Рахманы леў, пяшчотныя лебедзі, задуменная дзяўчына ў чоўне пасярод возера, дзівосныя кветкі і птушкі, падобныя да кветак… Беларуская маляванка – унікальны від народнага мастацтва. Цяпер яна мае свой асобны дом – у Заслаўі, дзе знаходзіцца знакаміты гістарычна-культурны музей-запаведнік.
Беларускія маляваныя дываны, якіх багата ў зборы музея, адгэтуль пасяліліся ў флігелі-эрмітажы былога палаца Пшадзецкіх, што на заслаўскай вуліцы Дачнай, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. У першым на Беларусі музеі маляванкі больш за дзве з паловай сотні экспанатаў і непаўторная атмасфера, якая змушае па-новаму зірнуць на навакольны свет, успомніць свой род і прыадкрыць душу… Не дарэмна інсітнае, “наіўнае” мастацтва мае яшчэ адну назву – “шчырае”. “…І прарасціў Гасподзь Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыемнае на выгляд, і прыдатнае да ежы, і дрэва жыцця пасярод рая, і дрэва пазнання дабра і зла…” – біблейскія словы на сцяне аднаго з музейных залаў вельмі дарэчы, бо народныя мастакі бачаць свет, як дзеці, і малююць рай. З яркімі кветкамі, лагоднымі львамі, шчырым каханнем…
Дзве залы прысвечаны сусветна вядомым майстрам беларускіх маляванак. Гэта экспазіцыі “Дзіўны свет Алены Кіш” і “Сцяжынкі Язэпа Драздовіча”. Трапляючы ў свет Драздовіча, наведвальнік апынаецца ў космасе, па якім у сваіх відзежах падарожнічаў мастак. Столь свеціцца сузор’ямі, сцены, упрыгожаныя дыванамі, нагадваюць інтэр’ер касмічнага карабля. Дарэчы, менавіта з маляванага дывана Язэпа Драздовіча пачаліся зборы музея-запаведніка. Ёсць тут не толькі дываны – вось на шафе, размаляванай Драздовічам, зіркаюць жоўтымі вачыма яркія папугаі.
Экспазіцыя “Дываны ў інтэр’еры сялянскай хаты” паказвае, як у беларускай традыцыйнай хаце размяшчаліся маляваныя дываны, і не толькі. У куце пад упрыгожаным вышываным ручніком і абразом – распісны куфар для пасагу, знойдзены ў суседняй вёсцы Закаблукі, на яго накінута тканая ў 1928-м годзе яркая посцілка, таксама, відавочна, частка пасагу.
У яшчэ адной зале “Народныя дыванкі” – маляванкі народных майстроў, імёны якіх часам не ўстаноўлены. Гэтае багацце сабрана ў шматлікіх экспедыцыях. Тут не толькі радуешся яркім фарбам і ўсміхаешся наіўным выявам, але і задумваешся над лёсам кожнага мастака і кожнай карціны, намаляванай на саматканым сувоі альбо ўвогуле на прасціне ці наўлечцы. Людзі часам аддавалі апошняе вандроўнаму майстру, каб прыўнесці ў хату хоць трошкі прыгажосці. А майстры самі галадалі, цярпелі насмешкі за несамавіты занятак, але нішто не магло забіць іх прагу ствараць. А калі дзеці вырасталі, яны выкідалі з хаты “рыззё”, замяняючы куплёным, крамным. Колькі выдатных твораў згарэла, згніло, а мо дасюль гібее на гарышчах ды ў каморах… Напэўна, наведванне музея камусьці расплюшчыць вочы на каштоўнасць такіх народных вырабаў. Мабыць, нехта ўспомніць пра дыванок з бабулінай хаты ці распісаны дзедаў куфар, які пыліцца на лецішчы… Экспазіцыя ў гэтай зале часовая, яна будзе мяняцца, папаўняцца.
У музеі можна патрапіць нават унутр дзівосных карцін з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці, прайсці квэсты, самому стварыць маляванку…
Музей маляванкі адкрыўся ў Ноч музеяў, 18 траўня інтэрнэт-стужкі, старонкі сацыяльных сетак тут жа расквецілі фотаздымкі захопленых наведнікаў. І ўжо на наступны дзень у Заслаўе пацягнуліся шматлікія госці з іншых гарадоў: беларуская маляванка сёння -трэнд, які задзейнічаны і ў музеях, і ў кніжнай прадукцыі, і на футболках, байках, сукенках, сумках. Гэта наша непаўторная культурная спадчына, частка беларускай традыцыйнай культуры, да якой абавязкова трэба далучыцца. Цяпер у яе ёсць канкрэтны адрас у старажытным Заслаўі – першы ў Беларусі Музей народнага роспісу маляваных дываноў, які працуе штодня, акрамя панядзелка, з 9.00 да 17.00.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара. “Звязда”.