Колькі часу прайшло, а доўгае рэха вайны не змаўкае. Прабіваецца то нечаканым знаходжаннем затоеных снарадаў, то ўспамінамі са слязамі на вачах, то ціхім плачам над зберажонай пахаванкай з сухімі словамі “прапаў без вестак”, то перазвонам медалёў на грудзях сівавалосых ветэранаў.
Для нашай краіны вясновы месяц травень – гэта заўсёды перыяд, які напоўнены асаблівым сэнсам. 2024 год – не выключэнне, а менавіта таму, што навокал адзначаюць 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта свяшчэнная памяць аб загінуўшых на палях бітвы, памёрлых ад ранаў у мірны час.
Каб памяць у сэрцы жыла супрацоўнікамі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 2” быў праведзены ўрок “Мы ўнукі твае, Перамога!”, на які прыйшлі выхаванцы ДУА “Дзіцячы сад № 29 г. Ліды”. Дзеля таго, каб дашкольнікі зразумелі, што такое вайна і ганарыліся подзвігамі абаронцаў Айчыны, гаворка ішла пра мужнасць партызан і салдат, геройства простых беларусаў, і нават такіх маленькіх дзяцей, як удзельнікі мерапрыемства, бо на іх лёс, нажаль, прыпалі ваеннныя гады. Асноўнай мэтай мерапрыемства было фарміраванне пачуцця патрыятызму і гонару за нашу краіну.
У рамках рэалізацыі праекта “Свет адзін на ўсіх” у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” з атрымальнікамі паслуг аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў дзяржаўнай установы “ЛРТЦСОН” прайшоў вусны часопіс “Вайна ў сэрцах, у памяці, у кнігах”. Перагортваючы старонкі часопіса, дзеці даведаліся пра бітвы, якія змянілі ход Вялікай Айчыннай вайны, пра мужнасць і гераізм савецкіх людзей на фронце і ў тыле, пра дзяцей, пра міласэрнасць. Старонка часопіса “Лірычная” пазнаёміла з мелодыямі ваенных гадоў. Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых абаронцаў Радзімы.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” быў праведзены рэпартаж памяці “Мір патрэбны на зямлі заўсёды”. Прысутныя расказвалі аб сваіх родных, якія прайшлі дарогамі вайны. Падчас мерапрыемства спявалі і слухалі ваенныя песні, чыталі вершы. Усе з цікавасцю пазнаёміліся з кнігамі, размешчанымі на выставе “Памяць зямлі, памяць людзей”.
У філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” прайшла памятна-гістарычная гадзіна “Іх подзвіг жывы, непаўторны і вечны”. Вучням ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Ліды” расказалі, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне дасталася высокай цаной. А цаной была смерць людзей. Дзеці нароўні з дарослымі змагаліся за мірнае неба, таму хлопчыкам і дзяўчынкам распавялі пра некаторыя подзвігі, учыненыя юнымі героямі. Іх смеласць і адвага ўвекавечаны мемарыяламі, і кнігі таксама захоўваюць памяць пра герояў вайны. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі на ваенную тэматыку і прынялі ўдзел у гульні “Юны антыфашыст”.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 2” для вучняў 5А класа ДУА “Сярэдняя школа № 8 імя В.Ф. Казакова” прайшла гадзіна-напамін “Наш абавязак памятаць”, прымеркаваная да свята Перамогі. Бібліятэкар расказала дзецям пра цяжкія ваенныя выпрабаванні, пра людзей, якія кавалі Перамогу на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў тыле. Прысутныя даведаліся, як захоўваецца памяць аб падзеях вайны, аб яе выдатных удзельніках і іх учынках, аб панесеных стратах, праз знаёмства з творчасцю беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў: А. Адамовіча, І. Чыгрынава, І. Шамякіна, М. Лынькова, якія пакінулі нам, унукам і праўнукам, праўду з першых рук.
З кожным годам выдаляюцца ад нас суровыя дні Вялікай Айчыннай вайны. А кнігі – захавальнікі памяці – дапамагаюць нам ацаніць у поўнай меры светлыя імгненні заканчэння вайны.
Бібліятэкар
аддела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.