8 верасня ў Лідскім замку прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Ліда і Лідскі край у гісторыі Беларусі”, прысвечаная 700-годдзю горада Ліды (сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі).
Адкрыў канферэнцыю лідзянін, супрацоўнік Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Кірыл Сыцько.
Старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік прывітаў дзеячаў навукі, даследчыкаў і публіцыстаў, адзначыўшы ў сваім вітальным слове, што кіраўніцтва раёна заўсёды будзе адкрыта да супрацоўніцтва, да разгляду прапаноў і цікавых праектаў.
Па-беларуску дабраславіў удзельнікаў канферэнцыі лідскі дабрачынны айцец Расціслаў Салаўёў.
На пачатку канферэнцыі былі ўзнагароджаны супрацоўнікі Лідскага музея, лідскія краязнаўцы за плённую працу па аднаўленні і папулярызацыі гісторыі Лідчыны. Сярод узнагароджаных сталы карэспандэнт газеты “Наша слова.pdf”, слынны краязнавец ды пісьменнік Леанід Лаўрэш і навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Грамату атрымаў і старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.

dav
Да канферэнцыі былі падрыхтаваны 56 навуковых дакладаў, большасць з якіх і была прачытана на пленарным паседжанні і трох секцыях.
Тэматыка секцый:
Секцыя 1. Старажытная Лідчына: археалогія. Сярэднявечча і пачатак Новага часу.
Секцыя 2. Лідчына ў Новы і Навейшы час.
Секцыя 3. Лідчына: славутыя імёны, славутыя аб’екты.
Пры адкрыцці канферэнцыі гаварылася, што канферэнцыя ў Лідзе мела за мэту таксама і прыцягнуць да ўдзелу мясцовых краязнаўцаў. І прыцягнулі. Большасць лідскіх краязнаўцаў так ці інакш удзельнічала ў канферэнцыі. Лідзяне (супрацоўнікі музея і краязнаўцы) прачыталі 12 дакладаў. Найбольш яскравы з іх даклад Леаніда Лаўрэша “Новае з гісторыі горада”, які тычыцца паселішча ХІ-ХІІІ стагоддзяў на тэрыторыі Ліды, вядомага ў гістарыяграфіі як “Ліда Нарбута”. Да даклада прагучала рэпліка Алега Дзярновіча, што ў Крэве аналагічная сітуацыя: і там, і тут замак будаваўся недзе за кіламетр ад старога паселішча, і тут, і там гэтае старое паселішча не балцкае, а славянскае. Цікава было б атрымаць інфармацыю з Меднікаў, каб зразумець стратэгічную задумку Гедыміна будаваць лінію замкаў унутры краіны. Але гэта справа для буду-чых даследаванняў.
Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка артыкулаў, дакладаў, навуковых прац па гісторыі Лідскага краю.
На канферэнцыі падпісана Дамова пра супрацоўніцтва паміж Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук і Лідскім гістарычна-мастацкім музеем.
Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі на навукова-практычнай канферэнцыі ў Лідзе прадставіла свае рэдкія кнігі – працы выхадцаў і даследчыкаў Лідчыны, напрыклад, прыжыццёвае выданне Тэадора Нарбута.
Але найбольшую радасць лідзяне займелі ўбачыўшы адну з кніг Камілы Нарбут выдання 1852 года. Каміла Нарбут – адна з найстарэйшых лідскіх пісьменніц, пра якую да гэтага часу ведалі вельмі мала.
Бібліятэка прывезла толькі арыгіналы, ёсць нават кнігі 18-га стагоддзя. Зараз, у рамках падпісанай Дамовы з бібліятэкай НАН, у навуковых супрацоўнікаў Лідскага музея будзе доступ да атрымання гэтых і іншых рарытэтных кніг.
Важнымі элементамі канферэнцыі былі гутаркі ў перапынках, шматлікія экскурсіі па Лідскім замку. Спецыялісты з Менска прыдзірліва разглядалі ледзь не кожную байніцу, робячы заўвагі пра хібы ў рэстаўрацыі, але ў цэлым можна прывесці словы доктара гістарычных навук Валянціна Голубева, які быў у складзе першага студэнцкага будатрада на раскопках Лідскага замка, што тады ніхто нават і блізка не мог падумаць пра магчымасць убачыць некалі адбудаваны Лідскі замак. А рэчаіснасць аказалася смялейшая за мары.
Канферэнцыя, якая прайшла, была чацвёртай сур’ёзнай канферэнцыяй па гісторыі Лідчыны.
Нпрыканцы ўдзельнікі выказалі падзяку дырэктару музея Вользе Лук’ян і Лідскаму райвыканкаму за выдатную арганізацыю навуковага форуму.
А потым яшчэ два дні Facebooc быў запоўнены лідскай тэматыкай: спрэчкамі, уражаннямі, захапленнем.
Яраслаў Грынкевіч.