нашага горада рыхтаваўся да свята, наводзіў парадак у сябе і не толькі. Мы любім прымаць гасцей…
… Літаральна ўчора мы адкрылі частку аб’язной дарогі вакол горада, доўгачаканы ўчастак, які разгрузіць Ліду ад транзітнага транспарту, палепшыць экалагічнае становішча, бяспеку. На сённяшні дзень пабудавана шэсць шматпавярховых дамоў. Гэта тое, што было за-планавана на гэты год. Мы працягваем рыхтаваць памя-шканні пад размяшчэнне МРТ, ангіографа ў нашай цэнтральнай раённай лякарні. Мы добра ўклаліся ў сацы-яльную сферу, адукацыю, культуру, спорт. І мы працягваем працу. Свята горада праходзіць пад дэвізам “У Лідзе ўсё ў лепшым выглядзе!”
Падчас свята прагучала інфармацыя пра самую вялікую мару старшыні Лідска райвыканкама – займець у Лідзе сваю Вышэйшую навучальную ўстанову.
А завяршала свята расійская спявачка Вольга Бузава, якая таксама павіншавала лідзян з Днём горада. “Заплачу”, “Вадзіца”, “Без спраў”, “Танчы пад Бузаву”… Яе творчасць можна любіць ці не любіць, але ў Лідзе пад Бузаву запальвалі ўсе, незалежна ад музычных пераваг! На канцэрце было больш за 100 000 чалавек. Як пазней заўважыла сама спявачка, гэта яе рэкорд за ўсю гісторыю творчай кар’еры.
Паводле Анжалікі Забродскай,
lidanews.