2 снежня па Лідзе разляцелася жалобная вестка. Не стала кіраўніка літаб’яднання “Суквецце”, паэта і журналіста Алеся Мацулевіча. Тыдзень назад здарыўся абшырны інфаркт. Пасля двух дзён у рэанімацыі Алеся перавялі ў кардыялогію, ён адзваніўся ўсім знаёмым, што ідзе на папраўку. Але…
Алесь Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча (2000), Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (2005, філалагічны факультэт).
Журналісцку працу пачаў у незалежнай газеце “Тэлескоп” (рэдактар С. Суднік). Пасля закрыцця “Тэлескопа” перайшоў у дзяржаўную “Лідскую газету”. Праз увесь час супрацоўнічаў з газетамі “Наша слова” і “Наша слова.pdf”.
Вершы Алеся Мацулевіча друкаваліся на старонках “Лідскай газеты”, у літаратурна-мастацкіх часопісах “Ад лідскіх муроў” і “Верасень”, у калектыўных зборніках. Песня на верш “Роднаму гораду” (кампазітар – Аляксандр Якіменка, г. Астравец) прагучала ў час святкавання 690-годдзя Ліды (2013). Верш “Купалле” прагучаў у эфіры Беларускага тэлебачання, у праграме “Добрай раніцы, Беларусь!” (2017). Алесь Мацулевіч – пераможца III адкрытага рэгіянальнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям” (2018). Аўтар кніг паэзіі “Леў і ключы” (2015) і “Горад-карабель” (2019). З 2019 года – кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. З таго ж года з’яўляўся ўдзельнікам народнага аматарскага аб’яднання “МузАльянс” Палаца культуры горада Ліды.
У 2023 годзе Алесь Мацулевіч падрыхтаваў да друку сваю трэцюю кнігу “Бронзавы Гедымін”. Кніга ўжо звёрстана і была адпраўлена аўтару для апошняй вычыткі. На жаль вычытаць кнігу Алесь ужо не паспеў. Тым не менш кніга Алеся Мацулевіча “Бронзавы Гедымін” выйдзе, няхай ужо як помнік шчыраму беларускаму хлопцу, журналісту і паэту, але абавязкова выйдзе.
Светлая памяць табе, Паэце.
Вершы з новай кнігі Алеся Мацулевіча
Бронзавы Гедымін
Аганаў ды Нячай* – “бацькі”
для бронзавага Гедыміна,
а шпоры ў конскія бакі –
аб інахадзі напамінак.
У доўгім бронзавым плашчы,
на бронзавым кані Вялікі.
На князя бронзавым плячы
гуляюць залатыя блікі.
Сярод заводаў і дамін,
пад сонцам у нябёс блакіце
стаіць ля замка Гедымін,
які паклаў пачатак Лідзе…
Пайшоў вайной крыжак-шакал
на княства гарады і весі –
каб засланіць шлях крыжакам,
князь замак загадаў узвесці…
Сябры з’язджаюцца да нас,
да бронзавага Гедыміна.
Прыезджым ды лідзянам князь –
як аб даўнейшым напамінак.
2019
*Сяргей Аганаў і Вольга Нячай – беларускія скульптары, аўтары помніка Вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе.
Мая малая радзіма
Малая радзіма мая –
вялікая, слаўная Ліда,
з якою я сэрца спаяў,
з якою душа мая зліта.
Радзіма малая мая –
дзе замак часоў Гедыміна
глядзіцца, калісьці ваяр,
у люстра азёрнае мірна.
Малая радзіма мая –
дзе ціхая рэчка Лідзейка
віецца, нібыта змяя;
дзе “лакі”, “малочка”, “ліцейка”…
Радзіма малая мая –
дзе шмат прадпрыемстваў працуе.
Вядомая ў многіх краях
прадукцыяй Ліда-красуня.
Малая радзіма мая –
дзе высіцца з бронзы Скарына…
Я Ліду гатовы абняць,
бо сэрца яна пакарыла.
Радзіма малая мая,
прыгожая, мілая Ліда,
я сэрца з табою спаяў,
з табою душа мая зліта!
2018
“Лідская газета”
Да 80-годдзя выдання
Каб часу адчуваў павеў,
каб пра жыццё раёна ведаў,
каб тэму для размовы меў,
са мною – “Лідская газета”.
Як печ рыхтуюць да зімы,
куды прадукцыя вязецца
і дзе будуюцца дамы,
раскажа “Лідская газета”.
Як дружны экіпаж жыве,
і як камбайнер паабедаў,
і як шчыруюць на жніве,
раскажа “Лідская газета”.
Пра сто бабуліных гадкоў,
аб франтавых дарогах дзеда
і пра працоўны шлях бацькоў
раскажа “Лідская газета”.
Хто на баяне лашчыў слых,
і дзе адкрыты сад для дзетак,
і хто наведаў пажылых,
раскажа “Лідская газета”.
Куды схадзіць усёй сям’ёй,
як школьнікі праводзяць лета
і дзе каткі зальём зімой,
раскажа “Лідская газета”.
Як рыцарскі прайшоў турнір,
і дзе “Лідчанкай” песня спета,
і чым запомніўся “LIDBEER”,
раскажа “Лідская газета”.
Хто бегае за ўсіх хутчэй,
і пра рэкорд цяжкаатлета,
і пра футбол, і пра хакей
раскажа “Лідская газета”.
Як п’яніца гразіў нажом,
як дом спаліла цыгарэта,
як пёр “бяспраўнік” на ражон,
раскажа “Лідская газета”.
І аб ансамблі скрыпачоў,
і пра суквеццеўскіх паэтаў,
і пра заўзятых рыбакоў
раскажа “Лідская газета”.
Як пабароць уласны страх,
аб доўгага жыцця сакрэтах
і аб рэцэптах смачных страў
раскажа “Лідская газета”.
Каб часу адчуваў павеў,
каб пра жыццё раёна ведаў,
каб тэму для размовы меў,
з табою – “Лідская газета”.
2019
Прыпеўкі пра бібліобус
Слухай, бабка, жонка, дзеўка!
Слухай, дзед, мужчына, хлопец!
Зараз вам спяём прыпеўкі
пра машыну – бібліобус!
* * *
Бібліобус нас распесціў:
мы па кніжачкі не ездзім –
і цяплом, і маразамі
ездзяць кнігі да нас самі.
* * *
Едзе ў вёску бібліобус.
Справу добрую ён робіць –
ён вязе вяскоўцам кнігі.
Людзі справу ацанілі.
* * *
Едзе з кнігамі па сёлах
бібліётыка на колах.
Ездзіць з кніжкамі па вёсках
бусік хуткі – не павозка.
* * *
Розных кніжак поўная,
ездзіць перасоўная.
З вуліцы на вуліцу
бусік перасунецца.
* * *
Рада вельмі той “Газелі”
сэрданька сялянскае…
Вам прыпеўкі мы прапелі,
а вы нам – папляскайце!
2017