5 жніўня ў Гародні прайшоў ІІІ тур Абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”.
Фестываль праводзіцца з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці Гарадзеншчыны, далучэння дзяцей, падлеткаў, моладзі да гістарычна-культурнай спадчыны сваёй краіны, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, папулярызацыі іх творчасці, пашырэння межаў іх дзейнасці. І як вынік – павышэння ўвагі да вывучэння мясцовых нацыянальных традыцый песенна-танцавальнага жанру і гульнявой, абрадавай спадчыны Гарадзеншчыны.
Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” ахоплівае ўсю Гарадзенскую вобласць. На ім прадстаўляюцца дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленькай вёсачкі Гарадзеншчыны. Ужо каторы год кожны ахвотнік можа не толькі нацешыцца прыгажосцю беларускай традыцыі, але і спасцігнуць глыбіню жыццёвай філасофіі, этыкі і маралі.
Фестываль праходзіць у тры туры: I тур – раённыя адборачныя агляды; II тур – занальныя агляды (па выніках I тура). У II туры ўдзельнікі фэсту прадстаўляюць конкурсныя праграмы, накіраваныя на змястоўнае раскрыццё мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці: адноўленыя і існыя аўтэнтычныя песні, карагоды, побытавыя танцы, гульні, інструментальную музыку, творы празаічных жанраў, экспазіцыі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Далей, па выніках занальных тураў, праводзіцца III заключны тур фестывалю, дзе ўдзельнічаюць лепшыя фальклорныя нумары ў розных намінацыях:
– аўтэнтычная фальклорная група;
– дарослы фальклорны ансамбль;
– дзіцячы фальклорны ансамбль;
– індывідуальны выканавец (народная проза);
– індывідуальны выканавец (сольны спеў, дуэты);
– індывідуальны выканавец (інструментальная творчасць);
– фальклорны інструментальны ансамбль;
– фальклорны танцавальны калектыў (побытавыя танцы).
Усе калектывы заключных мерапрыемстваў узнагароджваюцца дыпломамі ўдзельніка. Лепшым калектывам прысвойваюцца званні лаўрэатаў і дыпламантаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” і ўручаюцца прызы і адпаведныя дыпломы.
Дзве ўзнагароды атрымалі на фестывалі работнікі культуры Воранаўшчыны. Воранаўскі раён на фэсце прадстаўлялі майстры і выканаўцы.
Аддзел рамёстваў і народнай творчасці стылізаваў падворак у выглядзе сялянскай хаты, якую аздобілі тканыя дываны, вышытыя сурвэткі, гліняны посуд… Майстар-клас па ткацтве ахвочым дала вучаніца народнага майстра Беларусі Анжаліка Ладыш. Звонкай песняй упрыгожылі мерапрыемства сёстры, удзельніцы аматарскага аб’яднання “Сустрэча” Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра Марыя Мікілевіч і Уладзіслава Міклюкевіч, фальклорна-абрадавы гурт “Спадчына” Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Удалым аказаўся для землякоў удзел у конкурснай праграме. Першае месца ў намінацыі “Індывідуальны выканаўца” заваявалі Марыя Мікілевіч і Уладзіслава Міклюкевіч.
Дыпломам 3-й ступені культработнікаў узнагародзілі ў намінацыі “Лепшы брэндавы сувенір”. Майстар народных і мастацкіх рамёстваў Галіна Мялько сімвалічна змайстравала ляльку Вераніку, ці інакш Вярэну. Такое імя насіла жонка італьянца Яна Сцыпіёна, які валодаў маёнткам Блотна, які і перайменаваў у імя суджанай – Верэнова. Таму і адзенне ў лялькі не сялянскае. Яно ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі строяў, што бытавалі ў рэгіёне.
Калектывы Лідчыны таксама прынялі ўдзел у абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворны крыніцы” ў Гародні. Лідскі раён прадставіў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, народны лялечны тэатр “Батлейка”, народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” філіяла “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу”, у намінацыях – Алена Шчэліна, фальклорны гурт “Явар” філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры”, Мікалай Сакалоўскі і Дзмітрый Сакалоў філіяла “Першамайскі Дом культуры”.
Дзякуем арганізатарам за сапраўднае свята рэгіянальнага фальклору, якое падаравала самыя лепшыя ўражанні і шэраг яскравых эмоцый!
Паводле СМІ.