Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён верыў у сілы чалавека

Ён верыў у сілы чалавека

29 лістапада 2023, 07:34 літаратура 76
Ён верыў у сілы чалавека

Да 120-годдзя беларускага пісьменніка Піліпа Пестрака (1903-1978)

Часта прыгадваю гэтыя паэтычныя радкі, якія напісаў беларускі паэт Піліп Пестрак ажно ў 1949 годзе, а ўпершыню яны былі надрукаваныя ў часопісе “Полымя” ў 1955 годзе. Верш з гэтай апошняй страфой называецца “Мастак”:

Павер, мастак не можа не тварыць,

Не можа кат зрабіць яго калекай, —

Мне ёсць аб чым з табой пагаварыць,

Мой друг, я веру ў сілы чалавека!..

 

Адзін з папулярных паэтаў і празаікаў былой Заходняй Беларусі Піліп Пестрак сёння ў Беларусі амаль забыты. А гэта быў таленавіты пісьменнік, мужны і вясёлы чалавек. Ён з’яўляўся заслужаным дзеячам культуры Беларусі, а ў 1964 годзе за раман “Серадзібор” атрымаў рэспубліканскую Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. А яшчэ Піліп Пестрак напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, раман “Сустрэнемся на барыкадах”, паэму “Слова пра Мінск”. Дарэчы, ці не адзіны гэта быў беларускі літаратар, які пры жыцці тады выдаў свой збор твораў у 4-х тамах.

Піліп Пестрак амаль 11 гадоў за сваю рэвалюцый-ную дзейнасць адсядзеў у 1930-х гадах у польскіх турмах. А ў 1939 годзе, калі на заходнія землі Беларусі прыйшлі саветы, яго адразу абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. На гэтым сходзе была вылучана паўнамоцная камісія на сесію Вярхоўнага Савета СССР у Маскву. У складзе гэтай камісіі быў і Піліп Пестрак: “На Народным сходзе ў Беластоку была выбрана паўнамоцная Камісія ў складзе 60 чалавек, якая павезла дэкларацыю Сходу ў Маскву на Пятую нечар-говую сесію Вярхоўнага Савета СССР. У складзе гэтай Камісіі быў і я.” (Піліп Пестрак. Збор твораў у пяці тамах. Мн., 1986. Т. 5. С. 173).

Нарадзіўся Піліп Пестрак у вёсцы Сакоўцы ў сённяшнім Івацэвіцкім раёне. Меў псеўданімы: П. Гайдук; Звястун; П. Звястун. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Піліпа Пестрака знаходзілася ў бежанстве ў Самарскай губерні, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. А ў 1920 годзе ён паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. Але ў 1921 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў сваю Заходнюю Беларусь.

У 1921-1924 гадах Піліп Пестрак працаваў лесніком Косаўскага лясніцтва. Потым служыў у Войску Польскім. У 1926 годзе ўступіў у БСРГ, з 1927 года – сакратар Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. Быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929 годзе, зняволены ў Гарадзенскай турме да 1933 года. Пасля вызвалення з’яўляўся інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, але ў 1934 годзе яго зноў арыштавалі. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гародні. Вызвалены савецкімі ўладамі пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года.

Дэбютаваў Піліп Пестрак у друку ў 1926 годзе ў часопісе “Родныя гоні”. Падчас зняволення ў 1929-1939 гадах змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе “Краты”, які выдаваўся палітвязнямі. У 1940 годзе з друку выйшаў яго першы зборнік вершаў “На варце”. Тэме барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман “Сустрэнемся на барыкадах”, а раман “Серадзібор” адлюстраваў жыццё беларускай вёскі.

У 1940 годзе Піліп Пестрак быў абраны дэпутатам па Гарадзенскай акрузе ў Вярхоўны Савет СССР. Ён прымаў удзел у пасяджэнні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дзе яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў. А праз некалькі дзён пісьменнік Піліп Пестрак прыязджае ў Беласток, дзе актыўна ўдзельнічае ў агульным сходзе пісь-меннікаў Беластока, прысвечаным творчым вынікам першага года жыцця і працы на савецкай беларускай зямлі. Ён выступае нават з дакладам на сходзе пад назвай “Аб маральным вобліку савецкага пісьменніка”, які пасля публікуе беластоцкая абласная газета “Вольная праца”.  На сходзе Пестрака выбіраюць старшынём бюро беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Тут, у Доме партасветы ў Беластоку, на вялікім літаратурным вечары ён выступае з чытаннем сваіх вершаў:

Іду…

Па дарожках, па прасёлачках.

У даль прастору гавару:

“Прыхілі мяне, мая долечка,

Барацьбяная Беларусь!”.

 

У беластоцкай газеце “Вольная праца” Піліп Пестрак пачынае друкавацца часцей. У 1940 годзе ён публікуе верш “З тваім імем у сэрцы”, у траўні – верш “Першы май”, пасля – вершы “Над морам”, “Сасна” і іншыя. Верш “Сасна” аўтар прысвяціў Янку Купалу.

У лютым 1941 года ў “Вольнай працы” быў надрукаваны верш Пестрака “Даклад”. Пасля ў сакавіку – артыкул “Дзяржаўныя прэміі”. А ўжо ў красавіку ў беластоцкім Доме Чырвонай Арміі адбываецца  яго асабісты літаратурны вечар, які адкрыў і вёў Максім Танк. А праз месяц Піліп Пестрак арганізоўвае літаратурны вечар-сустрэчу Максіма Танка з беларускай моладдзю Беластока.    

Планаў тады і задумак у Піліпа Пестрака ў Беластоку было шмат. Але збыцца ім перашкодзіла вайна. Тым не менш з Беласточчынай паэт сувязей не парываў. У “Белостокской правде” 29 лістапада 1943 года ён упершыню друкуе свой новы верш “Слухайце, пушчы, паляны…”, хаця напісаны ён быў ажно ў Маскве. Верш, прысвечаны беларускім партызанам, якія ўзняліся на барацьбу з фашызмам:

Слухайце, пушчы, паляны, –

Тупаты ног паплылі;

Гэта ідуць партызаны,

Сыны беларускай зямлі.

 

Пасля вайны Піліп Пестрак на Беласточчыне гасцяваў радзей. Ён быў вельмі ўзрадаваны, калі ў 1956 годзе ў Беластоку пачаў выходзіць беларускі тыднёвік “Ніва”. На яго старонках ужо ў кастрычніку друкуюцца вершы Піліпа Пестрака “Дзівасіл” і “Дарожка”, прысвечаны памяці Якуба Коласа. Верш “Дзівасіл” паэт прысвяціў лекавай расліне дзівасіл, прэпараты з якога ўжываюць у медыцыне. Аўтар у вершы распавядае пра тое, як дзве бабкі гутараць паміж сабой. І адна з іх распавядае пра сына, якому паны моцна пабілі грудзі. І толькі дзякуючы дзівасілу, сын застаўся жыць. А ў канцы верша паэт сцвярджае:

“Калі вам на сэрцы цяжка стане,

Адбярэ вам немач рэшту сіл,

Не сумуйце, дзеткі… – Бабка ўстала. –

Дам вам на дарогу дзівасіл”.

Верш “Дзівасіл” у 1973 годзе апублікаваў і “Беларускі каляндар”, які да сённяшніх дзён выдаецца на Беласточчыне адзін раз у год. Праз чатыры гады “Ніва” друкуе два апавяданні Піліпа Пестрака “Прынцыпы” і “Путавод”. А ў 1958 годзе на старонках беларускага тыднёвіка друкуецца ўрывак з рамана пісьменніка “Сустрэнемся на барыкадах”. Літаратар пастаянна чытае “Ніву”, “Беларускі каляндар”, кнігі беларускіх пісьменнікаў з Польшчы. Ён перапісваецца з імі, сочыць за творчасцю Сакрата Яновіча, Алеся Барскага, Георгія Валкавыцкага, Віктара Шведа, Яна Чыквіна, Яшы Бурша, Дзмітрыя Шатыловіча.

 У 1956 годзе разам з Янкам Брылём Піліп Пестрак наведвае Беласток, гасцюе ў “Ніве”, дзе гутарыць з калектывам рэдакцыі і з кіраўніцтвам Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Пасля розных літаратурных узаемасувязей на старонках беларускага менскага тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” друкуе свой артыкул “Паэзія на старонках “Нівы” (25 снежня 1959 года)…

Піліп Пестрак выступаў і як літаратурны крытык, публіцыст, жыва адклікаўся на важнейшыя падзеі грамадскага і літаратурнага жыцця, ён заўсёды верыў у сілы чалавека.

Надзвычай уважліва ставіўся пісьменнік да маладых літаратараў, падтрымліваў іх творчыя пачынанні. Яго агляды паэзіі маладых, рэцэнзіі на першыя зборнікі вызначаюцца не толькі дакладнасцю ацэнак, але і добразычлівасцю, глыбокай заклапочанасцю лёсам роднай літаратуры:

Нашу я маладосці спеў,

На сэрцы – зорныя сляды, —

П’ючы з жыцця любоў і гнеў,

Я буду вечна малады!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам
Выданні

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам

4 снежня 2018, 16:2531
Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў
Грамадства

Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

16 лістапада 2018, 11:3331
Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта
Выданні

Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта

14 лістапада 2018, 11:2030
Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў
Грамадства

Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў

15 лістапада 2018, 21:3930
Далучайцеся да нас