Гісторыя дэнверскага каўбоя Дзіна Рыда
У 12 гадоў Марта паглядзела фільм “Браты па крыві” з удзелам амерыканскага спевака Дзіна Рыда і югаслаўскага акцёра Гойка Міціча.
З гэтага моманту спявак і акцёр Дзін Рыд стаў для яе рамантычным ідэалам і прыкладам чалавека, які змагаўся за тое, каб змяніць свет і зрабіць людзей больш адкрытымі і міралюбнымі, навучыць іх сябраваць і цікавіцца адно адным, шчыра працягваць руку людзям з іншых кантынентаў і краін.
Кожны дзень яна слухала песні Дзіна Рыда па некалькі гадзін пасля заняткаў, шмат увагі надавала англійскай мове і пачала самастойна вучыць іспанскую з дапамогай слоўнікаў.
Дзін Рыд шмат гадоў пражыў у Лацінскай Амерыцы (у Аргентыне i Чылi), і яна зацікавілася вывучэннем гэтага кантынента, яго культуры і музыкі. Дзін сябраваў з чылійскім спеваком Віктарам Харам, і Марта перажывала за ягоны лёс, калі яго катавалі на стадыёне ў Сант’яга-дэ-Чылі ў 1973 годзе. Яна глядзела фільм кінастудыі ДЭФА “El cantor”, які Дзін Рыд прысвяціў свайму сябру, і плакала.
Дзін наведваў Сусветны фестываль моладзі на Кубе, і яна ў думках пераносілася ў Гавану, і разам з ім хадзіла па малеконе.
Яна марыла калі-небудзь убачыць ужывую Дзіна Рыда, і аднойчы ў 1981 годзе ён прыехаў у яе горад з канцэртам. Дзін сябраваў з Васiлём Раiнчыкам, з “Верасамi”, і яны запрасілі яго ў Беларусь, у Менск. Бацька купіў ёй квіток, і пасля канцэрту яна сустрэла свайго героя. Яго атачаў вялікі натоўп людзей, фанатаў, але яны з татам здолелі падысці бліжэй і папрасілі аўтограф у Дзіна Рыда. Яна нават змагла паціснуць руку свайму куміру.
Лёс Дзіна склаўся трагічна. Ён памёр ва ўзросце 48 гадоў. Думалі, што гэта было самагубства, машына была кінута на беразе возера, у ёй знайшлі рэшткі антыдэпрэсантаў, там была развітальная запіска. З інцыдэнтам было не ўсё зразумела, прычынай магла стаць страта папулярнасці, сварка з жонкай, нямецкай акторкай, але не выключана, што да яго адыходу мела дачыненне нямецкая сакрэтная паліцыя “Штазі”. У 1995 годзе пабачыла свет поўная музычная біяграфія Дзіна Рыда, кніга на 500 старонак, “Гісторыя чырвонага каўбоя”.
Аднойчы ёй прысніўся Дзін на беразе мора, там быў светлы пясок і чырвоныя ружы.
Чароўная флейта Эрыка Трабаніна
У 18 гадоў Марта вучылася ва ўніверсітэце і марыла стаць міжнародным карэспандэнтам. Журналіст Хайме Вільякорта і яго жонка Маргарыта з Сальвадора запрасілі яе на канцэрт гурта “Tepehuani”, які прыехаў выступіць у іх горад. Канцэрт у Доме афіцэраў быў неверагодным! Зала была напоўнена гукамі флейты, гітары і ўдарных. Гурт выканаў песні “Cantame, Nicaragua”, “Isto Torito Pinto” і іншыя. Пасля канцэрту Марта паразмаўляла з адным з удзельнікаў гурта – Эрыкам Трабаніна.
Праз некалькі дзён музыкi адпраулялiся ў адзін з еўрапейскіх гарадоў.
Марта паехала ў аэрапорт, каб развітацца са сваім новым знаёмым Эрыкам і яго сябрамі. У апошні момант напісала вершы на іспанскай. Яна бегла па трапе самалёта, яе валасы развяваліся на ветры. Яна паспела перадаць Эрыку лiсток з вершамі пра музыку і натхненне.
Звонкая гітара Змітра Вайцюшкевіча
Праз дваццаць гадоў Марта прыйшла на канцэрт у Дом ветэранаў, калі на афішы было пазначана: выступiць беларускi артыст, мультыінструменталіст Зміцер Вайцюшкевіч і аўтар выдатных вершаў да яго новага альбома, народны паэт Рыгор Барадулін.
Паэт не прыехаў, але спявак здзівіў яе таленавітай інтэрпрэтацыяй беларускай паэзіі. Яна зацікавілася яго асобай і стала наведваць усе яго канцэрты. Зміцер выканаў беларускія, польскія, чэшскія і японскія песні. У гэты перыяд ён паспяхова выступаў са сваім гуртом WZ-Orkiestra – з самымі выдатнымi музыкамі і лепшым баяністам Беларусі Аляксандрам Шувалавым.
Яе ўразіла глыбокае меладычнае i насычанае гучанне беларускіх песень пра Нёман, прыгажосць прыроды, свабоду, каханне.
Дарэчы, Зміцер выконваў адну з песень з рэпертуару Дзіна Рыда -“Бэла, чао!
Яна вырашыў даведацца, адкуль паходзяць гэтыя песні. Дзе нарадзіўся і вырас гэты самабытны артыст?
Села на цягнік (тады яшчэ не было штодзённых марштрутак) і накіравалася ў яго маленькае мястэчка. Там яна сустрэла яго родных, шчодрых і гасцінных, якія ўсё жыццё працавалі на шклозаводзе “Нёман”. Яны запрасілі яе ў хату, пачаставалі смажаным шчупаком і салёнымі баравікамі і расказалі ёй сотню цікавых гісторый.
Музычнае падарожжа доўжылася 20 гадоў.
Яна пасябравала са Змітром і яго музыкантамі, а потым яна пазнаёмілася з яго будучай жонкай – харавым дырыжорам, захапілася яе талентам і прыгажосцю. Потым яна пасябравала з іх дзецьмі, калі яны нарадзіліся і падраслі.
Яна кожнае лета прыязджала на некалькі дзён ва ўтульную арграсядзiбу на Нёман, і аднойчы паехала туды ўжо са сваім унукам. Марк быў вельмі задаволены, бо разам з дарослымі даплыў да сярэдзіны вялічэзнага Нёмана, а ўвечары разам з усімі слухаў канцэрт беларускага артыста пад дрэвамі разам з яго дзецьмі Язэпам і Стэфай.
Разам з сябрамі яна паспрыяла арганiзацii канцэрту Змітра ў сябе на радзіме, у Віцебску, і гэта быў выдатны канцэрт у арт-пабе “Торвальд” на вуліцы Камсамольскай…
Калі артыст вярнуўся з падарожжа са Злучаных Штатаў Амерыкі, ён прызнаўся, што ягоны ўлюбёны куток на Нёмане – самы лепшы і прыгожы на свеце! Зараз ён па ім вельмі сумуе!
Разам з музычнымі крытыкамі Анатолем і Вітаўтам, Марта аб’яднала шматлiкiя артыкулы і рэцэнзіі, якія выходзілі пра Змітра ў айчынным і замежным друку.
Дачка Адама Русака, Людміла Адамаўна Русак распавяла ёй шмат гісторый пра тое, як яе бацька стварыў гэтыю незабыўныю і жыццядайную песню “Бывайце здаровы”і многія іншыя.
“Слова, акрылёнае выдатным выканаўцам, – запатрабаванае, людзі на яго горача адклікаюцца”,- заўважыў, гаворачы пра свайго сябра Змітра, шаноўны паэт Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.
“Зміцер – вельмі творчы чалавек, таленавіты вакаліст, інструменталіст, з выдатнымі кампазітарскімі здольнасцямі і пластыкай”- адазваўся Алег Хаменка, арганізатар многіх фальклорных фэстаў і падзей.
Архангельскі голас Хуана Дыега Флорэса
Яшчэ праз 20 гадоў яна пачула боскі голас выбітнага перуанскага тэнара Хуана Дыега Флорэса на плошчы Дуома ў Мілане. Ягоныя спевы моцна ўразілі яе.
Ёй здавалася, што гэта голас ад Бога, пасланы ўсяму чалавецтву у найбольш складаны час. Яна пачала слухаць яго песні з альбома “Santo” і іншых. Так яна даведалася больш пра хрысціянскага кампазітара Сэзара Франка, вярнулася да чытання кніг, пра жыццё і творчасць вялікіх кампазітараў: Моцарта, Бетховена, Расіні, Вердзі, Пучыні і іншых, арыі з опер якіх выконваў Хуан Дыега Флорэс.
Была зіма, яна хварэла, але музыка Сезара Франка “Panis Angelicus” і спевы Хуана Дыега вылечылі яе. І яна наважылася на пачатку вясны паехаць у Варшаву. Аўтобус прастаяў на памежным пераходзе 8 гадзін.
Увесь гэты час яна слухала песні “Holy Night” і “El cоndor pasa”, i ёй здавалася, што яна незде ля касцёла y Будславе, а не на мяжы, і яна не заўважыла цяжкасцяў гэтага шляху.
З таго часу на ўсіх далёкіх дарогах яе суправаджала музыка, і яна перастала баяцца вялікіх адлегласцяў. Час у дарозе пралятау незаўважна.
Старэйшы сын купіў ёй білет, і яна паехала ў Вену, каб паслухаць выступленне Хуана Дыега ў Венскай дзяржаўнай оперы.
Гэты прыгожы горад, сталіца Аўстрыі, здзівіў яе велiчнымi архiтэктурнымi забудовамi, асабліва саборам Святога Стэфана і Карскірхе, непаўторнай атмасферай духоўнасці і добразычлівасці.
Яна наведала Дом-музей Моцарта на Домгасэ, 5 каля сабора Святога Стэфана і Нацыянальную бібліятэку Аўстрыі. Гэта было самая шчаслівае падарожжа ў яе жыцці!
Яна прывезла ўнуку і ўнучцы музычныя падарункі з Вены. Бо музыка займае важнае месца ў іх жыцці, унук грае на гітары, а ўнучка – на фартэпіяна і флейце.
Вялікая радзіма Хуана Дыега – Перу, Ліма, горад каралёў, Мачу-Пікчу, горад Арэкіпа, Амазонія, краіна з неверагоднай літаратурай і паэзіяй, з вельмі таленавітымі і шчырымi людзьмі сталі ёй цікавымі, бо яна з юнацтва марыла пабываць у Лацінскай Амерыцы! Нарэшце, яна пасябравала з перуанскімі паэтамі з Лімы.
Перагортваючы старонкі сацыяльных сетак, яна зноў знайшла Эрыка Трабаніна з яго чароўнай флейтай і напісала яму.
Ён быў вельмі шчаслівы! “Добра, што вы памятаеце гурт “Tepehuani”, – напісаў Эрык. Нам пашанцавала ў юнацтве выступаць у Менску. І, здаецца, вы нам пераклалі? Не памятаю, ці я паціснуў вам руку?”
Эрык Трабаніна жыве ў Сальвадоры са сваёй сям’ёй. У яго чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Ён і цяпер грае на флейце. Ён прыслаў ёй сваю новую кампазіцыю ў запісе.
Чаму музыка так уздзейнічае на яе, вядзе па дарозе жыцця, ацаляе, надае сэнс, вабіць адпраўляцца ў новыя падарожжы, дапамагае знаходзіць новых сяброў і паплечнікаў? Напэўна, ў музыцы закладзены адзін з найвышэйшых сэнсаў жыцця – імкненне да прыгажосці, гармоніі, вышэйшых сфераў быцця.
Э. Дзвінская.