Кожны год у рамках акцыі “Ноч музеяў” наведвальнікі аднаго з аб’ектаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея – Дома Валянціна Таўлая – маюць магчымасць паглядзець і паслухаць у мемарыяльным пакоі паэта інсцэніраваны аповед “У Таўлая пабываем” – як бы пабываць у гасцях у самаго Валянціна Таўлая, які жыў у гэтым будынку з першай жонкай Кірай Брандт у 1939-1941 гадах, у перыяд сваёй працы ў рэдакцыі газеты “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”). І кожны год інсцэніроўка па-казваецца ў новай версіі. Сёлета яна была прымеркавана да Года міру і стварэння, называлася “У Таўлая пабываем… перад пачаткам вайны” і адлюстроўвала апошнія дні знаходжання Валянціна Таўлая з жонкай у Лідзе, у гэтым доме – трывожныя дні чэрвеня 1941 года.
У ролі паэта нязменна выступіў навуковы супрацоўнік, адказны за Дом-музей, Алесь Хітрун, ролю Кіры Брандт на гэты раз выканала новы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Людміла Квач, у вобраз ахмістрыні Ганны ўвайшла, як і ў мінулыя гады, работніца Дома Валянціна Таўлая Ганна Драб.
Валянцін Таўлай быў паказаны ў сваім пакойчыку за працай над вершамі, якія ён задумаў яшчэ ў турме “пры польскім часе” і якія зараз “вытрасаў з памяці”, запісваў на паперу, плануючы выдаць зборнік вершаў паводле свайго поўнага барацьбы і выпрабаванняў жыцця “Шляхі і краты”. І паэт, і яго жонка адчуваюць нейкую трывогу, прадчуваюць, што хутка здарыцца нешта страшнае.
Таўлай аддаецца ўспамінам, расказвае Кіры пра розныя перыяды свайго жыцця. Гледачы даведваюцца, дзе паэт напісаў свой першы верш, дзе ён вучыўся і за што быў выключаны з навучальных устаноў. Расказвае галоўны герой інсцэніроўкі і пра сваю падпольную дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, пра цяжкія гады зняволення. Перад гледачамі паўстае вобраз паэта-змагара, паэта-патрыёта, які не цураецца роднай мовы, які цікавіцца беларускім фальклорам, да якога цягнецца моладзь, у тым ліку маладыя, пачынаючыя паэты. З цеплынёй расказвае Таўлай пра сваіх родных: бабулю Аўдоццю, бацьку Паўла Дзям’янавіча, мачыху Сцепаніду Паўлаўну, брата Шуру, сястру Ніну. Дарэчы, бацька, мачыха і сястрычка Валянціна Таўлая ў той час таксама жылі ў Лідзе.
Паводле інсцэніраванага аповеду, страшную вестку пра пачатак вайны Валянцін Таўлай пачуў на абутковай фабрыцы “Ардаль”, куды, яшчэ не ведаючы аб гэтым, адправіўся на мітынг пасля размовы з Кірай. Паэт кінуўся ў свой дом, пачаў спешна збіраць рукапісы сваіх вершаў. Паміж ім і жонкай успыхнула сварка – многія рукапісы мужа Кіра выкінула на сметнік.
Але на гэтым аповед не заканчваецца. Далей расказвае ахмістрыня, і слухачы даведваюцца, што пасля пачатку вайны шлях Валянціна Таўлая пралёг на Наваградчыну, а Кіры Брандт – у Вільню. Доўга лічылася, што Кіру, як яўрэйку, расстралялі немцы. Але гэта не так. З запісаў у дзённіку паэта Максіма Танка вынікае, што ў час вайны яна жыла ў Вільні, у цешчы Максіма Танка Ганны Асаевіч, па падробленых дакументах. Таксама вядома, што ў 1945 годзе Кіра Брандт выйшла замуж за яўрэя-адваката. Памерла ў 1984 годзе. У ранейшых інсцэніроўках “У Таўлая пабываем” гэтай інфармацыі пра першую жонку Таўлая не было.
– У 2014 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая, выйшла мая дакументальная кніга “Этапы жыццёвых дарог”, – расказвае пасля інсцэніроўкі супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная. – Канешне, у параўнанні з тым, што даведаліся пра Валянціна Таўлая я і Алесь Хітрун у наступныя дзевяць гадоў, матэрыялу ў той кнізе няшмат. Сёння такая кніга выйшла б у значна большым аб’ёме. Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, даведваемся пра новыя факты з біяграфіі паэта, і многія з гэтых фактаў выкарыстоўваюцца ў інсцэніраваным аповедзе “У Таўлая пабываем”.
– Мы не артысты – мы музейшчыкі, – гаворыць Ганна Драб. – Аднак пры падрыхтоўцы і ў час інсцэніроўкі стараемся ўжыцца ў вобразы сваіх герояў, і з кожным годам у нас гэта атрымліваецца ўсё лепш. Асабліва шмат тэксту трэба запомніць, прапусціць праз сябе Алесю – нашаму нязменнаму Валянціну Таўлаю. Яму гэта кожны раз удаецца, бо пра Таўлая, як навуковы супрацоўнік, старшы па Доме-музеі паэта, ён ведае вельмі шмат. З кавалкаў успамінаў мы складваем нашу інсцэніроўку. Ёсць тут, канешне, і выдумка, але пабудавана дзея пераважна на дакументальных фактах. І такая форма знаёмства наведвальнікаў з біяграфіяй паэта нашмат цікавейшая, чым звычайная экскурсія па мемарыяльным пакоі. Бу-дзем выкарыстоўваць яе ў нашай дзейнасці і надалей, але па папярэдніх заяўках.
Аляксей КРУПОВІЧ.