На працягу ўсяго дня 30 чэрвеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай прыбывалі пілігры-мы, якія дабіраліся на традыцыйны фэст пешкі і на роварах.
Сёлетнія ўрачыстасці былі юбілейнымі: 25 гадоў таму кардынал Казімір Свёнтак па распараджэнні Папы святога Яна Паўла ІІ каранаваў цудадзейны будслаўскі абраз Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на руках.
Традыцыя пілігрымавання мае багатую шматвяковую гісторыю і працягваецца ў нашыя дні.
У 2020 і 2021 годзе арганізаваных пілігрымак не праводзілася ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, але і тады людзі ў прыватным парадку ішлі пешкі і ехалі на роварах да Маці Божай.
Сёлета пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік прывітаў у нацыянальным санктуарыі 16 пешых пілігрымак: дзевяць з Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, шэць з Віцебскай, дзве з Гарадзенскай і адну з Пінскай дыяцэзіі, а таксама дзве пілігрымкі на роварах: з Віцебска і з Менска.
Разам з пробашчам пілігрымкі пры ўваходзе ў базыліку сустракаў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Усяго пешкі і на роварах на фэст у Будслаў сёлета прыбылі 1862 пілігрымы.
Самай вялікай па колькасці ўдзельнікаў была пілігрымка Менск-Будслаў, у якой ішло 258 чалавек, а самай працяглай – пілігрымка з Баранавічаў, якая працяг-валася дзевяць дзён, а маршрут склаў 278 кіламетраў.
30 чэрвеня, перад Імшой для пілігрымаў, да ўдзельнікаў Будслаўскага фэсту звярнуўся Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджароці.
Папа Францішак прызначыў яго сваім Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Апякункі Беларусі.
Перад гэтым высокі ватыканскі іерарх пешкі ўвайшоў у Будслаў разам з групай пілігрымаў. Пры палявым алтары яго прывітаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і папрасіў звярнуцца да прысутных са словам.
Арцыбіскуп Гуджароці пачаў сваю прамову па-руску, што выклікала вялікі энтузіязм удзельнікаў. Але, заўважыўшы, што католікі размаўляюць па-беларуску, працягнуў па-італьянску з перакладам на беларускую мову.
“Даражэнькія, Папа зрабіў мне вельмі цудоўны падарунак. Ён паслаў мяне сюды яшчэ раз пасля таго, як я ўжо быў з вамі чатыры гады раней. Ён сказаў мне, што я павінен прадстаўляць яго такім чынам, як быццам ён сам прысутны тут сярод вас. Я павінен зазірнуць вам у вочы, паглядзець, як вы моліцеся, а потым вярнуцца і распавесці Папу, які мяне чакае і жадае гэта ведаць. Таму я павінен быць вельмі ўважлівым да ўсяго таго, што мы будзем разам з вамі перажываць.
А вы ведаеце, чаму Папу так цікава даведацца пра вас? Таму што вы – надзвычай прыгожы народ! І таму што Папа вас вельмі-вельмі моцна любіць! Ён ведае гісторыю вашага народа; усё, што вам давялося перажыць, усе вашыя цяжары, і хоча сказаць вам: “Я з вамі!” І яшчэ ён хоча, каб я разам з вамі ўкленчыў перад нашай Маці Божай Будслаўскай. Таму што тут вы маеце скарб, які ведаюць ва ўсім свеце, які любяць ва ўсім свеце, які ён хацеў бы ўбачыць уласнымі вачыма, як мы яго бачым, але не можа…”
За паўгадзіны да апоўначы 30 чэрвеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася традыцыйная працэсія са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза, каранаванага 25 гадоў таму па распараджэнні святога Яна Паўла ІІ.
Пад бой курантаў на вежы будслаўскай святыні апоўначы на палявым алтары распачалася ўрачыстая цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам з ім Эўхарыстыю, на якой сабраліся тысячы вернікаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, а таксама духоўна далучыліся з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by, цэлебравалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральныя вікарыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне біскуп Казімір Велікаселец з Пінскай дыяцэзіі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама больш за 80 святароў з усіх дыяцэзій Беларусі.
Фота: Мікола Новікаў, Алена Бобр / Catholic.by.