Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Маўклівыя сведкі вялікай літаратуры

Маўклівыя сведкі вялікай літаратуры

20 снежня 2023, 22:54 літаратура 64
Маўклівыя сведкі вялікай літаратуры

Мемарыяльныя дошкі пісьменнікаў на фасадах сталічных дамоў неяк незаўважна ператварыліся ў музейныя рэліквіі, датэрмінова спісаныя з галоўнай экспазіцыі ў запаснікі. Хутка ўжо нават жыхары дамоў не будуць ведаць, у гонар каго тых дошак у свой час панавешвалі. Родная літаратура – не вайна, не спорт і не сельская гаспадарка, пра яе ў тэленавінах не гаворыцца. А раз літаратура адсунутая на ўзбочыну грамадскага жыцця, то і дошкі перасталі выконваць прызначаную ім ролю.

Гэта паўвека таму паэт Леанід Дайнека (будучы гістарычны раманіст) мог філігранна рыфмаваць:

“Мемориальная доска 

горит светло и гордо,

мемориальная тоска

берет меня за горло”.

 

Прыцьмелі з таго часу дошкі, пазелянелі ад людской няўвагі. Кажучы біблейскімі словамі, былі яны сімваламі гуклівымі, а сталі меддзю маўкліваю.

Міма адной такой дошкі над “Купалаўскай” станцыяй метро я часта праходжу. Вісіць яна на доме, дзе жыў паэт-акадэмік Пятро Глебка. І вось зірне ён табе, бронзавы, услед, а ты дзеля прыліку і вершаў ягоных прыгадаць не можаш, бо са школы не перачытваў. Ды і біяграфія паэта асаблівай цікавасці не выклікала. Ну, актыўнічаў у бурапенным “Маладняку”, сакратарыў у больш сур’ёзным “Узвышшы”, складаў слоўнікі, кіраваў акадэмічным інстытутам, выбіраўся дэпутатам, ездзіў у ААН прадстаўляць БССР. Усё гэта не вельмі ўражвала.

Як жа я памыляўся, палічыўшы, што скупенькі прававерна-савецкі жыццяпіс Пятра Глебкі дзесьці на запыленай паліцы мог прывабіць толькі архіўных мышэй! Аказваецца, зусім не скупенькі – Глебкаў архіў у Акадэмічнай бібліятэцы налічвае ажно 2.100 тэчак, у большасць якіх да нядаўняга часу ніхто не заглядваў. Ды і з прававернасцю там, калі больш уважліва ўчытацца, не ўсё гладка.

А заглянула і ўчыталася ў раней незапатрабаваныя дакументы даследчыца Ганна Севярынец. У выніку на свет з’явілася кніга “Вакол Пятра Глебкі”, паводле якой можна зняць захапляльны трылер. Адзін сюжэт з паэтавай жонкай чаго варты!

Так сталася, што ў 1941 годзе Ніна не адступіла разам з мужам на ўсход, а, застаўшыся ў акупаваным Менску, уладкавалася працаваць на нямецкае радыё. Зачытвала франтавыя зводкі пра перамогі фашысцкай зброі, расказвала пра новы парадак на захопленых землях. А ў Маскве, прыпадаючы да радыёпрымача, яе слухаў учарнелы ад гора Глебка. Як так магло стацца – яго каханая Ніна прадалася гітлераўцам, здрадзіла радзіме?!

Аднойчы немцы зладзілі ў Менску свята ўраджаю – з удзелам генеральнага камісара, з радыётрансляцыяй з плошчы Свабоды. Ад імя маладой Беларусі кветкі Кубэ паднесла чарнявая Ларыса Глебка. Прыёмная дачка, пра якую паэт яшчэ не ведаў, яе Ніна паспела ўратаваць з прызначанага на знішчэнне гета.

“Мы слухалі радыё, і я ўявіць сабе не мог, што думае Ніна. Што ж ты, мая дзяўчынка, нарабіла? Калі жыць і служыць немцам – для мяне гэта тое ж самае, што смерць,” – занатоўваў у дзённіку Глебка ў Маскве. А ў Менску вяла дзённік Ніна, фіксавала свае будні: “Была на працы, атрымала паёк: павідла, 2 кг цукерак і вядро жыта”.

Па словах Кузьмы Чорнага, Пятро Глебка заліваў сваё гора гарэлкай, часта трапляў у выпадковыя кампаніі – “жыў, як матыль у бляску дня”. Але працягваў кахаць сваю Ніну, не ўяўляючы без яе свайго далейшага жыцця.

Невядома, чым скончылася б Глебкава празмернае пакланенне шкляному богу, калі б не Панамарэнка, які нарэшце выклікаў паэта да сябе і канфідэнцыйна паведаміў, што агент Т.Г.Н.І. (“таварыш Глебка Ніна Іларыёнаўна”) выконвае адказнае партызанскае заданне. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у жыцці Пятра Фёдаравіча!

Эпапея з жонкай-падпольшчыцай – ці не галоўная інтрыга кнігі “Вакол Пятра Глебкі”. Але і іншых цікавых момантаў на яе старонках – процьма. Прыкладам, хто ведаў, што першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка (родам з Кубані) пісаў на беларускай мове вершы? А ён іх пісаў – пад Глебкавым уплывам.

А яшчэ Глебка быў апошнім, хто бачыў Янку Купалу – у маскоўскім крэматорыі, ужо ў вогненнай пашчы печы.

Глебка збярог у сваёй бібліятэцы кнігі рэпрэсаваных сяброў і метрыку Кастуся Каліноўскага.

Глебка ўжо пасля першых арыштаў, у 1935-м, з рызыкай для сябе апублікаваў паэму “Кармэнсіта”, дзе паспрабаваў абараніць права мастака на свабоду творчасці.

Глебка і слоўнікі складаў не бяздумна – скажам, замест гвалтам накінутага слова “вучашчыйся” прыдумаў натуральнае для нашай мовы “навучэнец”…

Вам яшчэ не захацелася перачытаць Глебку? Мне – як у спёку вады папіць. Зняў з паліцы яго выбранае, разгарнуў наўгад:

“Луг заліўся галасамі:

да яго ва ўсе канцы

выйшлі стройнымі радамі

загарэлыя касцы. 

У кашулях ярка-белых,

у чырвоных паясах…”

 

Хіба ж на касьбе падпярэзваліся? Ніколі не бачыў. І падумалася, што не выпадкова так прыадзеў паэт сваіх касцоў, вывеўшы іх на луг, “заліты галасамі”.

Цяпер і праз “бронзы мнагапуддзе” мне бачыцца жывы чалавек, які кахаў і пакутаваў, атрымліваў ордэны і выспяткі, якому дасталося на вяку і па спіне, і па баку.

Кніга “Вакол Пятра Глебкі” здзейсніла цуд – ажывіла амярцвелы за дзесяцігоддзі барэльеф. Паболей бы такіх кніг!

Міхась Скобла.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0427
Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

13 снежня 2018, 10:5826
Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах
Мова

Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах

1 мая 2019, 14:4324
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5423
Далучайцеся да нас