Іспанія перамагла Германію з лікам 2:1 і стала першым паўфіналістам Еўра-2024
Датэрміновы фінал – вельмі спрэчная фармулёўка. Распавядзіце пра яе ўдзельнікам Еўра-2004. Партугалія – Англія, потым Партугалія – Нідэрланды, а еўрапейскае золата ў выніку адправілася ў Грэцыю. Так і тут – абодва трэнеры ўсяляк сыходзілі ад дадзенай тэмы. Юльян Нагельсман з нямецкай педантычнасцю заяўляў: “Гэта не фінал, а чвэрцьфінал, і мы хочам быць адным з удзельнікаў паўфіналу”. Акрамя таго, немец узмацніў жорст-касць дысцыпліны і ўслед за агентамі зачыніў праход на базу сваякам футбалістаў. А падчас трэніровак уключалі гучную музыку – каб ніхто не пачуў установак і рэплік футбалістаў.
У сваю чаргу Луіс дэ ла Фуантэ імкнуўся зняць напругу і пазбавіць сваіх гульцоў ад залішняга ціску. Яго вызначэнне гульні дзвюх самых зыркіх каманд турніру: сустрэча, годная фіналу. А на прэс-канферэнцыі, куды іспанцы на гэтым Еўра заўсёды спазняюцца, трэнер жартаваў. Напрыклад, калі гаворка зайшла пра Краоса, якога патрабавалася абмежаваць у магчымасцях для перадач і не даваць лёгка прымаць мяч, дэ ла Фуантэ заўважыў, што можна звязаць немцу ногі, але наўрад ці УЕФА ўхваліць гэтую ідэю.
Вось толькі ў кожным жарце ёсць доля праўды, і, напэўна, хоць бы на першых хвілінах легенду “Рэала” сапраўды варта было звязаць, таму што Краос нечакана аказаўся самым цвёрдым гульцом на полі ў Штутгарце. І калі наступ на нагу Ямаля не меў сур’ёзных наступстваў, то Педры спатрэбілася замена, і на лаўцы пакутаўшага ад траўмаў паўабаронцу (ён не стрымаў слёз) супакойвалі ўсе запасныя. Ніякіх санкцый за гэта не наступіла, а першая жоўтая картка дасталася Рудыгеру, калі той знёс выйшаўшага на замену Дані Альмо і зарабіў дыскваліфікацыю на гіпатэтычны на той момант паўфінал. У іспанцаў жа магчымасці згуляць у наступным матчы неўзабаве пазбавіўся Ле Норман.
Пасля такога аднаклубніку Арсена Захарана давялося дзейнічаць з аглядкай, і, магчыма, гэта перашкодзіла таму, каб спыніць Хаверца, які прыняў доўгі пас Рудыгера і біў з лініі штрафной. Зрэшты, на паўнавартасны галявы момант атака не цягнула. Як і спроба Хаверца прабіць галавой. Толькі гэта было хоць нешта. Іспанцы ж не нагружалі Нойера працай да фінала першага тайма і далёкага ўдару Альмо. Ды яшчэ Ямаль хітра, але крыху недакладна прабіў пад “сценкай”, якая падскочыла, са штрафнога.
Паказальна, што ў першым тайме “Чырвоная фурыя” ні разу не прабіла з меж штрафной. Іспанцаў туды проста не пускалі. Немцы пазбавілі суперніка прасторы, фактычна выключыўшы пагрозы з флангаў і перакрыўшы кісларод Уільямсу і Ямалю. У цэнтры ж у гаспадароў з першых хвілін з’явіўся не Андрых, які зноў змяніў колер валасоў, а выдатна папрацаваўшы за адведзеныя яму 45 хвілін Эмрэ Джан. Ветэран істотна абмежаваў патэнцыял Фабіяна Руіса.
Ці была запланавана замена Джана ў перапынку – пытанне вельмі цікавае. Выхад у іспанцаў Начо замест Ле Нормана, які вісеў на картцы, зразумелы. Лагічная і ракіроўка Сане на Вірца. А быццам бы свежы Андрых стаў тым, хто не здолеў заблакаваць удар адкрыўшага лік Альмо. Тым часам паўабаронца “Ляйпцыга” – майстар уключацца ў атаку другім тэмпам і знакавая постаць для дэ ла Фуантэ. Пяць гадоў назад менавіта гол Альмо прынёс Іспаніі перамогу над Германіяй (2:1) і золата моладзевага першынства Еўропы.
Пасля гола іспанцы ўжо дзейнічалі па ліку. Ці змагаліся за яго, хоць, магчыма, варта было больш гуляць. Ім пашанцавала, калі Фюлькруг патрапіў у штангу, а Хаверц не змог пакараць Унаі Сімона за памылку – перакінуў як галкіпера, так і перакладзіну. Аднак жалезная нямецкая воля, увасабленнем якой стаў Кіміх (ён пераскочыў Кукурэллю), дапамагла Вірцу перавесці гульню ў авертайм.
Там бундестым была бліжэй да таго, каб адмяніць серыю пенальці. Аднак Вірц прамахнуўся, а Сімон выцягнуў удар Фюлькруга. Калі ж латарэя з ударамі з 11-мятровай адзнакі здавалася непазбежнай, пры падачы Альмо пазіцыйную памылку дапусціў Рудыгер. А забіў Мерыно – яшчэ адзін гулец маладзёжкі, якая з дэ ла Фуэнтэ выйграла свой Еўра-2019. Цяпер узмужнелае пакаленне ідзе па галоўны трафей Старога Свету. Карвахаль дзеля гэтай мары пайшоў на выдаленне. Але яно таго было вартае.
Андрэй Кузічаў.
Фота Reuters.