Дзве новыя кнігі – годная падстава для сустрэчы з пісьменнікам. А ў Навума Гальпяровіча нядаўна выйшаў зборнік паэзіі “Ветразь лёсу” і кніга “Горад”, напісаная прозай, але з пачуццямі ўзнёслымі і пранікнёнымі, што звычайна звязваюцца з паэзіяй. Так і бывае, калі проза напісаная паэтам. І калі гаворыцца ў ёй пра тое, што аўтар шчыра любіць. А любіць ён Полацк і пісаць.
“Горад” – гэта свайго роду кніга ўдзячнасці мясцінам і людзям, якія здольныя не проста зрабіць жыццё больш цікавым і насычаным, а могуць вызначыць далейшы шлях і наогул паўплываць на лёс. Як гэта адбываецца? Цуд ці магія, закладзеная ў словы? Гарачае жаданне і непахіснае імкненне, калі часам трэба ісці наперакор, выбіраючы будучыню? Альбо сапраўды пашчасціла? Пра гэта аўтар і яго госці разважалі падчас вечарыны. Новенькія кнігі ляжалі побач, а цэлыя карціны з іх ажывалі перад вачыма, дзякуючы аповеду. Пра тое, як у дзяцінстве хацелася прыдумаць новую канцоўку для кніг, каб любімыя героі не пацярпелі. Пра тое, як першыя дзіцячыя вершы адмовіліся друкаваць у газетах “Зорка” ды “Піянер Беларусі”. Адказ з “Зоркі” прыйшоў за подпісам вядомага на той час пісьменніка Міхаіла Герчыка. Ну, калі такія асобы пішуць… Далей Навум Якаўлевіч пра пісьменніцтва не марыў. Пакуль мама не прапанавала сыну-падлетку запрашальныя білеты ў Дом афіцэраў, куды прыехалі пісьменнікі – удзельнікі дэкады савецкай літаратуры ў Беларусі. Тады ён убачыў Петруся Броўку, Пімена Панчанку, Міхаіла Свярдлова. І дагэтуль згадвае ўражанне ад той сустрэчы: быццам бы гэта не людзі былі, а богі. З таго часу ён лічыў пісьменнікаў людзьмі найвышэйшага статусу. А любое пісьменніцкае слова было важным для яго.
– …Калі пазнаёміўся з тымі літаратарамі, то ўбачыў і тое, што мне падалося самым важным – Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, – згадвае Навум Гальпяровіч. – А ў нашай маладосці быў яшчэ вядомы паэт Андрэй Вазнясенскі – прыклад таго, як можна знаходзіць яркія вобразы. У яго выйшла кніга “Ахілесава сэрца”, якую немагчыма было купіць. Але выпадкова ў “Ваенкнізе” ў Полацку завалялася гэтая кніжачка… Купілі яе на трох сяброў і вывучылі напамяць. Бо гэта было настолькі далёка ад таго, што мы чыталі ў школе… Для мяне была вельмі памятнай маленькая кніжачка Міхася Стральцова “Адзін лапаць, адзін чунь”. Ён выступаў у Полацку, я падышоў да Міхася Лявонавіча – яны з Рыгорам Барадуліным тады першы раз былі ў Полацку…
– Усе вашы апавяданні месцяць у сабе незвычайную інтрыгу, якая можа быць на першы погляд нябачная, але калі ўчытацца, то можна многа для сябе адкрыць, – адзначыў Алег Аляксандравіч Вінярскі, які чытаў словы пісьменніка для чытачоў. Зрэшты, нешта трэба і пакінуць для ўласнага чытання: кнігі ёсць у продажы. А чытаць варта, бо гэта як паразмаўляць з выдатнымі цудоўнымі асобамі, пра якіх успамінае аўтар, які і сам з’яўляецца ўшанаванай асобай. І таму, што беларуская мова, якую трэба ўдасканальваць (ці засвойваць), і таму, што ў кожнага ёсць свой горад, дзе калісьці ўсё пачыналася.
У жыцці чалавека бывае многа гарадоў, кожны з якіх варты захаплення. Але родны – адзін. Той самы, дзе нараджаўся і як чалавек, і як асоба. Дзе дрэвы шапочуць паданні, а людзі ўмеюць прыслухоўвацца і разумеюць. Дзе россып іскрынак творчасці дае штуршок для багатай культурнай нівы. Дзе заўсёды знойдуцца цікавыя гісторыі, якія хочацца распавесці людзям, каб адчулі цяпло роднага дома, нават калі ён застаўся на адлегласці ў часе і прасторы.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Фота са старонкі музея ў фэйсбуку.
https://zviazda.by/be/news/20230429/1682753625-prayshou-tvorchy-vechar-navuma-galpyarovicha-zastayucca-pesnya-i-radzima