***
Як нярвуецца час… І малітва
Не даходзіць да Госпада ўжо.
Чалавецтва на крок ад той бітвы,
Перад самай апошняй мяжой.
Мы – зубры таго кволага часу.
А надзейнасць чыіхсьці мазгоў –
Неахайнасць тых брудных прыкрасаў,
Неадкрытага шчасця ўсяго.
Гэй, а можа, мне гэта ўсё сніцца?
Гэй, няўжо я згубіў парасон
Ад дажджу, што ліецца, бруіцца
На стамлёную стужачку дзён?
Гэй, трываласці мала: у справах,
Рухах, поглядзе, – нават, нудзе.
Дым згубіўся – у леташніх травах,
Лёс нам паліць кастры на спадзеў!
Там, дзе час і бясчассе пануюць,
Клопат мар у купюрах паснуў.
Прыйдзе дзень, і нас Божа пачуе,
Як у сэрцах адродзім вясну!
***
Збіраю сябе па частках,
Упёрся, трымаю хамут,
А нехта прамовіў: капут!
І дыхае цяжка, нячаста.
Той злыдзень, злыбяда, злырок…
Халерыць Зямлю, бы стыхія…
Мы дробныя галькі з дарог
Пасля навальніц, нібы, змыем?
Не зможам усім адказаць,
Хто долю сваю асцярожна
Нясе… Бачу на абразах
Я лікі святых: ім трывожна.
Збіраю сябе і свой дух,
І нават – суседскія думкі,
Збіраю цяпло на хаду,
Для сэрца – яго пачастункі.
Стрываю… А можа быць, не?
Як людзі, народ і планета,
Збіраюся. Мы на вайне,
І мне не прыснілася гэта.
***
Трымцення не знайду ў радках, трымцення…
І дзе знайсці натхнення, і адкуль?
У голасе істотнае змякчэнне,
І стаў Сусвет памножаны на нуль.
Не трэба адчужэння нам, даволі –
З той кнігі, прачытанае табой.
Сусвет кранецца непазбежна столі:
Закон быцця згубіўшы, знойдзе боль.
Мы – іншыя, і ў гэтым наша сіла.
Спраўней пакрочым, свету не да нас.
Жыццё ўзнімае з дна бязмежжа ілу:
Хто быў падпанкам, рвецца на Парнас.
Куды ўсе пруцца? Хопіць несці крыўду,
Свайго цярпення скінем ланцугі.
Пра пошласці пісаць вам не абрыдла?
Працуюць так вось толькі пацукі.
У творцы кожнага, відаць, свая дарога:
Дзе пакручастая, дзе толькі напрасткі.
Радок таленавіты судзіць строга –
Ты, дух сумневу, лепей нас пакінь!..
***
В. Скакуну
Радкі, шматкроп’е, млоснасць і туга…
Хаваецца жывой вады крыніца
За той паводкай лёсу, дзе спаткаў
Цябе паэт, якому поле сніцца.
А там калоссе, гул чароўных струн,
І голасам басістым рвецца рэха.
– Ну, як жывеш? – спаткаў радком Скакун.
– Ды нейк жыву! Часамі не да смеху.
– Бывай, пакуль! Трымайся лепшых дзён, –
Паэт пайшоў у роздуме трывожным.
А вочы тыя ж, бы ён маладзён…
І разгадаць іх глыбіню няможна.
Калосіцца паўсюдна збажына,
Праносяцца гады, нібы хвіліны.
І рве прастору звонкая струна,
І знікне час, хоць згадкі нам пакіне.
***
Мала песняў, мала спеваў
Мала родных чую слоў.
Зведаць шмат чаго паспелі –
Небагаты наш улоў.
Што зрабілі для Радзімы,
Чым багацім Беларусь?
Чым мы радуем хаціны,
Што ўзрасцілі нас? Бяру
Зноў у прыгаршчы радочкі.
Нібы зерне, кіну ў дол:
Хай растуць бары-гаёчкі
І мацнее кожны дом.
Прэч, самоты і гаркоты,
Будзь дужэйшым, мой народ,
Не ганіся ты за модай
І заўсёды будзь здароў!
Трэба болей слоў і песень,
Беларускіх нашых больш.
Хай чарноцце з сэрцаў злезе,
Знікнуць сум, трывога, боль!
Ізноў наперад
Мне не смешна, пакорна прымоўк.
Не пацешна, акрэслена з сумам,
Я гляджу на маршчыны дарог,
Дзе ліхтарыкі свецяць, бы думы.
Халадзеюць трывогі начы,
Мышка часу капошыцца ў скрыні,
Ці далей мне мой лёс па плячы,
Ці мяне новы час не адрыне.
Не саспела хваіна вясны:
Прагуляла, магчыма, удачу.
Прытулілася збоч да сцяны
І ледзь-ледзь навальніцай не плача.
Я па кроплях збіраю сяброў, –
Ну, давайце натхнімся прасторай!
Хай бурліць наша смелая кроў,
Разам нас не адолее гора.
Нараджайся, жыццёвая стаць, –
За тугою прыходзіць надзея!
Будзем коней сваіх яшчэ гнаць,
Каб цвілі нашы ружы, лілеі!
Трываласць
Абдымі мяне ранкам, туман,
Зашугай мае думкі ты ў шэрань,
Дзе я знікну ў мінулым. Стрымаць
Не паспее мой лёс, слоў адмераць.
Разгублюся, стамлюся, згрызу
Непатрэбную сэрцу трывогу.
Беларусь у былое звязу –
Так у будучым знойдзе дарогу.
Ёй ажыць, каб сябе ацаліць,
Дзе вятры асушаюць каменне.
Родны край, хто цябе бараніў,
Адрадзіў, захаваўшы карэнне?
Цягне песні чужацкая раць,
Узнімаючы новыя сцягі,
Не, не згінеш навек, край, у гаць.
Мы ізноў – бы ліхія варагі.
Абдымі мяне ранкам, туман…
Хай па ўсёй Беларусі знікае
Боль ад тых, ёй нанесеных ран…
Сэрца шчасця няспынна шукае!..
***
Зноў абмяжоўваю межы свядомасці
І зачыняю духоўны Сусвет.
Хто мы? Не кібаргі той невядомасці,
Што зачынілі ўжо безліч планет?
Хто мы? Маўчанне – наш попел, па сутнасці.
Розум ваенны не хлусіць байцам.
Змешаны попел з цялеснай магутнасцю –
Той, што па духу бліжэй праайцам.
Звержаны ідалы, кроў непралітая
Мусіць застыць на лафетах ракет.
Мы не забітыя, мы апавітыя
Верай і праўдай – там моцы хрыбет.
Я зачыняюся ў межах прасторавых,
Дзе не спасцігне сусветны дакор,
Дзе будуць дзверы адчынены зорныя
І ліхалеццяў пагасне касцёр!
Ці будзе тое?..
Ці будзе тое, што аднойчы,
Сябе грамадства нарачэ,
Вялікім цэнзарам паўночча,
Язык “вядомым” адсячэ?
Разгульства розных графаманаў,
Нікчэмных ёлупняў-пісцоў,
Павыкіне, мо, позна-рана
З паліц быцця былых часоў?
Засілле гэткіх непісьменных,
Ледзь акрыяўшых тых пісак, –
На ўсіх пляцоўках, розных сцэнах…
Што ў іх ні выраз – то чарвяк.
Шмат барматухі ў іхніх творах,
Там бражкі слоўнае пітво.
Заплямілі на небе зоры,
І стаў пабляклым неба звод.
Калёнай качаргой паўсюдна
Брыдоцце гэта трэба гнаць,
Каб пачытаць было што люду,
Была каб твораў сенажаць.
Каб на паліцах іскравелі
Тамы сапраўдных, важкіх кніг.
Іх аўтары каб права мелі
Свяціць, бы спраўных зор агні!
***
Гэта неба над полем Капыльскім,
Дзе шляхоў паміж зорамі шмат,
Што раскіданы, быццам бы пырскі, –
Там у жніўні такі зарапад!
Край вялікі, прасветлы і хлебны,
Як вяльможа прыціх і прысніў:
Аб табе люд чытае малебны
Пра свой лёс сярод ролляў і ніў.
Вочы даўніх азёраў блакітных
Усміхаюцца небу штодня.
Край валошак і стромкай ракіты,
Песень край – дзе такому раўня?
Адраджаецца боль за Айчыну –
Гэта так пачынаецца рух
Да святла і да ўдачы, магчыма…
Стань вялікай для нас, Беларусь!
Матуля
Такое слова казачнае – “мама”,
Бо адсякае нам усе грахі.
І мы імгненна тых, вялікіх самых,
Слоў спасцігаем новыя шляхі.
Сугучча “мама”, “мамачка”, “матуля” –
Не спіш начамі, бо трывожны сон.
Ліхія думкі розум твой атуляць,
А неба шле спакой і справаў плён.
Матулечка, ты шпаркая – у справах.
Твая малітва светла, без прыкрас
Праз сэрца льецца і даруе слаўна
Спакой такі, што адратуе нас.
Матуля, мама – словы твае свецяць
Праз цемру нам вялікім тым святлом.
Мы для святла такога – толькі дзеці,
Атульвае нас зноў бацькоўскі дом.
І не баімся словаў і папрокаў:
Матуль усмешкі промнямі мігцяць.
Яны – бы сімвал лёсу і зароку,
Бо дапамогуць шлях свой адшукаць.
***
Ты мяне не стамляйся кахаць ?
Я цяпер не стамлюся таксама.
Хай паедзе ад шчасця страха
І сарвецца характару брама.
Не стамляйся чакаць ты мяне,
Хай не спыніць гадзінік наш рухі.
Голос маніць, нібыта ўва сне,
Абдымаюць раптоўна зноў рукі.
За пагляд так мілую я твой,
За касмічную постаць Венеры,
І за твой амазонскі той строй
У якім не патрэбны манеры.
Не здзіўлюся: за тысячы год
У бязлюдных не стрэнеш сусветах.
Ты пяшчотна чакаеш таго,
Хто з табой застанецца паэтам.
Ты мяне не стамляйся чакаць –
У адбымках гарым апантана
Тым агнём, ад якога ў вяках
Зоры дораць святло палымяна!..
***
Суніцаў пах і водар ліпы,
Спусціўся на зямлю жаўрук,
Усе паснулі, дуб са скрыпам
Пачуе ад чыгункі грук.
Успыхне зорка там, на ўсходзе,
І знікне горыч дзён былых,
Залева ноччу луг адродзіць,
Маланкі не спужаюць слых.
Не спіцца… Кола часу ладзіць
Чарговую жыцця скрыжаль,
І лес прыціх, як на парадзе:
Хваінкі з жаху не дрыжаць.
І мне ўзгадаецца дзяцінства,
Як быццам там згубіўся свет
Між мараў, вобразаў адзінства,
Дзе мела ўсё заўжды сакрэт.
Мой жнівень
Ходзіць жнівень па пракосах,
Па той спелай збажыне.
Сам, бы бусел, гоніць восаў,
Вусны змочаны ў віне.
Як сусед, жыве што ў думках,
Коле дровы, піша верш.
За куплеты пачастункі
Не бярэ, мо тое лепш?
Ён узмахвае рукамі,
Як няпраўды чуе рык,
Можа крос прабегчы з намі,
Стаць нядобрым да пары.
Не майструе новых храмаў,
Гоніць розных прэч бажкоў,
Сам сабе залечыць раны,
Зробіць сам сабе ж укол.
І імчыцца ў жніўным полі –
Конніцы той гул пачуй –
Дух нязніклы, неадольны,
З ім спрачацца не хачу.
Жнівень, ён такі прыдатны,
Ваяром ляціць ускач.
Не шукае вінаватых,
Змешвае і смех, і плач.
***
Ты прагнеш быць зоркай,
Ты – дзіўная зорка,
Што ўспыхне так ярка, не згіне і стане
Святлом за лясамі, і там – за пагоркам,
Свяціць будзе доўга – з начы і да рання.
Ты прагнеш быць кветкай –
У стэпавым полі,
Якая зусім не прыцягвае ліха.
Ты ў рукі не рвешся патрапіць ніколі,
Не хочаш… Шчэ марыш пухнатай і ціхай
Стаць коткай забаўнай,
Такой не яршыстай,
Павольна блукаючай за агароджай,
Якая глядзіць зноў на зорку, што чыста
Лье промні лагодныя – смела і гожа…