Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Адгрымеў “Славянскі базар” у Віцебску

Адгрымеў “Славянскі базар” у Віцебску

18 ліпеня 2024, 08:36 Культура 4
Адгрымеў “Славянскі базар” у Віцебску

З 9 па 15 ліпеня грымеў на ўсю планету XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У апошні дзень развязалася галоўная інтрыга цяперашняга “Славянскага базару”. Гран-пры конкурсу выканаўцаў  заваявала малдаванка Караліна Балан.

Уладальнікам першай прэміі стаў казах Ерназар Жубан. Другую падзялілі італьянка Мар’ям Танкрэдзі і расейка Кацярына Кузіна. Аналагічным было рашэнне журы адносна трэцяй прэміі, яе прысудзілі беларусу Валеру Чучману і Невене Пейкавай з Балгарыі.

Дыпламантамі конкурсу сталі прадстаўнікі Венесуэлы, Іспаніі, Латвіі, Славеніі, Турцыі, Узбекістана, Харватыі, Чэхіі і ПАР. Дарэчы, Thami Mbatha з ПАР – таксама ўладальнік адмысловай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства.

Адмысловай узнагародай “Песня – шлях да садружнасці” Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір” за высокае майстэрства ў захаванні нацыянальных традыцый ганаравана прадстаўніца Узбекістана Саліма.

Заснаваным Прэзідэнтам Беларусі адмысловым прызам “Славянская надзея” папоўнілася скарбонка ўзнагарод Kaleriya з Латвіі, які ўручыў намеснік прэм’ер-міністра, старшыня арганізацыйнага камітэта фэсту Ігар Петрышэнка.

У другі конкурсны дзень удзельнікі выканалі сусветныя хіты пад фанаграму “-1”, у першы – славянскі хіт у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. Ацэньвалі выступленні вядомыя спевакі, прадзюсары з Расіі, Малдовы, Мексікі, Даніі і Балгарыі. Міжнароднае журы ўзначаліла спявачка, народная артыстка Казахскай ССР Роза Рымбаева. Вынікі конкурсу абвясцілі на канцэрце ўрачыстага закрыцця XXXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

 

На ўрачыстым закрыцці выступілі айчынныя і замежныя госці цёплага і душэўнага культурнага форуму.

Беларуская спявачка Аляксандра Мелех агучыла цудоўны заклік – “Кінь словы” і зрабі! Напрыклад падарунак сабе – атрымай асалоду ад завяршальных мерапрыемстваў “Славянскага базару”, адчуй на сабе, як гэта – фестываль суткі напралёт.

Цудоўна, феерычна выканаў папуры з музыкі да кінафільмаў непераўзыдзены італьянскі трубач Нела Сальтца. Слёзы выступалі на вачах у аматараў тых кампазіцый, якія вядомы кінаманам з дзяцінства. Цяпер яны на свае вочы ўбачылі музыканта, чые сола на трубе выклікае асацыяцыю з ігрой анёлаў.

Гледачы Летняга амфітэатра цёпла, нібыта родную сустрэлі Любоў Успенскую, якая прадставіла свае хіты. “Па полюшку”, “Сіла мая са мной!” – гэта песні, якія публіка спявала ў адным парыве.

Аказваецца, нават традыцыйная для фестывалю непагода можа натхніць сапраўдных артыстаў, і, напэўна, таму Андрэй Барынаў выканаў кампазіцыю “Дажджы”. На шчасце, ён не прынёс гэтую прыродную з’яву ў Летні амфітэатр, таму вячэрні канцэрт прайшоў у цяпле і толькі з лёгкім свежым ветрыкам.

Тэа і Вольга Рыжыкава спыталі, каму сёння “Мама дазволіла” вярнуцца позна пасля канцэрту. Усё ж такі дарослым можаш ты быць, а матчын наказ не затрымлівацца доўга пасля закрыцця фестывалю выконваць абавязаны.

Для Жанет, як яна намякнула ў песні, яркі, класны фестываль патрэбны, як “Дыханне”.

 Часты госць форуму мастацтваў Яраслаў Сумішэўскі растапіў сэрцы дам песнямі “Мая незямная”, “Сцены”, а яго голас лёгкакрылай птушкай паляцеў у неба над творчым Віцебскам.

Марыям Мерабава, якая ў гэтым годзе была ў складзе журы ХХІІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”, таксама парадавала фестывальнага гледача праніклівай песняй. Яе “Сэрца на дваіх” цяпер умяшчае яшчэ і вялікую, гарачую і вечную любоў да “Славянскага базару”. А дзе гэтую любоў захоўваюць і берагуць, дакладна ведае група DoReDos, якая не першы раз прыязджае на ліпеньскі фестываль у горад на Віцьбе і ведае запаветныя мясціны.

Члены журы конкурсу маладых выканаўцаў Зара, Роза Рымбаева і Томас Н’эвергрын таксама падарылі спагадлівай публіцы свае вядомыя кампазіцыі, і кожнаму з іх прысутныя ў Летнім амфітэатры падзякавалі бурнымі апладысментамі.

Выхад на сцэну Ані Лорак выклікаў небывалае захапленне ў гледачоў, і адразу стала зразумела, хто ўваходзіць у топ любімчыкаў віцябчан і паклоннікаў “Славянскага базару”. Спявачка патанула ў авацыях, любові сваіх паклоннікаў, якія былі рады ўбачыць чароўную і пяшчотную артыстку, чые песні пра каханне пранікаюць глыбока ў сэрца і атрымліваюць там паста-янную прапіску.

 Арт-група “Хор Турэцкага” абвясціла, што “Гэты свет належыць табе”, і кожны ўдзельнік фестывалю зразумеў, што гэта пра “Славянскі базар у Віцебску”, якому ў ліпеньскія дні належыць свет мастацтва – шматграннага, рознапланавага і натхняльнага.

На заканчэнне канцэрту ўсе артысты выканалі кампазіцыю “Да пабачэння, фестываль”. Віцебск да наступнага года развітаўся з гасцямі і зоркамі “Славян-скага базару”, спадзеючыся на новую душэўную сустрэчу.

“Звязда”. Фота: БелТА.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0020
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3818
Першы ў свеце беларускі "Буквар" вярнуўся  ў Вільню
Культура

Першы ў свеце беларускі "Буквар" вярнуўся ў Вільню

12 снежня 2018, 07:5517
Далучайцеся да нас