Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
210 гадоў з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча

210 гадоў з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча

17 красавіка 2024, 20:46 Культура 128
210 гадоў з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча

Граф Яўстах Піевіч Тышкевіч (польск.: Eustachy Tyszkiewicz, руск.: Евстафий Пиевич Тышкевич), 18 красавіка 1814, Лагойск – 28 жніўня 1873, Вільня) – беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак (1844-1847), ганаровы папячыцель Менскай губернскай гімназіі (1847-1854).

Член Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей (1843), член і карэспандэнт Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей (1843), ганаровы член Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук (1859), Лонданскага археалагічнага інстытута.

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Тышкевічаў гербу “Ляліва”, прадстаўнікі якога ў XVI-XVIII стст. адносіліся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай.

Яўстах Тышкевіч нарадзіўся 6 (18) красавіка 1814 г. у родавым маёнтку Лагойск у сям’і буйнога землеўласніка Барысаўскага павета Менскай губерні графа Пія Феліцыянавіча Тышкевіча (1776-1842), барысаўскага павятовага маршалка (1814-1820), і графіні Аўгусты-Марыі Аўгустаўны-Гіяцынтаўны Плятэр (1782-1834).

Бацька Пій быў сынам генерал-маёра войск ВКЛ графа Феліцыяна Міхалавіча-Янавіча Тышкевіча (1719-1792) ад яго першай жонкі шляхцянкі Масецкай, валодаў буйным маёнткам Лагойск (Лагойск, Антанопаль, Косін, Камень і інш.) у Барысаўскім павеце, дзе ў 1805 г. налічвалася 1 390 рэвізскіх душ, у 1814 г. – 1 455, у 1836 г. – 1 320. Пасля выдзялення значнай часткі маёнтка сваім дарослым сынам – Канстанціну і Яўстаху – Пій Феліцыянавіч Тышкевіч у 1841 г. меў за сабой паводле рэвізіі 120 душ у маёнтку Слабодка ў Барысаўскім павеце, а ў 1853 г. – 392 душы.

Маці Яўстаха графіня Аўгуста-Марыя Аўгустаў-на-Гіяцынтаўна Плятэр (1782-1834) нарадзілася ў сям’і прадстаўніка рэгіянальнай эліты Інфлянцкага ваяводства графа Аўгуста-Гіяцынта Канстанцінавіча-Людвікавіча Плятэра (1745-1803), дынабургскага павятовага маршалка (1779-1780), браслаўскага маршалка Таргавіцкай канфедэрацыі і Ганны Станіславаўны Ржавускай (1761-1800), якая была дачкой Станіслава-Фердынанда Вацлававіча Ржавускага (1737-1786) і яго жонкі князёўны Кацярыны-Караліны Радзівіл (1740-1789), сястры вядомага нясвіжскага ардыната князя Караля-Станіслава Радзівіла “Пане Каханку”. Гэта парадніла ўжо адносна бяднеючую магнацкую галіну лагойскіх Тышкевічаў з самымі ўплывовымі сем’ямі ВКЛ другой паловы XVIII ст. – князямі Радзівіламі, князямі Агінскімі, графамі Плятэрамі.

Старшым братам Яўстаха быў Канстанцін Піевіч Тышкевіч (1806-1868), пачынальнік беларускай археалогіі, краязнавец, культурны дзеяч, ахайны і руплівы маянтковец.

У 1824 г. Яўстах пачаў вучыцца ў гімназіі ў Вільні. Па невядомых прычынах перавёўся вучыцца ў губернскую гімназію ў Менску, якую скончыў у 1831 г.

27 лістапада 1833 г. паступіў на службу канцылярыстам у Капітул імператарскіх і царскіх ордэнаў па экспедыцыі ордэна Святой Ганны.

Пераведзены ў штат канцылярыі віленскага генерал-губернатара на пасаду канцылярскага чыноўніка.

19 студзеня 1839 г. выдадзены ўказ Сената Расійскай Імперыі, які надаваў графу Яўстаху Тышкевічу чын калежскага рэгістратара са страшынствам (з адлікам з 27 лістапада 1835 г.).

6 траўня 1840 г. граф Яўстах Тышкевіч пераведзены ў штат канцылярыі Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара на пасаду канцылярскага чыноўніка.

14 ліпеня 1840 г. выдадзены ўказ Сената Расійскай Імперыі, які надаваў графу Яўстаху Тышкевічу чын губернскага сакратара са страшынствам (з адлікам з 27 лістапада 1839).

4 верасня 1840 г. граф Яўстах Тышкевіч (па ўласным прашэнні) быў звольнены са службы ў канцылярыі Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара.

12 лістапада 1842 г. быў зацверджаны міністрам асветы Расійскай Імперыі на пасадзе ганаровага нагля-дальніка вучэльняў Барысаўскага павета.

20 верасня 1844 г. у Менску на дваранскіх выбарах быў выбраны павятовым дваранствам на пасаду барысаўскага павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) (1844-1847).

13 ліпеня 1845 г. за паспяховы набор рэкрутаў з катэгорыі “грамадзян” і “аднадворцаў”, які праводзіўся ў 1845 г. у Менскай губерні ў Слуцку ў другім рэкруцкім дэпо, атрымаў афіцыйную падзяку.

6 кастрычніка 1845 г. зацверджаны ўладамі на пасадзе члена барысаўскага папячыцельнага камітэта аб турмах.

8 кастрычніка 1846 г. атрымаў чын тытулярнага дарадцы.

27 верасня 1847 г. у Менску на дваранскіх выбарах быў выбраны ганаровым папячыцелем Менскай губернскай гімназіі, а 12 снежня 1850 г. пераабраны на гэтую ж пасаду (да 1854).

У 1845 г. за графам Яўстахам Тышкевічам ва ўласным маёнтку Антанопаль у Барысаўскім павеце лічылася 547 рэвізскіх душ, а ў 1850 г. – 392.

 

Вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы на беларускіх землях.

3 кастрычніка 1843 г. выбраны членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей. 31 кастрычніка 1843 г. найменаваны членам і карэспандэнтам Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію (1855-1865) і Віленскі музей старажытнасцей (1855). Супрацоўнічаў разам з братам Канстанцінам Тышкевічам з газетай “Kurier Wilenski”,  якую рэдагаваў Адам-Ганорый Кіркор.

Пакінуў па сабе шмат прац археалагічнага і краязнаўчага характару, у т.л. “Rzut oka na srodla archeologii krajowej, czyli opisanie niektorych zabytkow starozytnosci odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego” (1842), “Listy o Szwecji”, t. 1-2 (1846), “Opisanie powiatu borysowskiego” (1847), “Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotow sztuk i rzemiosl w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej” (1850), “Zrodla do dziejow Kurlandii i Semigalii…” (1870).

Апошнія дні жыцця Яўстах Тышкевіч правёў у Вільні пад апекай сваёй роднай сястры, пры ёй і памёр 13 (25) жніўня 1873 г. у Вільні ў доме Агінскіх.

Быў урачыста пахаваны 16 (28) жніўня 1873 г. у Вільні на могілках Росы, у той жа дзень прайшла і імша па памерлым.

У 2022 годзе помнік Яўстаху Тышкевічу паставілі каля Акадэміі Навук у Менску.

У №№ 49 і 50 газеты “Наша слова.pdf” за 2023 год быў надрукаваны вялікі артыкул Леаніда Лаўрэша “Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей”.

Паводле СМІ.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2216
Далучайцеся да нас