У беларускай літаратуры вяселле адлюстравана мала. Толькі 4 вершы Янкі Купалы (“Сватаная”, “Маладым на вяселлі”, “Фэлькава вяселле”, “Маладым на вяселлі”), песня Адама Русака і Ісака Любана “Бываце здаровы!” ды раман Івана Мележа “Людзі на балоце”.
Янка Купала напісаў у 1907 г. вялікі верш “Маладым на вяселлі”, у якім аж 12 строф. У апошніх ён выказвае свае зычэнні маладым.
І ты, злучона пара, пей,
А я вот павіншую:
Мець спор вам з любасці сваей,
Мець долю не благую!
Мець клеці поўныя з дабром,
Мець міласць, згоду ў хатцы,
Й так жыўшы, жыўшы ўдваём,
Унукаў дачакацца!
(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. –
Т. 1.- С. 248 -249.)
А праз два гады Янка Купала зноў напісаў верш-пажаданне “Маладым на вяселлі”, у якім 9 строф. Гэты верш адрозніваецца ад папярэдняга і словамі і сваёй паэтычнай дасканаласцю. Вось дзве страфы з другога верша.
Жычу меці, як нікому,
Жычу я ахвоча,
Маладой і маладому
Ўсё, што толькі хочуць.
Згоду ў хатцы, спор у хатцы,
Гонар між людзямі,
І ў які год дачакацца
Забавы з кумамі.
(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. –
Т. 2. – С. 77.)
Апрача гэтых вершаў-віншаванняў маладых, Я. Купала напісаў яшчэ два вершы: “Сватаная” і “Фэлькава вяселле”. У вялікім вершы “Сватаная” (23 страфы) паказваецца горкая доля будучай жанчыны, як папярэджанне дзеўцы, што яе можа чакаць замужам Гэты верш стаў народнай песняй (6 куплетаў), якую я запісаў у сваёй вёсцы Касічы Вілейскага раёна ў 1960-х гадах. Па мелодыі яна рамансава-вясельная, блізкая да мелодый № 18 і № 19. Трэба адзначыць, што пра пасаг у абодвух творах сказана з іроніяй, асабліва ў песні, дзе “пасаг немалы”. Справа ў тым, што і ў вершы, і ў песні фактычна пасагу няма, толькі ёсць прыданае, якое выдавалася бацькамі або блізкай раднёй кожнай дзеўцы, якая выходзіла замуж. Да пасагу адносіцца маёмасць (зямля, будынкі, грошы і іншыя багацці). У беларускай мове існуюць блізкія словы: пасаг і прыданае, але яны не роўназначныя. Таксама ў беларускай мове блізкія, але не роўназначныя словы клець і свіран. Гэтыя дакладныя тонкасці вядомы толькі этнографам. У песні адсутнасць пасагу тлумачыцца тым, што замуж дзеўку выдае брацец і маці, а гэта значыць, што маладая – сірата. У вершы выходзіць замуж дзеўка, якую выдаюць бацькі, але прыданае нявесты прыраўноўваецца да пасагу. Аднак, магчыма, пра такія адрозненні ў паняццях Янка Купала мог і не ведаць, бо рускае слова приданое абазначае па-беларуску пасаг.
Янка Купала
Сватаная
Прыстройся, дзяўчынка-нябожа,
Так, як у дзянёчак святы,
Галоўку ўчашы ты прыгожа,-
Сягоння прыедуць сваты.
З гарэлкай прыедуць сягоння
Й запоіны будуць твае…
Падумай, куды цябе згоне,
Куды цябе злы лёс пашле.
Падумай, як прыйдзецца жонкай
Вайсці да хацінкі чужой,
Зазнацца з чужою старонкай,
Злюбіцца з чужою сям’ёй.
Дасць бацька пасагу: цялушку
Й свінню ці авечку з ягнём;
Дасць маці выправу: падушку
Ды кубел стары з палатном.
Усё гэта возьме твой мілы,
Як з купленай, возьме з табой,
А ты будзеш аж да магілы
І жонкай яму, і слугой.
Павінна служыць ты і мужу,
І ўсёй яго слухаць радні;
На працу, на голад, на стужу
Зважаць не павінна ані.
Не будзеш чуць ласкавых словак,
І свёкар палае, й свякроў;
Прытыкаў ятровак, заловак
Нап’ешся і ўгроз – дзевяроў.
Цярпець будзеш многа, ды часам
Паскардзішся мужу свайму,-
Багаты й сваіх крыўд запасам,
Не дасць рады гору твайму.
А гора тваё, напачатку
Малое, пачне прыбываць,
Як станеш ты зваціся маткай,
Дзіцё пачне грудзь тваю ссаць.
Жаць пойдзеш далёка ці блізка,
Муж пойдзе араць ці касіць,
З табой йдзе дзіцё, – і калыска
На полі на козлах вісіць.
А вернешся з поля дадому,
Гаротнае гора тваё!
Пачнеш паглядаць пакрыёму,
Ці хлеба хоць трохі йшчэ ё.
Слуга, жонка, ўрэшце і матка,
Ўжо знаеш, што трэба рабіць:
Спаўеш у пялёнкі дзіцятка
І станеш вячэру варыць.
І вечна не знойдзеш спакою
Ў замужнім бязвольным жыцці;
Нядоля услед за табою,
Як здань тая, будзе ісці.
У дарогу ты выправіш мужа,
Пачнеш яго з страхам чакаць,
А хоць не раз поўху і ўдружа,
Павінна п’янога спаткаць.
Каса твая доўгая п’яным
Патузанай будзе не раз,
Наб’е сінякоў пад каптанам,
Зрачэшся дзявоцкіх прыкрас.
Прытухнуць ад слёз ясны вочы,
Завяне, паморшчыцца твар,
А ў сэрцы, сягоння ахвочы,
Замрэ твой мілосны ўвесь жар.
Нявольніка з краю нядолі –
Гаротнай нявольніцай ты,
Ахвярай ты век без патолі
Трудоў, беднаты, цемнаты.
Ну, што там смутнееш, нябожа?
Гарэлку пап’еш зараз ты!..
Ідзі ж і прыстройся прыгожа,
Каб не адракліся сваты.
Ўпадоба быць мусе нязменне,
Каб з дому барзджэй паляцець,
Бо дома… і дома не меней,
Як замужам, мусіш цярпець.
Званкі ўжо звіняць па дарозе,
Вот госці пад брамай крывой,
Ідуць, вот ужо на парозе…
Ты плачаш?! Чаго? Бог з табой!
Дзяўчынка, ці я цябе песняй
Разжаліў панурай сваей,
Што гэтак ліюцца балесна
Слязінкі з прыгожых вачэй?
Кінь плакаць і смейся! Хай плача,
Хто песню нядолі запеў,
Святла хто і ласкі не бача,
Хто змалку дзён шчасця не меў.
Жалобных не слухай ты шумаў,
У сілы свае цвёрда вер
І лепшую долю прыдумай,
Як гэта, што маеш цяпер.
[1905-1907]
(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. –
Т. 1. — С. 245 -248.)
У вершы 23 страфы
Песня народная
Адзенься, дзяўчына прыгожая,
Як быццам дзянёчык сьвяты,
Чашы ты валоскі гладзютка:
Сягоння прыедуць сваты.
Сягоння прыедзіць твой мілы,
Запоіны будуць твае.
Падумай-памыслі, дзяўчына,
Куды цябе доля пашлець.
Дасць брацец пасагу нямала:
Карову, авечку з ягнём,
А мама выправу падушкі,
Дасць скрыню табе з палатном.
А гэта ж возьміць твой мілы,
Як куплена разам з табой,
А ты ж яму да магілы
Прыслугай будзь, вернай жаной.
Ты выправіш мужа на места*,
П’янога ты будзеш чакаць,
Старая, ліхая свякроўка,
Ох, будзе цябе панукаць.
Ты выправіш мужа ў полі,
Дзе блізка-далёка касіць.
З сабою дзіця і калыска
На полі, на козлах, вісіць**.
—————-
*Места – горад.
**Песня запісана ў 1963 г. у в. Касічы Вілейскага р-на ад Соф’і Іллінічны Барыс, 1907 г.н. Надрукавана ў кнізе С. Барыса “Касічы на Нарачанцы: падзеі і людзі” (Мінск, 2023. –С. 80,81). У песні 6 куплетаў.
У 1908 г. Янка Купала напісаў верш “Фэлькава вяселле”. Верш кароткі, але як трапна аўтар расказвае тое, што робіцца на народным вяселлі.Ён называе маладых новым словам “шлюбоўнікі”, якім бабы спяваюць песні. Звярніце ўвагу, як паэт па-майстэрску скупа выкарыстоўвае словы для раскыцця падзеі. Строга ў кожным радку па два словы, а ў страфе – 8 слоў. У пяці невяліках строфах (усяго 41 слова) раскрыта ўсё вяселле, як на фотаздымку. Можна нават уявіць карціну такой падзеі.
Фэлькава вяселле
Вось і вяселейка
Ў нашага Фэлькі!
У дзела захоплены
Міскі, бутэлькі.
Што называецца,
Музыка рэжа;
Полька, лявоніха,
Знай, не залежа!
Хлопцы з дзяўчатамі
Ў жарты заходзяць,
Бабы шлюбоўнікам
Песні заводзяць.
Людам паўнюханька
Хата набіта…
Гоман, таўпеханне –
Пекла, і квіта!
Вось, каб дзе дзеўчынку
З гора абняці,
З чарачку выпіці
Дый пайсці спаці!
(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. –
Т. 2. – С. 38.)
(Выкарыстаны матэрыялы, якія рыхтаваліся да кнігі Сымона Барыса “Вяселле і яго паэзія”. Будучая кніга ўжо звярстана. У ёй 360 с. )
Наш кар.