ПРА ПАРУШАЛЬНІКА ДЗЯРЖМЯЖЫ
“На Беларусі Бог жыве…”
“Бог пайшоў…”
Ул. Караткевіч.
Бог пайшоў… Паглядам невясёлым
Пазіраў на пакіданы край,
Хоць званіцы цэркваў і касцёлаў
Перад ім замерлі на “Зважай!”
І калі яму з абшараў нашых
Заставаўся ў высі крок адзін,
Раптам тры зялёныя фуражкі:
– Дакуменцікі, грамадзянін.
А ў яго якія дакументы? –
Німб, хітон, сівая барада…
Таму ўрэшце аказаўся “swiety”
У начальніка пагранпаста.
Капітан маўкліва пасміхнуўся:
“”Парушальнік”, маць вашу іці!”
– Пішуць, Вы жылі на Беларусі.
А цяпер назад – на “небясі”?
Ашалелы, млявы ад няўдачы
Бацька-Бог пачаў распавядаць,
Што ён меўся толькі Сына ўбачыць
І аслаблы Дух умацаваць.
Без якога множацца мячэты,
Ліберасты, юды, леваччо…
Капітан папыхваў цыгарэтай
І нібыта думаў пра сваё.
– Змогі жыць тут я зусім не маю, –
Слёзы ледзьве стрымліваў стары, –
Дзе святароў з бажніцаў забіраюць
І замыкаюць за турэмныя муры.
– А мы ж з вамі на назе кароткай! –
У адчаі распаляўся ён. –
Бо стаіць на варце раю Пётра,
Міхаіл – памежнікаў патрон…
Начпаста наліў яму гарбаты,
Папрасіў счакаць, даў запаліць
І камусь гукнуў, крутнуўшы “Тапік”:
– Праз мяжу сівога прапусціць!
Ці магло ўсё скончыцца іначай,
Толькі без метафар і прыўкрас?
Капітан у рапарце адзначыў:
“Сёння ўдзень Пан Бог пакінуў нас”.
ШПІЛЬ КАРАЛЕЎСКАГА ПАЛАЦА
(гарадзенскі раманс-жарт)
Сплываў па Нёмне залацісты вечар,
Крыжы на Фары гаслі ў паўімгле,
Твае захутаўшы ў шаль зорны плечы,
Я запытаў: “Жыла як без мяне?”
Табе, відаць, неўпершыню прызнацца
Было, і бліснуў позірк мой ад слёз,
Бо шпілем каралеўскага палаца
Працяў каханне твой адказ наскрозь.
Зніякавеў, адчуўшы падсвядома:
Каложай гіне еднасць нашых душ,
Таму што дзесь на Фолюшы, удома
Цябе чакаюць два каты і муж.
Дарма на лёсу выбрыкі злавацца,
Суцішу боль, вяртаючыся ў Менск,
Нібы шпіль каралеўскага палаца,
Заўжды адзін, і ты зноў без мяне.
ХВАЛІ РАКІ ЖЫЦЦЯ…
Хвалі ракі жыцця
У незваротнасць гоніць
Вецер, а тлумны прасцяг
Заўтра пра іх не ўспомніць.
Без паказных слязін
Сівагрывыя рушаць,
Вербы адно ўслед ім
Хіляць галовы скрушна.
Храмы, муры, млыны
Моўчкі глядзяць старонне
На няспынную плынь
У пазалоце промняў.
Век залаты – міраж:
Сокам брусніц на вуснах
Кроў пунсавела ўсцяж
Ад вытоку да вусця.
Грозна звінела сталь,
Джаліў свінец апабал –
З годнасцю спатыкаў
Кожны бераг сатрапаў.
А ў гады, як сціхаў
Лязгат грымотны зброі,
Зноў раку ахінаў
Жнеяў спеў вечаровы.
Зноўку, бы караблі,
Сінню люстранай хваляў
Гурмы аблокаў плылі
З процьмай вянкоў Купалля.
Вецер хвалі штодзень
Гоніць, дзьме больш сувора,
Ды гарыць на вадзе
Бляск недасяжных зораў.
ЗНІКЛЫ БЕЗ ВЕСТАК
Імшу справіць па мне
Між аблок укрыжованы бусел,
Восень след захіне
Лісцем у парудзелую вусціш.
Адылі ў першы снег
На час ценем бясцельным вярнуся,
Покуль не сцебане
Вясна промнямі, каб сысці змусіць.
Пакрысе год міне
У чакання трывожнай задусе,
Без сяброў, без яе
Жыць у згадках і снах навучуся.
З кубка праўда ў віне
Расплывецца крывёй на абрусе,
Аб адхлання цане
З фатакарткі ў свет не дакрычуся.
Астуджаючы гнеў,
У палях ветру ўдосыць нап’юся.
Непазнаны жаўнер,
Бы з сабой у жыцці размінуўся,
Я на вочы ў вакне,
Ідучы са двара, азірнуся,
Што глядзяць скрозь мяне
У давечна пранізлівай скрусе.
З НІЗКІ “СУПРАЦЬЛЕГЛАСЦІ”
“Мінучае і вечнае”
Стагоддзі грозны мур стаяў,
Зубцамі вежаў вышу драпаў…
Цяпер між крушняў узбуяў
Палын, на небе ж – ані латы.
“Летуценнае і рэчаіснае”
Нявінны, белы і пухнаты
Ляцеў прынесці радасць людзям,
Але яны яго заўзята
Тапталі, змешваючы з брудам.
“Імпэтнае і нярушнае”
На моры шторм кіпіць, гудзе,
За хваляй хваля ў бераг б’ецца,
А па раз’юшанай вадзе
Ашмоццем пена застаецца.
“Вялікае і дробнае”
Як быць вялікім лёс не ручыць,
Імкніся існаваць хоць дробным,
Хай ледзь заўважным, бо калючы,
Галоўнае – каб непадробным.
* * *
Спіць блакіт
па-над самотным фортам,
Рып пратэзаў не ўзрушае цішыні.
Адчуваеш, як яна прагоркла
Порахам мінулае вайны?
Да нас тыя, што на фотаздымках
Усміхаюцца з паўзмроку бліндажоў,
Распасцёрлі ветліва абдымкі
Гіпсавымі ротамі крыжоў.
З імі пад гарачым свінцападам
Астуджаліся струменямі крыві,
Ды пашыў Кон шынялі камрадам
З савану магільнае травы…
ГУЛІВЕР У КРАІНЕ
ВЕЛІКАНАЎ
На ласку лёсу кінуты
Камандай у бязвыйсці,
Жыву, для іншых згінулы,
На веліканаў выспе.
Навокал неабсяжныя
Клубы, цягліцы, сэрцы,
Прэч ад якіх, заўважыўшы,
Хаваю дробку-цельца.
Штодзень у пільным сполаху,
Каб вольным заставацца,
Ды глухну ад іх голасу,
Нібыта ад набату.
А струны жыл заходзяцца
У краі высачэнных,
Бо нічыёй не хочацца
Стаць лялькаю кішэннай.
Каб не скакаць пацешліва
Дзвюхногаю блыхою
Прад здзіўленай, насмешлівай
Грамадзін грамадою.
Не буду задаволенай
Прынадай кавалераў
На туалетным століку
Хаця б і каралевы.
Таму, пакуль не злоўлены,
Не страчана нічога –
Надзеямі напоўнены
Ля берага марскога,
Адчаліць згэтуль мроячы
На покліч продкаў даўні,
Ад раніцы да поўначы
Майструю човен збаўны.
НА ГАДАВІНУ СМЕРЦІ
СЕРЖА МІНСКЕВІЧА
Пазбытае цяжво зямных
Варункаў, радасцяў, турботаў –
Прайшоў дарогу ў незваротнасць,
Дзе недарэчныя яны.
Пакінуў нібы без прычын
Пустою над ракой альтанку –
І Зорны Кол, і промні ранку
Патрэбныя адно жывым.
Чуваць адчай у галасах:
“Не заспявае… Не ўсміхнецца…”
Але дарма – пульсуе сэрца,
Стэп адбіваючы ў радках.
* * *
Змятаюць часу смеццяры
Уперад стрэчаных абліччы
І на агні ўсяедным нішчаць
Пажоўклыя календары.
Знікаюць вершы і лісты,
Ператвараючыся ў попел,
Які, нібыта рой шматкроп’яў,
Вятрыска ўзносіць дагары.
Пажадна танчаць языкі –
Гараць трапёткія пачуцці,
З абдымкаў пломня не вярнуцца –
Дымамі сталіся шляхі.
Хаця праз тое не баліць –
Суняў ўражлівасць дыяруш,
Гадамі спраўджаны таварыш,
Адзіны, пэўна, на зямлі,
Дзе без спагады, без пары,
Даводзячы, што ўсё мінецца,
Калішняе з закуткаў сэрца
Змятаюць часу смеццяры.
УЯЎНАЯ ПАГРОЗА
Насоўвалася хмар арда з усходу,
Разводдзем
навальнічным пагражала.
Чакаючы бязлітаснай навалы,
Напяліся і людзі, і прырода.
Прыносіў вецер водгулле грымотаў
І, хочучы з карэннем дрэвы вырваць,
Пярнатых заганяючы пад выгбы,
Выводзіў гімн пранізлівы самоце.
Але, над местам распасцершы крылы,
Цяжарнае залеваю чарноцце,
Яго заўчаснаю накрыўшы ноччу,
Прысады ледзь імжою пакрапіла…
І мы нярэдка, даўшы волю гневу,
Грымім, няздольныя зрабіць што-небудзь.
НЯЗГОДНЫ ЗАМАЎЧАЦЬ
(рандэль-зорка)
Цяжкі набат надтрэснутага сэрца
У тлуме клопатаў бадай што не чуваць,
Смяёмся, сварымся, абы не заўважаць
Глухі набат надтрэснутага сэрца.
Жахае, нібы казань чужаверца, –
Крый бог услухацца, пачне бо турбаваць, –
Глухі адчай надтрэснутага сэрца,
Якому нельга начны одум дараваць.
За тое, што ўзрушае, што нясцерпны,
Глухі адчай пакутлівага сэрца
Міжволі прагнем назаўсёды ўтаймаваць,
Але гудзе ўвушшу, нязгодны замаўчаць,
Глухі адчай пакутлівага скерца.
У ДАРОЗЕ І СОНЦА
(у цягніку Менск – Ліда)
Маршрут стары ў празрысты жнівень,
Світанак спее за вакном
І сонца-немаўля ў нізіне
П’е прагна росаў малако.
Скрозь краявід не зварухнецца,
У час мінулы плывучы,
Адно праз шыбіну кранецца
Гарэзліва прамень шчакі.
Даўно чаканая сустрэча:
Перон, вакзала мур, сябры,
А шляхам пасталелы светач
Ужо над галавой гарыць.