У Лідзе шырока адзначылі 110-годдзе з дня нараджэння заходнебеларускага паэта і рэвалюцыйнага дзеяча Валянціна Таўлая.
Падрыхтоўка
Вайсковыя могілкі ў Менску. Тут спачывае Паэт. Месца, дзе ёсць магчымасць пакланіцца нацыянальнаму дзеячу, патрыёту, беларусу. І пакласці кветкі… 5 лютага магілу Валянціна Таўлая наведаў навуковы супрацоўнік Дома Таўлая ў Лідзе Алесь Хітрун.
У плане падрыхтоўкі аа 110-х угодкаў з дня нараджэння Валянціна Таўлая ў Лідзе пад тытулам “Аб’ект “Дом Таўлая” Лідскага гістарычна-мастацкага музея” выйшаў зборнік “Мелодыі памяці”. Укладальнік – навуковы супрацоўнік “Дома Таўлая” Алесь Хітрун. Рэдактар – Станіслаў Суднік. У зборніку на 116 старонках змешчаны сем песень кампазітара Леаніда Шурмана на словы Валянціна Таўлая і адна песня на словы Максіма Танка, прысвечаная Валянціну Таўлаю. Змешчаны вершы Валянціна Таўлая, напісаныя ў Лідзе, падборка прысвячэнняў Валянціну Таўлаю з розных часоў і іншыя матэрыялы. Наклад зборніка 120 ас.
Яшчэ ў савецкі час Леанід Барысавіч Шурман спрычыніўся напісаць музыку на вершы беларускага паэта Валянціна Таўлая. Дзесьці тры гады назад у Алеся Хітруна пачалася перапіска з кампазітарам, гутаркі па тэлефоне. Леанід Барысавіч даслаў рукапісы гэтых нотаў. Як ажывіць іх? – паўставала пытанне. Нават была задума арганізаваць сустрэчу… Дарэчы, кампазітар часта прыязджаў у Ліду на фестываль-конкурс “Ільвёнак”, у якім быў у складзе журы. Усё ж напрыканцы 2022 года ад Леаніда Барысавіча быў дасланы канчатковы камп’ютар-ны набор гэтых нотаў. Іх, між іншым, планавалася выдаць хаця бы якім саматужным выданнем.
Аднак, напрыканцы студзеня 2023 года маэстра не стала… Памяць пра сябе ён пакінуў…
Праз год зборнік выйшаў… На гадавіну па смерці музыканта і на юбілей беларускага паэта Валянціна Таўлая…
5 лютага Алесю Хітруну ўдалося сустрэцца ў кватэры з жонкай-удавой музыканта Ірынай Аляксееўнай. Тут нараджаліся музычныя творы! Бясспрэчна, Алесь перадаў і падпісаў ёй зборнік.
Няхай гучыць мелодыя ў звонкіх вершах Валянціна Таўлая. У памяць ужо абодвух аўтараў…
Лідскі хлебазавод выпусціў да 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая партыю юбілейных пернікаў.
Хоць еш, хоць глядзі, хоць у калекцыю кладзі.
На Лідскай мэблевай фабрыцы (цяпер “Івацэвічдрэў”) былі прыведзены ў ідэальны стан падвалы. Перад вайной і ў час вайны – гэта турма “На Сыракомлі”. Там і сядзеў арыштаваны немцамі Валянцін Таўлай, чакаючы адпраўкі ў Асвенцым.
Лідскі завод харчканцэнтратаў, які знаходзіцца на вуліцы В. Таўлая аказаў Лідскаму музею спонсарскую дапамогу.
Сам музей выпусціў шэраг рэкламных матэрыялаў і абнавіў экспазіцыю ў Доме Таўлая.