Да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга Тодара Лебяды
6 студзеня 2024 года споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння двойчы рэпрасаванага беларускага паэта, драматурга, празаіка Тодара Лебяды (Пятра Шырокава, 1914-1970). Таго самага Тодара Лебяды, які ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара ў 1940-1980-х гадах было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.
Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў:
Ёсць рэчка такая,
Лучосай завецца,
Над рэчкаю сад наш і дом;
Там спелыя вішні
Ружовым суквеццем
Схіляюцца ўніз
Над вадой…
Размова ідзе пра Віцебск, дзе 6 студзеня 1914 года нарадзіўся Пятро Шырокаў. Рана застаўся без бацькі, выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава.
Пасля Віцебскай сямігодкі Пятрок Шырокаў паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Менскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах “Віцебскі рабочы”, “Савецкая Беларусь” і “Піянер Беларусі”. У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Тут ён знаёміцца і з яўрэйкаю Басяй Цы-пінай, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымушаюць Пятра Шырокава быць бліжэй да гэтай багатай мінчанкі-аднакурсніцы. Але, мабыць, гэта яна ўмела прывабіла беларускага рахманага хлопца. Пра гэта добра напісаў у сваім рамане “Раман Корзюк” (Нью-Ёрк-Мюнхен, 1985) Масей Сяднёў: “… Скончылася лекцыя Піятуховіча, і студэнты высыпалі на перапынак на калідор… Пятрок Шыракоў (у рамане М. Сяднёва напісана Шыракоў. – С.Ч.) з Цыпінай і з некаторымі іншымі студэнтамі заставаліся ў аўдыторыі, на калідор не выходзілі. Цыпіна карміла Шыракова бутэрбродамі, якія яна прыносіла з дому і якімі яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, і Пятрок згаджаўся, вымаў з кішэні сьцізорык і гаварыў:
– Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!
Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком… Гэтак вось і цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасьці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя сьмяяліся і білі ім у ладкі…”.
У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння… Але ў гэты час бацьку Алесі і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў “буржуазным нацыяналізме”. Яны апынуліся аж у Новасібірскай вобласцьі. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку.
За сувязь з “ворагам народа” Басю Цыпіну на апошнім курсе выключылі з інстытута. Работу ў Менску ёй не давалі, сачылі за кожным крокам. Але настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй не хапала, і таму яе літасціва накіравалі ў Смалявіцкую сярэднюю школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. З ёю паехала і дачка.
У Смалявічах Басі Цыпінай жылося вельмі цяжка: бясконцыя праверкі то з раённага аддзела адукацыі, то з райкама партыі, то з КДБ. Але яна не здавалася, пісала ва ўсе інстанцыі з просьбаю, каб адбыўся над мужам паўторны суд. І ў 1940 годзе па хадайніцтве ўсё той жа Басі Цыпінай Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Менск для “перагляду справы”. З Менска адпраўляюць у Чэрвень, дзе асуджаных і застае вайна.
Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму савецкай уладзе было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі.
Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро – пісаў вершы, апа-вяданні і драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету “Беларускае слова”, што выходзіла тры разы на месяц. У Віцебску была закончана і п’еса “Загубленае жыццё”, якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. Дарэчы, у 1943 годзе беларускі рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п’есы і на сцэне Менскага гарадскога тэатра. Пазней, на эміграцыі ў Германіі, разам з кампазітарам Міколам Равенскім, ён арганізуе эстрадную групу “Жыве Беларусь” і зноў ажыццявіць пастаноўку “Загубленага жыцця”. Вяртаўся да яе В. Селях-Качанскі і жывучы ў г. Элізабет (ЗША). У 1952 годзе ў Канадзе п’еса “Загубленае жыццё” выходзіць з друку асобным выданне. І толькі ў 1995 годзе яна была апублікавана на радзіме ў часопісе “Тэатральная Беларусь”. Гэтая драма – першая антыбальшавіцкая п’еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.
У акупаваным немцамі Віцебску Пятро Шырокаў рэгіструе шлюб з артысткаю Верай Жгут. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з беларускімі акцёрамі і пісьменнікамі, часта наведвае Менск. А ў 1944 годзе з друку выходзіць першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды “Песьні выгнаньня”.
У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў і адчуваў, што яго зноў чакае турма, зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Таму спачатку быў Берлін, а пасля Прусія, дзе ён, разам з жонкаю Верай Жгут, уладкоўваецца на працу да адного баўэра. Як жылося і працавалася ім там, сведчыць адзін ліст Тодара Лебяды да Масея Сяднёва. У свой час гэты ліст Сяднёў прыслаў мне, ён захоўваецца ў маім хатнім архіве: “Здароў, Масей! Сёньня атрымалі ад цябе першы ліст і былі бясконца рады. Малайчына, што не застаўся ў Беластоку! Аб нас ты ўжо напэўна тое-сёе чуў. Жывем з Валодзькам (Клішэвічам – С.Ч.) у аднаго баўэра, працуем у яго: косім, чысьцім гной і г. далей, за што маем ад яго кавалак хлеба. Калі казаць аб нашым жыцьці, дык пра ўсё можна выказаць адным словам – сытыя. Больш нічога. Ніякай духоўнай стравы. Рана ўстаем, ідзем на працу, прыходзім з працы – вячэраем і кладземся спаць, каб заўтра ісьці зноў на працу. Гэтаксама жыве і Віцьбіч. Ён толькі за чатыры вярсты ад нас. Пісалі мы некалькі лістоў у Бэрлін, але адказу не атрымалі, што яшчэ раз пацьвярджае думку аб нашых беларусах: калі сам сыты, дык аб галодных не спагадае. Я гэта адчуў яшчэ на Бацькаўшчыне, а цяпер гэта лішні раз толькі пацьвярджаецца. Мы – беларусы такімі адносінамі (панскімі) да людзей дабіліся таго, што нам ужо мала хто й верыць, аб чым бы мы ні казалі.
Вось мы сёньня радуемся з Валодзькам, што ты зараз у Бэрліне. Ты – не такі, як нашыя астатнія беларусы. Будзем спадзявацца, што ты дзе-небудзь, калі-небудзь і закінеш там за нас слова. Галоўнае – каб ты не забываўся пра нас і пісаў нам лісты, дасылаў газэты (як мага акуратней) і па магчымасьці іншую літаратуру, бо мы зараз анічога ня маем. Атрымалі адзін нумар “Раніцы” ад сп. Караленкі, за што вельмі шчыра яму ўдзячны. Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасьля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цьвікоў нацягалі са сьцен і з старых дошак. Яшчэ раз просім цябе – пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.
Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л. Случаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П. Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у “Раніцу” аб’яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву – 8 год, і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту “Раніца” – Тодару Лебядзе. Аб’яву гэтую перарабляй, як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда”.
Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі чуткі, што ён, з’агітаваны савецкім афіцэрам, вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У траўні 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Менскай вобласці па арт.63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, на гэты раз на 25 гадоў. Дарэчы, у 1994 годзе ў горадзе Чэрвені Менскай вобласці я адшукаў дачку Тодара Лебяды Алу (Алесю) Пятроўну Козел. У адным з пісем яна пісала, што бацьку тады прыгаварылі не на 25 гадоў, а да вышэйшай меры пакарання “за измену Родине”. “І бацька два тыдні сядзеў у смяротнай камеры-адзіночцы і кожную хвіліну чакаў, што вось за ім прыйдуць. Але страху ўжо не было. Толькі б хутчэй. Ён разказваў пазней, што яму здавалася, быццам у камеру прыходзяць невядомыя і людзі блізкія, якія ўжо памерлі, і супакойвалі, суцяшалі. І тут раптам ноччу бразнулі запоры, і ў камеру зайшлі тры чалавекі, яны былі ўзброеныя. Загадалі ўстаць і зачыталі ўказ Сталіна аб замене “смерной казни” дваццацю пяццю гадамі зняволення. “Падкасіліся ногі, сеў, дзе стаяў. А ў галаве адна думка: буду жыць!” – так расказваў мне бацька ў 1956 годзе”, – пісала мне ў адным з пісем Ала Козел.
У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодор Лебяда, пакуль невядома. Вядома толькі, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму давялося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае ў горад Слонім, уладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку “Альбярцін”. А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п’есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, як і пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў стварыць на фабрыцы драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п’есу ў трох актах “У нас, на Гродзеншчыне”, прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх – “Людзі ва Хрысце” – была надрукавана ў “Вольнай працы”.Тодар Лебяда быў і добры апавядальнік. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.
Жывучы ў Слоніме, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць і сваіх сяброў, найперш Уладзіміра Клішэвіча. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва” Георгій Валкавыцкі яшчэ пры жыцці перадаў мне пісьмо Пятра Шырокава ў “Ніву”, дзе ён, у прыватнасці, пісаў: “Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуце Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой Сусветнай вайны. Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г.Слонім, пас.Альбярцін, вул. 17 верасня, д.3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай – Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.”.
Просьба яго была рэдакцыяй выканана. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам…
1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Менскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты “Уперад”. Там піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо іншым псеўданімам – Клім Каліна.
У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напа-чатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.
Да ўсяго сказанага пра двойчы рэпрэсаванага беларускага пісьменніка Тодара Лебяду хочацца дадаць, што перачытваючы сёння пісьмы дачкі Тодара Лебяды Алы Козел, напісаныя ёю да аўтара гэтых радкоў у 1994 годзе, знайшоў такія радкі: “Бацька быў цікавы і шчыры чалавек, валодаў вялікімі гуманітарнымі ведамі, добра спяваў, у яго быў вельмі нізкі густы бас. Спяваў толькі беларускія песні “Ці ўсе лугі пакошаны”, “Ой, у полі вярба”, “Ой, пайду я лугам, лугам” і многія іншыя народныя песні.Быў вялікім патрыётам сваёй Баць-каўшчыны, любіў усё беларускае: і зямлю нашу, і людзей, і народныя звычаі…”. А яшчэ Тодар Лебяда пісаў выдат-ныя вершы, якія не страцілі сваёй актуальнасці і каштоў-насці сёння. Вось некаторыя радкі і строфы з яго вершаў:
***
Выйду зноў у ранняе прадвесне
Сустракаць цудоўную зару…
Для цябе сягоння мая песня,
Дарагая сэрцу Беларусь!..
На твае, на бацькаўскія гоні,
На палёў нязведаную шыр
Песню гордую Крывіцкае “Пагоні”
Я нясу ад шчырае душы…
***
Мядовыя ліпы у стройных прысадах,
І родны, знаёмы мне гай…
Ляці ж, мая думка, ляці, мая радасць,
На родны, далёкі курган!..
***
Мне лёсам вызначаны
Гэтакі прымус.
Аб шчасці сёння
Можна сніць і марыць
За тое,
Што я толькі – беларус –
Мне гэтакая кара!
Я кару іхную
З пагардаю прыняў,
Бо я – сын верны
Маці – Беларусі.
І я святога,
Гордага імя
Не адракуся!!!
***
Ой, пралягла
Чыгунка за Байкалам
Паміж узгор’яў
Роўна, бы абрус!
Цяпер на ёй
Амаль пад кожнай шпалай
Ляжыць замучаны
Ў выгнанні беларус…
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фотаздымкі з архіва аўтара