Ёмістае выданне аб’ёмам каля 650-ці старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса “Ave Maria”, на старонках якога на працягу больш як 20-ці гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу. Акрамя таго, некаторыя літаніі, навэнны і вяночкі былі адмыслова падрыхтаваныя для новага малітоўніка.
Кожны практыкуючы вернік усведамляе неацэнную каштоўнасць тых формаў набажэнства, якія прапануюцца ў гэтым зборніку.
Угрунтаваныя на глыбокай духоўнасці, многія з гэтых тэкстаў маюць старажытнае паходжанне: яны былі складзеныя шмат стагоддзяў таму і ўвабралі ў сябе духоўны вопыт многіх пакаленняў вернікаў, невычэрпнае багацце малітоўных заклікаў, актаў і формул. Гэта своеасаблівая і важная частка хрысціянскай культуры, з якой мы павінны няспынна чэрпаць натхненне і якой вельмі важна напаўняць наша штодзённае жыццё – інакш мы проста загразнем у няпэўнасці і расчараваннях, у трывозе і стрэсе.
Нездарма да навэннаў, літаній і вяночкаў як да любімых формаў прыватнай малітвы часта звярталіся святыя і дабраслаўлёныя, пакінуўшы нам шматлікія сведчанні пра эфектыўнасць такой малітоўнай практыкі. Варта падкрэсліць, што дзейснасць малітвы заключаецца не ў нейкай асаблівай сіле яе словаў ці выразаў – не згодна з хрысціянскай верай надзяляць іх “магічнымі” уласцівасцямі, – а ў тым, што гэтыя традыцыйныя набажэнствы патрабуюць ад верніка паслядоўнасці і пастаянства, што, у сваю чаргу, фармуе ў душы цвёрдую, нязломную веру і дапамагае не збочваць з абранага духоўнага шляху. Так, навэнна звычайна доўжыцца дзевяць дзён – а гэта ўжо патрабуе пэўнай дысцыпліны ва ўласным духоўна-рэлігійным жыцці. Літаніі і вяночкі часцей за ўсё заснаваны на мностве малітоўных паўтораў і заклікаў, таму дапамагаюць максімальна “заглыбіць” свае думкі ў малітву, напоўніць ёю штодзённыя справы і абавязкі.
Пан Езус, жадаючы ўсяму свету аб’явіць бязмежнасць сваёй Міласэрнасці і заахвочваючы чалавецтва маліцца аб уміласціўленні за грахі, прадыктаваў святой Фаўстыне Кавальскай менавіта гэтыя тры формы малітвы да Божай Міласэрнасці: літанію, навэнну і вяночак. Дарэчы, ў 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з часу з’яўлення Вяночка да Божай Міласэрнасці.
Менавіта ў гэтай святой містычкі мы можам вучыцца вытрываласці ў малітве. “Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі” (Дзённік, 147), – разважае святая Фаўстына.
Яна ж разам з іншымі нябеснымі заступнікамі падае нам добры прыклад маліцца навэнну не толькі перад святамі і ўрачыстасцямі, але і перад важнымі рашэннямі, у цяжкіх сітуацыях, у сумневах і просьбах да Пана Бога аб Яго ласках. Але нават калі нам здаецца, што мы прыклалі так шмат намаганняў у малітве, а нашыя просьбы не выслуханыя, мы ўсё адно атрымалі вельмі вялікі дар – сталі бліжэй да Бога, правялі з Ім свой час, спазналі прысутнасць Духа Святога… Чаканне таксама плённа фармуе нашыя сэрцы. Плён малітвы неабавязкова праяўляецца адразу ж, бо “ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння” (1 П 3, 8-9).
Калектыў выдавецтва спадзяецца, што духоўныя тэксты гэтых навэннаў, літаній і вяночкаў да Пана Бога, Маці Божай, святых і благаслаўлёных, упершыню сабраныя пад адною вокладкаю, дапамогуць вернікам узмацняць свой давер да Пана, выпрацоўваць пакору і вытрываласць у малітве, зноў і зноў адважна прыносіць да Бога ў малітве ўсе свае цяжкасці, сумневы і просьбы.
Пазнаёміцца з кнігаю і набыць яе можна будзе найперш на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Бра-славе, а таксама звярнуўшыся да пробашчаў парафій і ў парафіяльныя кіёскі.
Catholic.by.