Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Вальс з Нінай Мацяш

Вальс з Нінай Мацяш

28 верасня 2023, 20:46 літаратура 82
Вальс з Нінай Мацяш

20 верасня – 80 гадоў з дня народзінаў паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш. Гэта выглядала сапраўдным дзівам – чалавек у інвалідным вазку быў крыніцай жыццёвага аптымізму для маладзейшых і абсалютна здаровых людзей. Ніхто ніколі не чуў ад Ніны Язэпаўны ніякіх скаргаў, не бачыў яе слёз. І вершы ў яе не слязлівыя, хоць да вобразу слязы паэтка звярталася даволі часта. Але – менавіта да вобразу. Як гэта зрабіў, напрыклад, рэжысёр Мэл Гібсан у фінале свайго вядомага фільма “Пакуты Хрыстовы”. Памятаеце, там Божая сляза падае з галава-кружнай вышыні на Галгофу, дзе ўкрыжаваны Хрыстос. І ўся гісторыя чалавецтва мільгае ў той усеабдымнай слязе.

Не жадаю нікому ні болю, ні плачу, але згадайма, якім абноўленым, прасветленым і падабрэлым бачыцца нам навакольны свет пасля слёз! Вось і Ніну Мацяш цікавіў мікракосм слязы, яе сусвет, спалучаны з іншым падобным сусветам. Нездарма ў адным з яе вершаў чацвёрачы, рэфрэнам паўтараецца радок: “О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!”

Перачытваю кнігу паэткі з невыпадковай назвай “Паміж усмешкай і слязой” і міжволі пазначаю радкі з гэтым знакавым для яе словам.

“І ў Даліне слёз – так, як у раі: 

кушчы, травы ў квеце ды расе.

У Даліне слёз і неба грае –

але ціша перуны пасе”;

 

“Смех паклоніцца нізка слязе

за спатканае шчасце”;

 

“Тры дні і тры ночы

праляцелі, як тры пчолкі:

мёду слязіначка свеціцца”;

 

“На раскрылле карычневай страказы

падае чыстае, быццам слязіна, “люблю”;

 

“Але прамень святла на веі ўжо кладзецца ад слязы –

ад той слязы, пасля якой дыханне набывае песня”;

 

“Так не вязаўся мірны краявід з пякельнай ношай слёз”…

 

У вершы ўсё ж прарывалася тое, на што ў штодзённых стасунках з сябрамі было накладзена табу.

Каб спатрэбілася ахарактарызаваць вершы Ніны Мацяш адным-адзіным словам, я назваў бы іх – далікатнымі. Гэта не азначае, што паэтка цуралася грама-дзянскіх тэмаў, зусім не. Але прызванне яе – менавіта ў лірыцы, якая не можа быць не далікатнай.

Ноч. Ні зыку. Ад стала дападае

Ясначолых кацярынак дыханне.

Над зямлёю ледзве-ледзве світае,

А ўва мне і апоўначы – ранне.

Скуль узяўся ты ў мяне гэткі,

Што ва ўсенькай старане наскай

Кветкі толькі ад цябе – кветкі,

Ласка толькі ад цябе – ласка?..

 

Караценькі верш, але як у ім усё выверана і ўзважана – не раўнуючы як на фармацэўтычных вагах! Гэта якраз той выпадак, калі “ўсе словы дарэчы, усе ўчынкі да месца, усе стрэлы ляцяць у цэль” (Алесь Разанаў).

І яшчэ адзін “учынак да месца” хочацца прыгадаць. Помню, са здымачнай групай Беларускага тэлебачання прыехаў я ў Белаазёрск – тэлевізійнікі рабіць фільм пра Ніну Мацяш, я – браць інтэрв’ю. Пакуль аператар прыладкоўваў камеру, Ніна Язэпаўна пад’ехала на сваім вазку да нацыянальнага сцяга і сказала, што ён мусіць пры здымках быць абавязковым фонам.

Ішоў паслярэферэндумны 1996 год… Аператар разгублена патаптаўся за сваім трыножнікам, параіўся са сцэнарысткай і – пачаў здымаць. На дзіва, той тэлеўрок яшчэ паспеў прайсці ў эфір.

А аднойчы мы прыехалі ў Белаазёрск са светлай памяці дударом Зміцерам Сідаровічам. Проста на беразе Белага возера ён выцягнуў дуду і зайграў – сцішэлай вадзе, крыклівым чайкам і сонцу, што сляпуча адбівалася ў затоцы. І гукі дуды ляцелі далёка-далёка – да каміноў электрастанцыі, да гарадскіх шматпавярховікаў, да вёскі Нівы, дзе ў мнагадзетнай сям’і Язэпа і Алены Мацяшоў 20 верасня 1943 года, на мяжы смарагдавай і залатой восені, нарадзілася дачушка Ніна.

Там, на Бярозаўшчыне, яна вырастала і сталела як паэтка. Засвоіўшы ўрэшце і найвышэйшы паэтычны пілатаж – пускаць у свет словы ўласнай гадоўлі. Бо хоць у самым поўным беларускім слоўніку больш за 100.000 слоў, сапраўдным паэтам іх не хапае, і яны даствараюць мову – шэдэўральны твор, які давершыць, дакончыць, дапісаць проста немагчыма. Скажам, прыдумвалі новыя словы Уладзімір Дубоўка і Рыгор Барадулін, засяроджана вынаходзяць наватворы наш сучаснік Алесь Разанаў.

Стварыла свой мініслоўнічак і Ніна Мацяш. Вось пушчаныя ёю ў беларускі свет словы: прыластаўчыцца, угнездаваць (у сэрца), апірка, святліна, вільгота, дніна, чуйнар, сыплівы (пясок), вогніцца, сонечніцца…

Чытайма яе паэзію (арыгінальную і перакладную), і лягчэй перажывем час культурнага зацьмення, якое апусцілася на нашу грэшную зямлю. Чытайма, бо там – святло, там дэфіцытныя на сёння любоў і міласэрнасць, а яшчэ там – безліч афарызмаў-падказак на ўсе выпадкі жыцця. Накшталт гэтага:

“Гасподзь схіляецца да ўсіх,

ды ніцых духам Ён не чуе”.

 

Неяк я не стрымаўся і наўпрост запытаўся ў Ніны Язэпаўны, як ёй, нягледзячы на стан здароўя, удаецца не толькі самой пазбягаць гэтага ніцадушша, але і пазбаўляць ад яго іншых людзей? І ў адказ пачуў: “Ой, я на такія тэмы і гаварыць баюся. Я пераканана ў адным: чалавек прыйшоў на зямлю не дзеля агрэсіі і разбурэння, ён прыйшоў дзеля любові, каб пашыраць вакол сябе святло, гармонію і красу. Калі ты знаходзішся ў цёмным пакоі, і на цябе цісне цемра, – чыркні хоць сярнічкай, запалі свечачку. І цемра адступіць”.

Ніна Мацяш запальвала ўсе свае свечкі, усе свае лямпы – і цемра адступала. Яе прастора заўсёды была светлай, і светлыні хапала на ўсіх. І нават сёння хапае. Сапраўдныя паэты – як далёкія зоркі: нават даўно згаснуў-шы, яны працягваюць дарыць нам сваё святло.

Прыгадваецца і наша апошняя сустрэча – 17 снежня 2008 года. Мы прыехалі на Берасцейшчыну з паэтам Васілём Жуковічам і бардам Алесем Камоцкім. Выступілі ў Бярозаўскай СШ №1, дзе дырэктарам выдатны педагог і сябра Ніны Мацяш Мікола Жуковіч, завіталі ў Белаазёрскую гімназію – па запрашэнні Галіны Скарыны, таксама яе сяброўкі. А перад трэцяй сустрэчай, у Белаазёрскім электрамеханічным каледжы, заехалі па Ніну Язэпаўну (раней дамовіліся, што яна да нас далучыцца).

Сустрэла нас паэтка проста з парога… падарункамі. Кожнага абдарыла сваёй пяшчотнай пёркаграфіяй – невялічкай карцінай, дзе замест фарбаў выкарыстоўвалася птушынае пер’е. А потым выказала сумнеў, ці змагу я яе данесці да машыны. На маё рашучае “не сумнявайцеся” прапанавала ўсё ж патрэніравацца ў кватэры. Я падняў яе з вазочка, лёгкую, як пушынка, і закружыўся па пакоі, як у вальсе. Зрабіў некалькі кругоў і падзякаваў за танец. Ніна Язэпаўна ўзрушана цмокнула мяне ў шчаку і неяк разгублена прызналася, што не танцавала ўжо гадоў трыццаць…

На сустрэчы ў каледжы яна была ў цэнтры ўвагі – чытала вершы і пераклады, разам з навучэнцамі натхнёна спявала “Зорку Венеру” і “Калыханку маме”.

Вярнуўшыся дахаты, Ніна Язэпаўна папрасіла дастаць з верхняй паліцы томік Сэнт-Экзюперы ў яе перакладзе і надпісала на развітанне: “…Дык няхай не развейваецца сардэчнае святло заўсёднага нашага сумоўя!”

А ўсяго праз дзень, 19 снежня, паэткі не стала. Але святло сапраўды не развейваецца. Яго выпраменьваюць надзвычай светланосныя вершы Ніны Язэпаўны, ім праменіўся Мацяшоўскі паэтычны фестываль, які ладзіўся ў Белаазёрску стараннямі дырэктаркі гарадской бібліятэкі Тамары Кузняцовай,  і на які з’язджаліся госці з усёй Беларусі . А мне на душы святлее яшчэ і ад згадкі пра той незвычайны, самы запамінальны ў маім жыцці вальс у прыціхлай кватэры. Вальс з Нінай Мацяш.

Міхась Скобла.

 

А вось сёлета прыкрай навіной стала адмена ўла-дамі літаратурна-песеннага фестывалю ў Белаазёрску “Бабіна лета з Нінай Мацяш”, а тым болей, што сёлета 80-гадовы юбілей знакамітай паэткі.

На думку літаратара з Берасця, перадусім захаванне і папулярызацыя спадчыны паэткі залежыць ад яе прыхільнікаў і паплечнікаў:

– Тут праца вядома ж вялікая, і ў першую чаргу гэта будзе залежаць ад тых людзей, хто быў знаёмы блізка з ёю, хто захоўвае гэтую спадчыну. Усё яшчэ наперадзе. І я думаю, што вось аднаго імя Ніны Мацяш дастаткова, каб усведамлялі, што гэта наша асветніца. Не толькі Берасцейскай зямлі, а зямлі беларускай.

Паводле СМІ.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас