Іван Шамякін
Глыбокая плынь
Гэта была спецыяльная снайперская група, створаная па ініцыятыве Лубяна, выдатнага снайпера, які яшчэ да вайны на рэспубліканскім спаборніцтве стралкоў атрымаў другі прыз. Гэта яго кулі знімалі вартавых немцаў і паліцаяў з такой адлегласці, што ворагі не маглі нават хутка вызначыць, адкуль стралялі. За восем месяцаў партызанскай дзейнасці на яго асабістым рахунку было каля трыццаці немцаў і паліцаяў. Яму зайздросцілі ўсе маладыя партызаны. Ён вучыў іх снайперскай справе старанна, удумліва, а сам употайкі ўвесь час марыў аб снайперскай вінтоўцы з аптычным прыцэлам. Нідзе яму не даводзілася пабачыць у немцаў такую вінтоўку, а то быць бы ёй у яго руках…
Пасля смерці сям’і ў яго, дваццацігадовага юнака, пасівелі скроні, і ён зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Цяпер адзінай мэтай яго жыцця было помсціць ворагу, і ён помсціў бязлітасна, жорстка і жыў толькі гэтым, забыўшыся на ўсе іншыя пачуцці і думкі.
(Каля 140 слоў.)
Васіль Быкаў
Яго батальён
Усе ў рад яны пасталі каля павароткі з левага боку траншэі. Наперадзе стаяў лейтэнант Круглоў, за ім прыціснуўся да сцяны Валошын, затым Чарнаручанка і астатнія. Перад рыўком на хвіліну замерлі, прыслухаліся. 3-за бартоў шынялёў, з кішэняў ватовак, з-пад дзяг у байцоў густа тырчалі драўляныя ручкі гранат, твары ва ўсіх былі напружаныя і рашучыя. Нічога, аднак, не ўчуўшы праз грымотныя выбухі ў полі, Круглоў, па нядаўняму прыкладу Валошына, зняў з галавы каску і шпурнуў яе за калена. Але ніякай чаргі адтуль не раздалося, і камсорг першы кінуўся за паваротку; за ім, прыгнуўшыся, пабеглі байцы. За павароткай, аднак, нікога не аказалася – разбітая снарадамі, засыпаная зямлёй, траншэя была пустая. Яны дабеглі да наступнай яе павароткі, і зноў усе спыніліся. Пачатак як быццам аказаўся ўдалы. Круглоў задаволена, амаль узрадавана, зірнуў на Валошына. які, аднак, адказаў яму па-ранейшаму заклапочаным позіркам – яму гэта спадабалася менш. Немцы кудысь зніклі, але не маглі ж яны кінуць траншэю, нехта павінен прыкрыць іх кулямёты, значыць, яны дзесьці тут. За каторым каленам толькі?
Байцы мінулі яшчэ дзве-тры павароткі і нерашуча спыніліся – траншэя падзялялася на дзве, адна ішла ў ранейшым кірунку, а другая пад вострым вуглом забірала ўбок і вышэй. Валошын позіркам паказаў Круглову на тую, што адгаліноўвалася ўбок, а сам сігануў прама.
Ён зрабіў усяго тры крокі і, скалануўшыся, рэзка азірнуўся – ззаду пачуўся вокрык, і ў тое ж імгненне два гранатныя выбухі абдалі яго пяском, смуродам і дымам. Чарнаручанка, які бег следам, размахнуўся гранатай, але кінуць яе не паспеў – з-за павароткі ў іх бок спалохана матлянуліся два байцы, у спіну якім горача пыхнула з аўтамата. Запырскаўшы камякамі гліны, кулі густа падзяўблі гладкую сцяну траншэі. Пасля грымнула далей, і Валошын зразумеў, што гэта кінулі гранаты байцы. Тады ён вырваў з рукаяткі шнурок і разам з Чарнаручанкам таксама кінуў гранату. Здвоена ляснуўшы запаламі, гранаты зніклі за брустверам…
(Каля 280 слоў.)
Іван Мележ
Мінскі напрамак
Усе гэтыя дні няшчадна паліла сонца.
У машыне было душна. Браня, напаленая сонцам, пякла. Гарачынёй дыхаў матор, што напружна гуў за баявым аддзяленнем. Каб зменшыць гарачыню ў машыне, ехалі з адчыненымі люкамі. Плынь свежага паветра ўрывалася ў іх быццам абмывала твары танкістаў. Калі здаралася, што вецер дзьмуў убок і пыл адносіла ад машыны, танкістам было лягчэй, бо можна было падставіць твар свежаму ветру.
Раніцай калона падышла да Мінскай магістралі, што бегла на захад. Бегла то праз дружныя цёмныя сасонннікі, то праз беластволыя бярэзнікі, то праз густыя мешаныя гаі. Бегла паўз шырокія прасцягі яшчэ не ўчарнелых пнёў, што аддзялялі шашу ад лясоў. Прасцягі, на якіх упарта выбівалася ўгару зялёная моладзь. Бегла цераз балоты, што паблісквалі аерам, цераз палі, на якіх азёрамі разлівалася свірэпа. Праз спаленыя, зруйнаваныя ці затоеныя ў трывозе вёскі. Бегла туды, дзе чакаў спаку-таваны Мінск.
(Каля 140 слоў.)
Міхась Лынькоў
Векапомныя дні
Вестка аб вызваленні Арла і Белграда маланкаю абляцела ўсе атрады. Партызаны сустрэлі гэтую падзею, як вялікае свята. А тут што ні дзень радыё прыносіла весткі аб новых перамогах. Савецкія войскі набліжаліся да Смаленска і Палтавы, у зводках Інфармбюро з’явіўся Гомельскі напрамак.
Гомельскі напрамак! Як багата значылі гэтыя словы для людзей, якія ўжо больш за два гады жылі, як гаварылі старыя, пад фашыстам. Гэтыя два словы багата значылі і для тысяч і тысяч беларускіх сем’яў, якія пакінуў-шы родныя гарады і сёлы і ўвесь свой набытак, каторы ўжо час знаходзіліся ў бежанцах.
Наступленне савецкіх войск было такое імклівае, што фашыстам не ўдалося ажыццявіць свайго злачыннага намеру знішчэння тых дамоў Мінска, якія ўцалелі ад першых дзён вайны. Яны паспелі толькі замініраваць буйнейшыя будынкі, як Дом урада, дом Цэнтральнага Камітэта партыі, тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў і некаторыя іншыя. Узарваць не паспелі. Часткова перашко-дзілі ім у гэтым і групы падпольшчыкаў, якія былі спецы-яльна арганізаваны, каб у патрэбную хвіліну даць рашучы адпор гітлераўскім падпальшчыкам.
Мінск быў вызвалены, былі перарэзаны чыгункі на Вільнюс і Баранавічы, было ўзята ўжо некалькі гарадоў далей на захадзе, а пад самым Мінскам, на ўсход ад яго, ішлі яшчэ жорсткія баі. Больш за сто тысяч салдат і афіцэраў чацвёртай гітлераўскай арміі былі акружаны ў мінскім катле.
А навакол ішло сваім парадкам жыццё. Паміж руін ставілі палаткі партызаны. Раскладалі вогнішчы. Сям-там зайграў ужо гармонік. Моладзь весялілася шчыра, з усім запалам сваіх сэрцаў. Скакалі, пелі песні, расказвалі вясёлыя гісторыі, наладжвалі розныя гульні.
У святле партызанскіх кастроў не такімі ўжо змрочнымі здаваліся руіны горада. Яны нібы ажывалі ў трапяткіх водблісках агнёў, шумелі адгалоскамі ад людской песні і слова.
(Каля 280 слоў.)
Уладзімір Карпаў
Далёкія зарніцы
Вызвалены горад ажывае адразу. Ва ўсякім выпадку так было ў Мінску.
Як толькі за разведкаю і танкамі па галоўнай яго магістралі – Савецкай вуліцы – рушыла пяхота, у горадзе, пустым і мёртвым, імгненна абудзілася жыццё. Яно з’явілася аднекуль з-пад зямлі, з сутарэнняў, з самых нечаканых тайнікоў і схованак.
А там, дзе жыццё,- там клопаты. І ўжо назаўтра людзі ўспомнілі: сярод руін у іх ёсць абгароджаныя абга-рэлымі ложкамі градкі чэзлай, пакрытай рудым пылам капусты, буракоў, ёсць нешта прыхаванае ў зямлі, сёе-тое засталося на папялішчах. А яшчэ праз дзень і на заку-раных сценах знявечаных будынкаў нехта напісаў ужо заклікі – словы веры і клятвы.
На руінах, на прыступках уцалелых ганкаў з’явіліся новыя, накрэмзаныя крэйдаю адрасы і кароткія пісьмы – для тых, каго чакалі, хто павінен быў прыйсці, прыехаць, прыляцець.
І быццам бы на гэтыя заклікі, на незвычайныя лісты адусюль пацягнуліся ў горад людзі. Рознымі шляхамі-дарогамі кіраваліся яны сюды, дзе быў або павінен быць прытулак, дзе, пэўна, будзе праца, а значыць,- і шчасце.
Вярталіся тыя, хто ўцёк ад фашысцкага гвалту ў вёску і там працаваў кавалём, падпаскам, хто пражыў ваенную навалу ў цывільных лясных лагерах, вырабляючы партызанам скуру, рамантуючы зброю.
Ішлі па адным і сем’ямі. Цягнулі каламажкі з бежан-скім дабром або проста ў лясёнках неслі за плячыма ўсё, з чым мусілі нанава пачынаць жыццё. Часам гналі казу, карову.
Часцей верхам, на самаробным сядле, больш рэдка на фурманцы – яшчэ са зброяй – ехалі партызаны. Ледзь перастаўляючы ногі, раз-поразу адпачываючы на прыда-рожных каменнях, пляліся счарнелыя чалавечыя здані – смяротнікі Трасцянца, вязні, вывезеныя гітлераўцамі ў другія гарады на прымусовыя работы.
Але як толькі ўсе гэтыя людзі дасягалі гарадскіх ускраін, яны… некуды знікалі. І ўжо не было партызан, бежанцаў, учарашніх вязняў – былі мінчане.
(Каля 300 слоў.)
З. Стасюлевіч
Выратавалі… мост
Імклівы наступ савецкіх войск на Ліду быў вялікай нечаканасцю для ворага. Але адчуваючы сумны фінал, гітлераўцы ў многіх месцах замініравалі Ліду. Задума была такая: савецкія салдаты, ахопленыя парывам наступлення, страцяць пільнасць і знойдуць тут сваю смерць.
Ды гэтым задумам не было суджана збыцца. Мінёры на чале з маёрам Наумкіным абгарадзілі цэнтральныя вуліцы горада папераджальнымі таблічкамі, адшукалі фугасныя зарады. Апошнія ўтойвалі ў сябе вялікую небяспеку. Дастаткова сказаць – адзін такі “падарунак” ад фашыстаў важыў пад 400 кілаграмаў.
Асабліва замініравалі немцы чыгуначны мост цераз Нёман. Тут было замацавана 15 фугасаў па 200-300 кілаграмаў кожны. Увесь гэты арсенал фашысты вывелі на гадзіннікавы механізм, які павінен быў спрацаваць праз 21 гадзіну пасля яго запуску. Мінёры ў час выявілі небяспеку. Салдаты асцярожна падбіраліся да пераправы і па адных ім вядомых прыкметах знаходзілі ўстаноўленыя фугасы.
Мост цераз раку Нёман уцалеў, і хутка па ім у бок вызваленых Баранавіч і Вільнюса пайшлі цягнікі.
(Каля 140 слоў.)