Літаратурна-музычная імпрэза пад такой назвай была праведзена сябрамі Літаратурнага клуба “Экватар” 28 верасня бягучага года на базе Менскай бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога. Вядоўцай мерапрыемства стала пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская. На вечарыне прысутнічалі, акрамя чальцоў суполкі, запрошаныя госці, навучэнцы сталічных каледжаў, бібліятэчныя супрацоўнікі.
Павітаўшыся з залай, спадарыня вядоўца паведаміла, што назву імпрэзе даў радок з верша аднаго паэта, і прапанавала прысутным адгадаць імя аўтара. Пасля шэрагу няўдалых спроб правільнага адказу, імя ўсё ж такі было названа – Вячаслаў Корбут. Далей Інга паведаміла, што верш гэты прысвечаны ёй асабіста, і канешне, прачытала яго:
Ты не шкадуй, што восень надышла, –
Яна, бы пані, мільгане спадніцай…
У прыцемках садоў касцёр палаў
Лістоты дзён былых – праз звон крыніцы.
Мае раптоўна думкі абудзіў:
Ці жыў я чалавекам, ці звяругай
Гадзіны лёсу з праўдаю спасціг?
Ці груганом кружыў сабе паўкругам?
Астатні той паўкруг спасціг пасля,
Лістота дрогкая лягла на дахі…
І мы пайшлі матляцца, быццам сцяг,
А потым кожны ўжо – да ўласнай плахі.
Ах, восень! Ты – свавольная мадам,
І недаступнай мроішся паэту.
Не трэба слёз, не плач дажджом, бо нам,
Не адчапіцца ад тваіх сакрэтаў.
Вязі нас, час, задай кудлаты гром
Нябёсных пырскаў восеньскаму ранку.
Я стаў не там, дзе нечакана гром
Ноч разбурыў праз познюю маланку.
Ты не шкадуй… Пакорлівым дасць лёс
Магутны дух да часавага руху.
У новы дзень той восені, бы ў крос,
Бяжы, жыццё! Ляці і нас не слухай!..
Далей вядоўца вечарыны зазначыла, што ёсць пэўная нагода для правядзення гэтага мерапрыемства, – 35-годдзе творчай дзейнасці паэта Вячаслава Корбута. Менавіта ў верасні трыццаць пяць год таму (у 1988-м годзе) у Слуцкай газеце “Шлях Ільіча” быў упершыню надрукаваны верш аўтара пад назвай “Бусел”.
Перад тым, як перадаць слова Вячалаву Корбуту, спадарыня Вінарская коратка распавяла сабраўшымся пра асноўныя вехі творчай біяграфіі спадара Корбута, пералічыла выдадзеныя аўтарам мастацкія кнігі: “Цар-алень” (1997 год: вершы), “Начны мастак” (2000 год: вершы і апавяданні), “Чаму ўсміхаецца сонца?” (2005 год: вершы і паэмы), “Байкі дзядзькі Лапатуна” (2010 год: сатырычная паэма, байкі, гумарыстычныя апавяданні), “Бераг лепшых надзей” (2019 год: вершы). Пасля гэтага да прысутных выйшаў віноўнік урачыстасці. Напачатку свайго выступлення ён прадэманстраваў свой стары, пажаўцелы юнацкі сшытак з вершамі, напісанымі ад рукі. У сшытку гэтым быў, канешне, і той самы першы надрукаваны ў прэсе верш “Бусел”:
Зноў восень блукае сівая
Паміж пажаўцелых палёў,
І бусел свой скарб забірае,
Кружыць ён вышэй, узлятае,
Бо хутка да цёплых краёў.
Аб чым мне раскажаш, нябесны
Мой сябар, палёў гаспадар?
Чаму пакідаеш, гарэзны?
Мо родны прастор табе цесны,
Прыроды цудоўнае дар?
Каму пакідаеш буслянку –
Вятрам бушавітым, снягам?
І больш мне не ўбачыць світанкам,
Як свет цераз зораў фіранкі
Крылом адчыняеш сябрам.
У вырай, дзе яркае сонца,
Ляці, там ласкавы прыбой.
Там будзе палётаў бясконцасць.
Хай вокны Радзімы – без донца –
Табе будуць сніцца зімой.
Таксама Вячаслаў Корбут узгадаў шэраг цікавых момантаў сваёй творчай біяграфіі, распавёў пра сваіх літаратурных настаўнікаў і старэйшых сяброў, якія аказалі найбольшы на яго ўплыў. У выкананні спадара Корбута прагучалі вершы: “Для той чароўнай”, “Мілым жанчынам”, “Адлятаюць жоравы, адлятаюць разам”, “Чаго чакаць: падзення мне ці ўзлёту?” і іншыя.
Наступнай выступала пісьменніца, навукоўца, педагог Кацярына Матусевіч, якая, дарэчы, і адгадала напачатку імпрэзы імя аўтара радка “Ты не шкадуй, што восень надышла”. Сваё выступленне Кацярына прысвяціла памяці свайго земляка са Светлагорска Ізяслава Катлярова. Яна распавяла прысутным пра гэтага таленавітага чалавека, а таксама прачытала шэраг ягоных вершаў. Павіншаваўшы Вячаслава Корбута з юбілейнай датай, Кацярына зазначыла, што вельмі любіць і паважае людзей, якія пішуць па-беларуску. Яна заклікала прысутных, асабліва моладзь, не саромецца роднай мовы і культуры, а падтрымліваць іх.
Нібыта ў працяг тэмы выхавання ў дзяцей і падлеткаў любові да беларускай мовы і культуры, перад прысутнымі наступнай выступіла школьніца Нэлі Давыдовіч, дачка блізкіх сяброў Вячаслава Корбута – Андрэя і Кацярыны Давыдовіч. Нэлі прачытала сабраўшымся верш спадара Корбута “Любіце Радзіму”:
Любіце Радзіму, як поле жытнёвае,
Як сціплай хваінкі сто першы расток,
Любіце Радзіму за сэрца сталёвае,
Што столькі стрымала пакут незнарок.
Любіце за верас на хлебным суквецці,
Дзе столькі пралілі народнай крыві.
Любіце радзіму, мы ж родныя дзеці
Яе небакраю, што нас апавіў!
Пракосы палёў, мураваныя храмы,
І рэкі, як сціплыя межы быцця.
Мы – цэгла той светлай ваколічнай брамы,
Дзе роднае слова, як светач жыцця!
Любіце Радзіму, яна нас атульвае,
Як маці малое сваё немаўля.
Яна берагіня і шчасце агульнае,
Святая, як хлеб, Беларусі зямля!
Перад тым, як запрасіць наступнага выступоўцу, Інга Вінарская паведаміла, што вельмі паважае ягоную творчасць і цэніць ягоны літаратурны талент. Таксама спадарыня вядучая распавяла, што ў гэтага творцы нядаўна выйшла ў свет кніга вершаў “Дары вешчуноў” і што яна ўжо атрымала гэты зборнік у падарунак, і вельмі гэтаму рада. І вось перад прысутнымі з’явіўся паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў. Павіншаваўшы Вячаслава Корбута, спадар Глеб прачытаў шэраг сваіх вершаў і нека-лькі ўрыўкаў з паэмы, прысвечанай няпростым часам Вялікай Айчыннай вайны.
Пра паэтку Ксенію Ермілаву, кіраўнічку Менскага аддзялення Беллітсаюза “Полацкая ветвь”, якая надалей атрымала слова, можна смела сказаць, як ува ўсім добра вядомым кінафільме “Каўказская паланянка”, – “спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня”. Ксенія нядаўна перамагла ў паўмарафоне, што праводзіўся ў Менску на Дзень горада, пастаянна “ганяе” на ровары, сплаўляецца на байдарках, вандруе па свеце, а яшчэ – піша чароўныя вершы. Шэраг з іх спадарыня прачытала на імпрэзе 28 верасня.
Кірыл Бандзерс, малады высокі хлопец з доўгімі светлымі валасамі заўсёды выклікае асаблівае замілаванне ў жаночай і дзявочай часткі аўдыторыі. А як жа! Такі статны прыгажун ды яшчэ з гітарай… А спявае – голас нізкі, глыбокі, закранае душу. Некалькі песень выканаў Кірыл у той вечар. Сярод іх была і наступная:
зьмяінае вока на нітцы
на шыі дзяўчыны босай
нябеснага кола сьпіцай
гаворыць з планетай хроснай
блакітнаю рукавіцай
заціснуты дождж над краем
сухое зямлі карыца
няродам ліхім пагражае
зьмяінае вока на шыі
сваімі зьбівае росы
то значыць што злое здушылі
мінулага сівым валосьсем
учэпяцца ў рукавіцу
магутнага грому сабакі
і пад дажджавою ігліцай
узыдуць чырвоныя макі.
Паэты Міхаіл Баранчык і Вячаслаў Данілаў – людзі з няпростымі лёсамі. Яны абодва вельмі мужныя і ўпартыя, любой хваробе могуць даць адпор і не скараюцца сумным жыццёвым абставінам. А яшчэ яны абодва пішуць таленавітыя вершы. І абодва паэты чыталі свае вершы прысутным на вераснёўскай імпрэзе “Экватара”.
Выступаўшы наступным паэт Валянцін Шведаў зазначыў, што восень – гэта ягоная самы любімы адрэзак года, як бадай, для вельмі многіх іншых творцаў – мастакоў, артыстаў, журналістаў і г.д. Валянцін прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных сваёй улюбёнай пары. Напачатку быў твор “Прадчуванне восені”, які вельмі добра падыходзіў для сёлетняй вераснёўскай, практычна летняй, цеплыні:
Апошнія водбліскі лета
Знясе хутка часу рака.
А восень – натхненне паэта
І маці для нерва-радка.
Даўно твой прыход прадчуваю,
Чакаю ў скарочаных днях.
У цемры зноў лёсу блукаю,
Па зорках звяраючы шлях.
Усё болей імкнецца лістота
Зрабіць непазбежны палёт.
У вырай праз след самалёта
Праляжа птушыны чарод.
На баль не баюся спазніцца,
Парад хараства назіраць,
Удосталь самоты напіцца
І колераў скарбы збіраць.
Ты прыйдзеш да нас непазбежна,
Абудзіш да творчых задум,
Табе я адданы бязмежна –
Палоніць асветлены сум.
Апошнія водбліскі лета
Застануцца спраўджаным сном.
І восені бачу прыкмету –
Рабінавы жар за акном.
Аксакалы “Экватара”: кандыдат педагагічных навук, палкоўнік у адстаўцы, празаік-дакументаліст Якаў Анапрэенка і кандыдат філасофскіх навук, паэт, грамадскі дзеяч Ігар Шыршоў – гэта людзі сталага ўзросту, паважаныя і заслужаныя. У іх заўсёды знойдзецца, што цікавага расказаць і пачытаць людзям. Так было і на вечарыне 28 верасня. Ігар Яўгенавіч азнаёміў прысутных са сваімі новымі, з глыбокім падтэкстам, вершамі, якія хутка ўвойдуць у альманах “Літаратурны экватар – 2023”, а Якаў Рыгоравіч чытаў урыўкі са сваёй дакументальнай прозы, прысвечанай ягонай роднай Брагіншчыне.
Пісьменніца і журналістка Людміла Шчэрба вельмі даўно не наведвала мерапрыемствы “экватарыяльнай” літаратурнай суполкі. Але напрыканцы сёлетняга верасня ўсе нарэшце пабачылі гэтую прыгажуню з капой доўгіх цёмных валасоў. Спадарыня прывітала сабраўшыхся, зазначыўшы, што верасень у гэтым годзе радуе ўсіх нас вельмі цёплым і прыгожым надвор’ем. Людміла ўзгадала свае восеньскія вершы, якія і пачулі прысутныя. Сярод твораў у тэму гэтай пары года быў і верш, прысвечаны позняй восені, якая прыйдзе да нас праз месяц-паўтара:
Модны восеньскі прынт –
беларускія краткі,
і памада на вуснах –
ультрамат…
На дзіравым асфальце
жоўтыя латкі
ставіць лісцем апалым
лістапад.
На трамвайным баку
прымасцілася сонца,
час па рэйках бяжыць бы
па лязу.
Мокры горад ляжыць
у бліскучай абгортцы.
Крэсляць птушкі памежную
паласу.
Б’ецца восень далонню
ліста ў брукаванку,
абрываецца яблыкам
кожны раз.
Не рашаецца спрэс
гэтая крыжаванка.
Пагубляліся словы
на адказ.
Яшчэ адна “экватарыяльная” прыгажуня, таксама з доўгімі валасамі, толькі светлага колеру, Таццяна Барысюк піша ўвогуле вельмі шмат. Прычым, і вершы, і прозу, і шматлікія рознага фармату навуковыя работы. Нічога дзіўнага: спадарыня ж працуе ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Паэтычныя творы ў Таццяны ў асноўным пра каханне, якое, на жаль, часцяком не вельмі шчаслівае. У сваіх вершах спадарыня часцяком эксперыментуе з формамі, як напрыклад у творы “Маналог сучаснай Іжоты” (залатое сячэнне перавернутае), які быў ёй выкананы разам з іншымі паэтычнымі творамі на вераснёўскай вечарыне “Экватара”:
Праз вочы каханне да сэрцаў ішло.
…Каб кроў супыніць, я дала табе лекі.
Сустрэліся пальцы – узнікла мілосць
такая, якая існуе навекі.
Нявольная я, муж нямоглы, стары,
А ты малады, светлы месяц мой ясны!
Каханне агеньчыкам жарсным гарыць,
хай вечна палае, няхай не пагасне!
Ваду падала табе – смагу спыніць,
а ў ёй былі мары, табой апантаны.
І гэты любоўю асветлены німб
напоўніў напой той чароўнаю тайнай.
…Іжотай была. Цяпер кліч мяне Таняй…
Паэт, бард, выканаўца ўласных песень пад гітару Зміцер Захарэвіч выступаў на імпрэзе 28 верасня двойчы – у сярэдзіне і напры-канцы канцэртнай праграмы. Прачытаў шэраг вершаў, праспяваў пэўную колькасць песень сваім прыгожым барытонам, а кампанію на выступленнях яму склала верная сяброўка – чорная VARNA. Самыя розныя тэмы закрануў Зміцер у сваіх вершах і спевах. Тэму афіцэрства таксама: нічога дзіўнага, бо сам доўгі час служыў, насіў пагоны. Вельмі прыгожым, на погляд аўтаркі гэтага артыкула, атрымаўся ў спадара Захарэвіча твор “Зоркі эпалетаў. Год 1792” (раманс афіцэра Брыгады кава-лерыі нарадовай ВКЛ):
Густа пахне лета
Мятай надвячоркам,
Шчодра з эпалетаў
Золата льюць зоркі.
Сонца пацьмянела
Цвет губляюць ліпы –
Зноў вайна рве цела
Рэчы Паспалітай.
Дымам пазасланы
Край – не да заручын,
Тужыць аб каханай
Шляхціц-падпаручнік,
Граць не час мазуркі
Палкія ў палацах,
Бо ўсцяж звон пануры
Шабляў у атацы.
Колісь аксэльбанты
Радасна надзелі,
Кроў пунсовым кантам
Сёння на мундзеры.
Вернаму Радзіме
Боскі суд не страшны –
Езус і Марыя,
Воля на ўсё ваша.
Суму аблачына
Стане супраць ночы,
Каб па-над спачылым
Выплакацца прошчай,
Ёй услед, як свечкі,
Зоркі эпалетаў
Бліснуць скрозь цямрэчу
Золатам… з партрэта,
Будуць ззяць давечна
Золатам з партрэта.
Вось такая імпрэза атрымалася ў Літаратурнага клуба “Экватар” напрыканцы верасня 2023 года. Шмат прыгожых таленавітых твораў прагучала на ёй. Разыходзіліся ўдзельнікі мерапрыемства натхнёныя і задаволеныя.
Інга Вінарская.