“Васілёк у жыце Беларусі” – пад такой назвай у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея адкрылася часовая выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У Доме-музеі 19 чэрвеня, у дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры сабраліся лідскія творцы.
Адказны за выстаўку навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун пазнаёміў прысутных з матэрыялам, прадстаўленым на экспазіцыі. Такім чынам, яны змаглі пабачыць асабістыя рэчы Васіля Уладзіміравіча Быкава, якія захоўваліся ў хатнім архіве Быкава, а менавіта сына пісьменніка таксама Васіля (Васільевіча). Яны былі перададзены падчас сустрэчы на яго кватэры яшчэ студэнту, але ўжо супрацоўніку лідскага музея Алесю Хітруну, які вучыўся ў Гарадзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы. Было гэта 12 снежня 2012 года. У той дзень было ўзята інтэрв’ю ў сына знакамітага пісьменніка, якое было змешчана ў матэрыяле “Дар бацькі нікому не перадаўся” (газета “Звязда”, № 208 (27573) за 2 лістапада 2013 г.). І вось надышоў момант пазнаёміцца з арыгіналамі, тымі рэчамі, якімі ў свой час карыстаўся народны пісьменнік Беларусі. А гэта запісныя кніжкі В. Быкава з чарнавымі рукапіснымі накідамі да твораў, якія нідзе не друкаваліся (да рамана “Лесвіца” і інш.), рэдакцыйныя лісты-адказы Васілю Быкаву, ручка, якой карыстаўся пісьменнік, яго пасвед-чанне дэпутата Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных БССР ад выбарчай акругі № 225, запрашальны білет на вечар, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Таксама можна было ўбачыць шэраг фота-здымкаў, якія ў свой час перадаў лідскі журналіст Аляксандр Жалкоўскі. На іх засведчаны сустрэчы В. Быкава разам з дэлегацыяй у 1975 годзе, сярод якіх Р. Барадулін і кіраўніцтва саўгаса Тарнова Лідскага раёна; у Лідзе на сустрэчы з вучнямі СШ № 8 у лютым 1976 года. Ёсць фотаздымак 1973 года, на якім Васіль Быкаў у Лідскім краязнаўчым музеі, дзе разам з пісьменнікам не менш вядомыя Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, дырэктар музея Яўгенія Брэйва. Ёсць і фотаздымак, на якім адлюстравана сустрэча з пісьменнікамі ў Гудзевічах (Мастоўскі раён) у траўні 1967 года, дзе сярод іншых і В. Быкаў. Усё гэта было вырашана паказаць наведвальнікам, прыхільнікам спадчыны сёлетняга юбіляра.
Для ўвагі тут прадастаўлены стосы матэрыялаў і кніг, якія былі падпісаны куратару выстаўкі Алесю Хітруну ад сына пісьменніка, ад былога дырэктара музея Васіля Быкава ў Гародні Мікалая Мікалаевіча Мельнікава і інш., а таксама серыя кніг, укладальнікам якіх з’яўляецца быкавазнавец Сяргей Шапран.
Так, сярод прысутных на мерапрыемстве былі і тыя, хто меў магчымасць сустракацца з класікам. Яшчэ ў студэнцкія гады кансультаваўся ў яго лідскі пісьменнік Уладзімір Васько. Ён з цікавасцю распавёў перад прысутнымі пра тыя шчаслівыя моманты. Дарэчы, лідскі творца неаднаразова дзяліўся гэтымі ўспамінамі ў мясцовай прэсе і ў сваіх кнігах. Захавалася ў яго і перапіска з В. Быкавым, а менавіта пісьмы, якія датуюцца 20.01.1966 г. і 18.09.1973 г. Іх, між іншым, У. Васько перадаў у фонды музея, і яны таксама знайшлі месца на выстаўцы. Так, доказам таго, што ў свой час адбываліся паміж імі сустрэчы, сабраныя пачулі ўрывак з аўдыёкнігі ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” ў выкананні самога Васіля Быкава.
Пра творчасць народнага пісьменніка Беларусі, пра грамадскую дзейнасць, пра магчымыя сустрэчы з ім, пра тое, як сёння з пашанай увекавечваецца дзяржавай яго імя, падзяліўся лідскі краязнавец, галоўны рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік.
А яшчэ з народным пісьменнікам Беларусі ў свой час былі знаёмы лідскія літаратары Міхась Мельнік, Алеся Бурак, Ларыса Канчэўская. З іх успамінамі таксама можна пазнаёміцца на выстаўцы.
Трэба зазначыць, што шматлікія мерапрыемствы ў гэтым годзе праходзяць у рамках 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Васіль Быкаў – менавіта адзін з тых, хто прыбліжаў Перамогу, вызваляў землі ад варожых нашэсцяў, і пра тыя падзеі ён напісаў нямала мастацкіх твораў. І таму выстаўка, якая разгарнулася ў Доме Валянціна Таўлая з’яўляецца актуальнай.
Гайда, у Дом Валянціна Таўлая! Васілёк у жыце Беларусі чакае вас!
Наш кар.