У Беларусі ёсць некалькі вёсак з назвай Александрыя. Больш вядома сёння шклоўская Александрыя, дзе штогод гучаць песні і скокі, куды прыязджае шмат турыстаў, гасцей, чыноўнікаў розных рангаў… А вось пра зэльвенскую Александрыю, якая знаходзіцца побач з мястэчкам Дзярэчын, ведаюць нямногія, найбольш пра яе чуў тутэйшы зэльвенскі люд.
Зэльвенская Александрыя – неперспектыўная і забытая вёсачка. Гэта ў XVIII стагоддзі фальварак Александрыя ўваходзіў у маёнтак Дзярэчын і быў уласнасцю князёў Сапегаў. Сапегі любілі Александрыю і Дзярэчын. Пра іх добра распавёў пісьменнік Міхась Скобла ў сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” (Мінск. 1999). Але лепш за ўсё пра Сапегаў напісаў Валянцін Дубатоўка ў кнізе “Архіпелаг Сапегаў” (Мінск, 2002).
Род Сапегаў упісаў не адну слаўную старонку ў гісторыю Беларусі. А Валянцін Дубатоўка мае асабістыя сімпатыя да Сапегаў, як сказаў у прадмове да кнігі “Архіпелаг Сапегаў” доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. І гэта, сапраўды, так. Александрыю і Дзярэчын любілі не толькі Сапегі, але іх вельмі моцна сёння любіць і Валянцін Дубатоўка. Плюс да гэтага, ён нарадзіўся ў Александрыі 60 гадоў таму – 20 ліпеня 1963 года, а ў Дзярэчынскай сярэдняй школе – вучыўся. Потым скончыў электратэхнічнае вучылішча ў Гародні, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у пажарнай ахове на гарадзенскім прадпрыемстве “Азот”…
Бліжэй з Валянцінам Дубатоўкам я пазнаёміўся ў 1995 годзе. А магчыма і раней, ужо не памятаю. У 1995 годзе пісьменнік-зямляк Міхась Скобла прапанаваў мне выдаць у Слоніме факсімільнае выданне зборніка вершаў Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, які быў надрукаваны ў Празе ў 1942 годзе. Фундатарам выданне пагадзілася быць Гарадзенскае ТАА “Альгерд” у асобе Валянціна Дубатоўкі, Міхася Чапрасава і Віктара Каладскага. Я пайшоў да дырэктара Слонімскай узбуйненай друкарні Філіпава Уладзіслава Пятровіча са сваім заказам-прапановай. Уладзіслаў Пятровіч быў вопытным друкаром і кіраўніком адной з лепшых рэгіянальных друкарняў Беларусі. Ён паслухаў мяне, узяў у рукі арыгінал “Ад родных ніў” і сказаў: “Раней такога заказу наша друкарня не мела. Але гэта цікавы заказ і даволі фінансавы для друкарні”. Ён пагадзіўся прыняць заказ і 10 кастрычніка 1995 года ён быў падпісаны да друку. Хутка зборнік надрукавалі 3000 накладам. Валянцін Дубатоўка і яго сябры прафінансавалі выданне своечасова, і зборнік “Ад родных ніў” Ларысы Геніюш пайшоў да чытачоў.
Пасля гэтай добрай справы мы пазнаёміліся бліжэй. Літаратурных сустрэч і мерапрыемстваў было шмат, многа што цікавага мы разам рэалізавалі, ажыц-цявілі, правялі. І безліч задумак і планаў засталася пакуль толькі на паперы з надзеяй на іх рэалізацыю.
У 1987 годзе Валянцін заснаваў першы ў Гарадзенскай вобласцi музычны кааператыў “Актава”. А з 1992 года займаецца вытворча-камерцыйнай дзейнасцю. Арганізаваў некалі і кіраваў прадпрыемствамі “Вiтаўт”, “Губерт”, “Фрадо”, “Тэх-Еўра-мэбля”, “Рагнеда”. Пра-цягвае займацца гэтым і сёння. Цяпер праблем, праўда, у прадпрымальніцкай дзейнасці хапае, але неяк яшчэ выжывае, працуе. Дзякуючы гэтаму Валянцін Дубатоўка з’яўляўся шчырым фундатарам шматлікіх карысных спраў на Гарадзеншчыне. Асабліва ён не шкадаваў фінансаў на выданне кніг землякоў. З яго добрай ласкі свет пабачылі кнігі Пятра Марціноўскага “Наша Лорка”, Юркі Голуба “Поруч з дажджом”, “Багра”, Міхася Скоблы “Розгі ў розніцу”, “Дзярэчынскі дыярыюш” і выданні іншых аўтараў.
Валянцін Дубатоўка – веруючы чалавек. Ён сябруе са святарамі розных канфесій. Асабліва ў шчырых адносінах Валянцін заўсёды быў з архіепіскапам Арцеміям (Кішчанкам, 1952-2023), які сёлета пакінуў гэты свет. У Дзярэчынскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі намаганнямі Валянціна Дубатоўкі ўсталя-вана мемарыяльная дошка ў гонар ўдзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегі. А ў Зэльвенскай Свята-Троіцкай праваслаўнай царкве, дзякуючы Валянціну, з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар памяці Ларысы Геніюш. Ён быў фундатарам і царквы Усіх Беларускіх Святых у Гародни.
Валянцін Дубатоўка вельмі дасціпны чалавек, уважлівы, шчыры. Але па характару ён розны, мне ў ім падабаецца тое, што яго душа і памяць багаты на гумар. З ім ніколі сумаваць не прыходзіцца. Ён, дарэчы, добра разбіраецца ў музыцы, іграе на розных інструментах, піша тэксты песень і хораша сам спявае. Яшчэ ў маладосці разам з сябрамі іграў на вяселлях, весяліў маладых і гасцей. Разам з тым Валянцін умее сябраваць, мае шмат сяброў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Сяброў Валянцін Дубатоўка ніколі не кіне ў бядзе, заўсёды дапаможа, падкажа, параіць, з ім прыемна гутарыць і разважаць пра нашае няпростае жыццё. У характары Валянціна таксама гняздзіцца і нейкі маленькі чыноўнік, нават начальнік. Падобная іскарка не патухла ў ім да сённяшніх дзён. І гэта добра. Не выпадкова літаратары Гарадзеншчыны абралі яго кіраўніком абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, які Валянцін узначальваў некалькі гадоў. І, дзякуючы яму, актывізавался творчая дзейнасць гарадзенскіх літаратараў. Былі арганізавана дзесяткі розных сустрэч з чытачамі, конкурсаў, прэзентацый і выступленняў, з’явілася абласное свята паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне, пачаў штогод рэгулярна выдавацца гадавік “Новы замак”, кнігі пісьменнікаў і г.д. Усё гэта адбывалася не без вялікай дапамогі Валянціна Дубатоўкі і яго калег па пяру. На вялікі жаль, цяпер Саюз беларускіх пісьменнікаў ліквідаваны, таму сёння кожны літаратар выжывае па-свойму, і кожнаму свая болька баліць. Але, калі патрэбна дапамога, Валянцін Яўгенавіч тут як тут.
Валянцін Дубатоўка – творчы чалавек. Бог надзяліў яго талентам пісаць вершы, апавяданні, аповесці, займацца гістарычна-краязнаўчымі пошукамі. У адным са сваіх інтэрв’ю ён сказаў: “Мы, нарэшце, павiнны зразумець, што вяртання ў мiнулае не будзе. Таму, калi вы вырашылi ўсё ж такi займацца лiтаратурай, рыхтуйцеся змагацца за cвае погляды, за свайго чытача i свае кнiгi. I, самае галоўнае, трэба цiкава i таленавiта пiсаць, каб чытачы вашы кнігі самі пыталі ў крамах”. З Валянцінам можна пагадзіцца.
Пісаць Валянцін Дубатоўка пачаў у школьныя гады, друкаваўся ў зэльвенскай раённай газеце “Праца”, дзе штомесячна выдавалася літаратурная старонка “Зоры на Зальвянкай”, якую рыхтаваў дзярэчынскі настаўнік Пётр Мікалаевіч Марціноўскі. “Колькі маладым талентам вымасціў Пётр Мікалаевіч сваімі рэкамендацыямі і павучальнымі размовамі дарогу ў літаратуру! Настаўнік рабіў усё магчымае, каб яго вучні, якія прайшлі праз літаратурную старонку зэльвенскай раённай газеты “Праца”, упэўнена сталі на літаратурнае крыло…”, – прыгадвае Валянцін Дубатоўка ў кнізе ўспамінаў пра Пятра Марціноўскага “Каб не пагаслі зоры”. Вучань Пятра Марціноўскага пасля “Працы” друкаваў свае вершы і прозу ў “Гродзенскай праўдзе”, “Родным слове”, “Дзеяслове”, “Дзелавой газеце”, “Новым замку”, калектыўных зборніках і іншых выданнях. А ў 2002 годзе ў Менску ў выдавецтве “Кнігазбор” выходзіць першая кніга Валянціна Дубатоўкі “Архіпелах Сапегаў”, куды ўвайшлі гістарычныя нарысы пра Сапегаў і падборка вершаў “Знічкамі заплакаў небасхіл…”. У вершах таксама скразной лініяй праходзіць гістарычная тэматыка, прысве-чаная Адаму Міцкевічу, Шчорсам, Айчыне, Давыду Гарадзенскаму, Каложы, Бярозаўскаму кляштару…
Толькі праз 11 гадоў у Гародні з друку выходзіць другая кніга прозы Валянціна Дуботоўкі “Чорная воля”. Падзеі ў гэтай кнізе адбываюцца пераважна напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі, а дакладней на Зэльвеншчыне. Амаль усе творы маюць трагічныя сюжэты. Героі Валянціна Дубатоўкі сяляне, якія ў гэты драматычны перыяд для Бацькаўшчыны трапляюць у складаныя сітуацыі – калі лёс не пакідае ім выбару, калі цёмныя сілы з двух бакоў – бальшавіцкага і фашыстоўскага – знішчаюць апошні шанец на ратунак. Зборнік пачынаецца невялікай аповесцю “Боты”, у якой апавядаецца пра лёс хутараніна Міколы Шпака. У маладосці ён ездзіў у Амерыку на заробкі. Вярнуўся ў родныя мясціны, купіў зямлю, стварыў сям’ю, пабудаваў цагляную хату. Але не доўга цешыўся шчаслівым жыццём. Спачатку на Слонімшчыну прыйшла чырвоная армія, і хутаранін вымушаны, каб уратаваць сям’ю, запісацца ў калгаснікі. А затым пачынаецца вайна, і Шпак увогуле трапляе паміж молатам і кавадлам – паміж паліцаямі і немцамі з аднаго боку і партызанамі з другога. Усе рабуюць і прымушаюць працаваць на сябе. Яшчэ за Польшчай Шпак пашыў сабе шыкоўныя боты, якія хочуць здабыць для сабя і паліцай Альбін Клімашэўскі, і партызанскі камандзір Сцяпан Кулак. І гэтыя злашчасныя боты прынеслі Шпаку няшчасце. Каб спыніць зачараванае кола цкавання яго і сям’і, Мікола, ужо пасля заканчэння вайны, забівае і аднаго, і другога…
Наогул, тэма Другой сусветнай вайны, тэма савецкіх партызанаў, пасляваеннае жыццё беларусаў даўно хвалююць пісьменніка, каб праўдзіва паказаць тое, што адбывалася ў Заходзяй Беларусі падчас вайны і пасля яе.
У 2017 годзе ў Менску выдаецца новая кніга Валянціна Дубатоўкі “Чужы”, куды ўвайшлі аповесць “Чужы” і два апавяданні “Брат” і “Іосіф”.
У цэнтры вострасюжэтнай эпічнай аповесці Валянціна Дубатоўкі “Чужы” – жыццё заходнебеларускага хлопца Кастуся Саўчыка, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаванні, але не зламалі яго – у фінале ён даруе жыццё свайму крэўнаму ворагу і тым самым застаецца чалавекам. Дэтэктыўнасць, псіхалагізм, трапнасць мастацкіх дэталяў уласцівыя апавяданням “Брат” і “Іосіф”…
Пабачыла свет кніга апавяданняў і аповесці Валянціна Дубатоўкі “Сімвал веры” (Менск, 2018) з прадмовай пратаіерэя Георгія Роя, які адзначыў, што “новая кніга Валянціна Дубатоўкі, без сумніву, глыбока псіхалагічная, і ў нечым нават правакацыйная. Сэнсавым стрыжнем усіх апавяданняў, сабраных у гэтай кнізе пад адной вокладкай, ёсць тэма веры і чалавечага сумлення”.
Ёсць у Валянціна Дубатоўкі яшчэ адна цудоўная кніга “Пажарка – прытулак для самотнага музыкі”. Яе склалі лірычна-хуліганскія нататкі ў прозе. Кніга вельмі арыгінальная, чытаецца з усмешкай, лёгка і проста. Гэта ўспаміны-імгненні пра тыя прыгоды, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе падчас гарбачоўскай перабудовы, а, канкрэтней, у пажарнай часці, дзе некалі працаваў сам аўтар.
Пра кнігі, якія напісаў і выдаў Валянцін Дубатоўка, можна разважаць доўга. Аўтар, бясспрэчна, вельмі таленавіты, піша разнастайныя творы, натхнёна працуе над новымі. Магчыма не вельмі шмат зроблена за 60 гадоў, але тое, што выйшла з-пад пяра пісьменніка, заслугоўвае ўвагі, пашаны і падзякі. І, вядома ж, яго грамадска-культурная дзейнасць на карысць Бацькаўшчына, таксама заслугоўвае шчырай ўвагі. Дарэчы, Валянцін Дубатоўка быў узнагароджаны медалём “100 гадоў з дня народзінаў Ларысы Геніюш”, а ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам міжнароднай літаратурнай прэміі памяці Міхася Жызнеўскага “Воін Святла”.
У адным са сваіх вершаў Валянцін Дубатоўка напісаў:
У абуджаным памяццю парку,
Дзе юнацтва не ўваскрасіць,
Я ізноў уздымаю чарку,
Хоць і прыкра мне з паркам піць.
А мы давайце ўздымем чаркі за гэтага таленавітага чалавека і вып’ем за яго здароўе, дабрабыт і натхненне. Чакаем тваіх новых кніг і спраў на карысць нашай Бацькаўшчыны, паважаны Валянцін Яўгенавіч!
Сяргей ЧЫГРЫН