Вечар містэрыі ў чарговы раз сабраў каля сцен Гальшанскага замка – адной з найпрыгажэйшых славутасцяў Гарадзеншчыны – шматлікіх гасцей, паведамляе “Ашмянскі веснік”. Рыцарскія турніры, майстар-класы па сярэднявечных танцах, сярэднявечны лагер сталі кропкамі прыцягнення мясцовых жыхароў і турыстаў. “Каменная кветка” зноў дыхала, спявала, дзівіла. А ўсё, дзякуючы праведзенай тут рэканструкцыі, якая ўдыхнула жыццё ў помнік архітэктуры.
Тыя, хто ў былую рэзідэнцыю Сапегаў прыбыў упершыню, з задавальненнем спяшаліся на тэматычную экскурсію. Легенды, звязаныя з гісторыяй замка, бударажылі ўяўленне, а здані Чорнага Манаха і Белай Панны, вабілі ўглыб унутранага двара.
Тэатралізацыі, тэматычныя інтэрактыўныя фотазоны і, вядома ж, яркія, маляўнічыя выступы артыстаў дарылі гледачам незабыўныя эмоцыі. Забавак і экстрыму хапала. Ахвотнікі маглі пастраляць з лука, папрактыкавацца ва ўжыванні моргенштэрна (халодная зброя), паграць на старажытнай музычнай прыладзе – сурдзе, пракаціцца на конях, падняцца на аглядную пляцоўку, з якой адкрываецца від на Гальшаны, і нават сфатаграфавацца са зданямі, блукаўшымі па замку. Зачароўвалі гукі старадаўняй музыкі – пад кампазіцыі, выкананыя на дудзе і барабане, удзельнікі фэсту вучыліся танчыць маразулю – беларускі танец сяброўства. Сярэднявечная батлейка, падрыхтаваная навучэнцамі сярэдняй школы №2, выклікала зацікаўленасць гасцей.
І хоць выдатная эпоха рыцарства даўно засталася ў мінулым, цікавасць да яе не згасла. Адвага і гонар рыцараў, іх лад жыцця, запал да подзвігаў і славы, дух вернасці ідэалам і справядлівасці па-ранейшаму інтрыгуюць і прыкоўваюць увагу шматлікіх людзей. Пацверджанне таму – рыцарскі стан, які прыцягваў да сябе і дзяцей, і дарослых на працягу ўсяго вечара.
Больш за ўсё гледачоў сабралася паглядзець выступленні прафесійных артыстаў. Калектыў “A’Storio PLUS” скарыў сэрцы слухачоў эксклюзіўнай праграмай “РОК скрозь класіку”.
Віртуознае гучанне струннага трыа, кахона, фартэпіяна, неверагодная энергетыка прафесійных музыкаў, прагучаўшыя тут, каля сцен Гальшанскага замка, падарылі прысутным сустрэчу з Queen, Scorpions, Nirvana, Cold-play, Toto. Любімыя сусветныя хіты ў новым гучанні дазволілі нацешыцца добрай музыкай.
Сваю творчую праграму падарыў гасцям вечара містэрыі і Ігар Задорожны, якога часта завуць “чалавек-аркестр”. Гэта і не дзіўна. Вакаліст, музыка, танцор, кампазітар – усе свае іпастасі ён прадэманстраваў у Гальшанах. Асабліва ўразіла яго шоў спяваўшых куфляў.
Хедлайнерам фэсту стала група “Дразды”, якая прадставіла ўпадабаную і блізкую многім праграму “Хата бацькоў”. Ва ўнісон гучалі галасы тысяч ашмянцаў і гасцей вечара, якіх аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці.
Яркім і маляўнічым фіналам стала агністае шоў сталічнага шоў-тэатра “Элементаль”. Дынамічная музыка, пластычнасць і харэаграфія, маляўнічыя касцюмы, велізарная колькасць трукаў, спецэфектаў і агню нікога не пакінулі абыякавымі.
Праграма аказалася больш, чым насычаная, як той казаў, на любы ўзрост і густ. Дарэчы, пра густ. Брэндавы гальшанскі пернік стаў у гэты дзень, мабыць, галоўным сувенірам – пернікавы домік раённага філіяла Аблспажыўтаварыства паклапаціўся пра салодкі ласунак. Зрэшты, для тых, хто жадаў падмацавацца больш сур’ёзна, працавалі гандлёвыя намёты і фудкорты, работнікі культуры запрашалі наведаць фіта-бар з травянымі чаямі і гасцёўню ў Сапегі. Традыцыйна карысталася попытам і прадукцыя рамеснікаў – вырабы з гліны, дрэва, ратонгу, лёну і многія іншыя папоўнілі калекцыі аматараў хенд-мейда. Да поз-няга вечара можна было наведаць і намёты Аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ашмяны.
…І хоць апошнія акорды сыграны, маляўнічыя шоў завяршыліся, незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі засталіся, а гэта значыць, што наперадзе каля сцен Гальшанскага замка яшчэ будзе шмат вечароў і фэстаў.
“Ашмянскі веснік”.
https://grodnonews.by/news/zhizn/rytsarskiy_ turnir_master_klassy_f otozony_i_dolgozhdannye_ drozdy_ vecher_misterii_proshel_u_sten_golshanskogo_ zamka.html