Раз за разам вяртаючыся да заходнебеларускай прэсы, выпадкова знайшоў наступную зацемку ў газеце “Беларускі фронт”:
“Яшчэ аб памятніку па Цётцы. У справе пямятніка ў сакавіку зьмясьціла вялікі рэпортаж “Slowo” (7.03) пяра Язэпа Мацкевіча, каторы быў на месцы і грунтоўна зазнаёміўся з справай. Аказваецца, што памятнік, які меў беларускі напіс, некаму не падабаўся. Каму – трудна згадаць – піша Я. М., можа старасьце, можа паліцыянту, каморніку, войту- і ў рэзультаце прышла ў гміну папера ад шчучынскага старасты: памятнік у працягу трох дзён павінен быць зьнесены. Гэтакую апінію выдаў кансэрватарскі ўрад, бо быццам памятнік не эстэтычны…
Гэтак піша “Slowo”. Яд сябе адзначым, што цяпер, калі ў абарону выступіла “Slowo”, магчыма памятнік ня будзе зьнесены. Калі б гэтак сталася, “Slowu” належыцца падзяка ад бел. грамадзянства. …”
Беларускі фронт. 1938. № 4 (26), 5 красавіка.
Потым пашукаў і знайшоў наступныя зацемкі:
“У справе помніка Цёткі. У прошлым годзе ў фальварку Стары двор Шчучынскага павета, быў пастаўлены помнік Цётцы, беларускай паэтцы, над яе магілай. Памятнік паставіла сястра Цёткі. Даведаўшыся, што лось гэтага памятніка цяпер няпэўны …”
Chryscijanskaja Dumka, № 5 (153), 20 лютага 1938.
“Сумныя весткі аб памятніку Цёткі. У мінулым годзе ў Старым Двары (Шчучынскі павет) беларускай вядомай паэтке Цётцы, сястра яе паставіла помнік з адпаведным беларускім надпісам … ходзяць чуткі, што кансерватарская ўправа дамагаецца, каб памятнік гэты быў зняты …”
Шлях Моладзі. № 6 (122), 26 лютага 1938.
Я адразу пачаў чытаць нумар “Slowa” з артыкулам Юзафа Мацкевіча і зразумеў, чаму не звярнуў на яго ўвагу раней – у артыкуле ні разу не згадваецца, чый гэта помнік. Ні разу.
Ніжэй падаю пераклад артыкула з невялікімі скаротамі. У артыкуле шмат цікавых фактаў пра сястру Алаізы Пашкевіч – Стэфанію Сапоцьку (1860 г.н.)1.
Дадам, я даўно лічу, што нічога карыснага не можа вырасці на пустым месцы, і таму нам трэба ведаць, чаму менавіта гэты, спрадвечны беларускі куток Лідчыны даў нам Алаізу Пашкевіч, Вацлава Іваноўскага і яго сястру Алену Скіндар з Іваноўскіх, Фелікса Стацкевіча і вялікую колькасць іншых вялікіх і славутых беларусаў. Справа ў тым, і славуты польскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч пацвярджае гэта, што гэтыя мясціны маюць вялікую гістарычную і культурную традыцыю, яны з’яўляюцца сапраўдным “сэрцам Вялікага княства Літоўскага”.
Юзаф Мацкевіч
“На працягу трох дзён знесці гэты помнік”!
Цэнтр Віленшчыны
На поўдзень ад Вільні ляжыць край, багаты не толькі матэрыяльнымі рэчамі, але і маральнай традыцыяй гісторыі. Вельмі старой, перажытай гісторыі. Тут галоўны тэрытарыяльны шлях для паўстання Рэчы Паспалітай “абодвух народаў”. І з таго моманту самы важны палітычны шлях з Вільні да Кракава ішоў праз Эйшышкі, Радунь і г. д., а потым з Вільні да Варшавы2 […].
І ў матэрыяльным сэнсе гэты край ніколі нізка не западаў. Гэта, у цэлым, самадастатковы край з не самай горшай зямлёй. Рынкі, якія адбываюцца ў Эйшышках ці Радуні, фэсты і кірмашы маюць такую ж традыцыю, як і праезды каралёў і розныя гістарычныя падзеі. Тут заўсёды было сэрца Вялікага Княства Літоўскага – на поўдзень ад Трок і Вільні, а не крэсы ці безуладнае гуляй-душа поле. Блізкае да сталіцы месца, законапаслухмянае, прачэрчанае трактамі. І хоць на шляху гэтых трактаў ляжала і Рудніцкая пушча, а пад Гародняй – ад Новага Двара да Астрыны – непраходныя Бярштанскія лясы.
Зараз гэты край ляжыць у трохкутніку дзвюх чыгунак Вільня – Гародня, Вільня – Ліда, а зачыняе трохкутнік вялікая Варшаўская шаша. Па чыгунцы імчацца хуткія цягнікі, а па шашы едуць шматлікія лімузіны, а нават і аўтамабіль № 1 у Польшчы – прэзідэнта Масціцкага. І хаця край гэты зараз выглядае зусім па-іншаму… але для Вар-шавы можа ён і ёсць крэсамі, а для нас застаўся цэнтрам, якім быў, і такім застанецца!
Край тыповы
Трэба лічыць гэты край важным тэрытарыяльна і палітычна. Сабраў ён у сябе ўсё важнае на малым адцінку, усё характэрнае для ўсіх “усходніх ваяводстваў”. Тут этнаграфічная мяжы адступаючага пад напорам беларускай мовы летувіскага элемента. І тут навокал свеціць тыповая віленская польскасць шляхецкіх засценкаў і двароў. Мястэчкі поўныя яўрэяў, ганарыстыя касцёлы і малыя цэрквы з цыбулінамі. […] Край тыповы.
Эйшышкі і новая Радунь
[…] на рынку ў Эйшышках пабудавалі цукерню, якая выглядае грандыёзна. Заезджыя дамы, бензінавая калонка, рух.
У Радуні памёр стары цадзік3. “Ах, які быў чалавек! Такога больш не будзе! – кажуць яўрэі, пляскаючы языкамі і ківаючы галавой. – Ён не браў грошы, жыў як святы, слаўны быў на цэлы свет! – Гэта праўда”. Ён памёр, і ўся Віленшчына памятае яго дасканалае пахаванне. Меліся нават на Радуньскіх ржышчах прымаць самалёты міжнародных капіталістаў. Самалёты ўсё ж не селі, але калі людзі ішлі за пахавальнай працэсіяй, цыліндраў на галовах было больш, чым бруку ў мястэчку.
– Ай, ай, вось гэта быў цадзік! Пакінуў 80-ці га-довага сына, шматлікую сям’ю і вялікую школу рабінаў. Але ўсё ўжо не тое.
Яўрэі наракаюць:
– Радунь – Мекка рабінаў, Тэль-Авіў – старых ашке-назінаў, прыйдзе ў заняпад. Не паплывуць гэтак, як раней, долары з Амерыкі. З 500 вучняў засталося 200, сын – не бацька!
Гэта праўда, але …
Але ў самой Радуні, у самым цэнтры, з пустацельнай цэглы будуецца цэнтр хрысціянскага кааператыва, і ў ім будуць крамы і вітрыны. Стаіць перад ім грузавое і фірмовае аўто з таварамі. А што мяне найбольш цешыць, дык тое, што туалет на тым самым рынку, пасярэдзіне мястэчка, у такім жаласным стане, у такім страшным занядбанні і брудзе, што бярэ страх, каб бургамістра не саслалі ў Бярозу4. Але гэта добры знак таго, што людзі ў нас адварочваюцца ад туалетаў і звяртаюць больш увагі на дамы для гандлю і жыцця. А не так, як у іншым месцы – хата ўжо валіцца, і толькі туалет, як палац. Бо ў рэшце-рэшт разуменне іерархіі інвестыцый – гэта наша самая вялікая балячка.
[…]
Двор каля тракту
Каля тракту з Васілішак да Сабакінцаў стаіць двор. Драўляны і на падмурках. Бяда. За сцяной жыве арандатар, другая палова “халодная”, не адчыняецца наогул. На ганку ляжаць дровы. Сені вялікія і пустыя. Святло толькі ў двух пакоях. Сабака не брэша, плот пахіліўся, дарожка да хаты заросла травой. Кусты здзічэлі. У гэтых двух пакоях жыве бабулька. Узростам, успамінамі, маладосцю ўрасла ў перадваенныя часы, калі яна тайна трымала школку і па лясах спявала з дзецьмі “Божа, чаму Польшча”. Сёння зласліва і горка іранізуе з тых часоў. Чаму?
Пераступае парог, але ўздымае галаву ўверх: на паддашку гучны тупат і гармідар, несамавітыя бойкі і піск.
– Можа, шчуры?
– Пацы, – спакойна адказвае бабулька і, каб стала ясней, падкручвае газавую лямпу.
Сядаем. Адзінае крэсла. Адзіная выява на сцяне – група вучаніц перадваеннай віленскай гімназіі Прозаровай5. Адзіная каштоўнасць, памяць і любоў бабулькі – гэта магіла яе сястры. Слухаю.
Засталася толькі магіла сястры
Памерла ў 1916 г. і пахаваная на адмыслова вылу-чанай, уласнай зямлі. Малыя могілкі асвяцілі два ксяндзы, на магіле паставілі драўляны крыж, які стаяў і нікому не замінаў 21 год.
У 1936 г. пашыралі дарогу да Васілішак і ўзялі частку маёнткавай зямлі (да гэтага часу не заплацілі за яе), такім чынам наблізіліся да могілак. Аднак, і сёння могілкі ляжаць на адлегласці 11 метраў ад дарожнага паса і не маюць з ім нічога агульнага.
У 1937 г. бабулька паставіла на магіле памерлай сястры ладны помнік у простым, тыповым для могілкам стылі. Замяніла ім ўжо гнілы крыж, пасадзіла кветкі, упарадкавала ўсё навокал, бо ўсё, што мае дачыненне да сястры, паўтараю, гэта апошні сэнс яе жыцця.
“Камусьці” помнік не спадабаўся
Але па тракту каля двара праязджаюць не толькі сяляне на гандаль … Помнік камусьці не спадабаўся. Як найменей. Не ведаю каму: старасту, паліцыянтам, каморніку ці войту. Шмат маем чыноўнікаў. У любым выпадку сярод гэтых чыноўнікаў не было дзяржаўнага кансерватара. Падкрэсліваю гэта, каб зразумець далейшае.
Але камусьці не спадабаўся. І ў студзені гэтага года (1938 г. – Л. Л.) бабульку выклікалі ў гміну. Там войт, не даўшы ёй у рукі, толькі прачытаў ліст шчучынскага старасты: гаспадыня павінна знесці каменны помнік. На працягу трох дзён, – сказаў войт – бо …
– Як гэта? Якім правам?! На сваёй зямлі, высвечанай ксяндзамі, праз 22 гады існавання магілы! Пан войт жартуе? Чыіх рук гэта справа? На літары якога закона грунтуецца пастанова?
– Здаецца … пана кансерватара6.
“Не эстэтычны”
Па-праўдзе, кансерватар помніка ніколі не бачыў. Ці яму загадалі?
Пытаюся я ў віленскага кансерватара:
– Прашу паінфармаваць: ці трэба дазвол на ўладкаванне помніка на могілках?
– Не.
– Ну дык справа чыстая.
Даведваюся, што віленскі адначасова з’яўляецца і наваградскім кансерватарам. Тады пытаюся ў яго, як звычайная справа дайшла да такога грунтоўнага інцыдэнту?
Пачухаў твар, задумаўся …
– А, так. Той помнік не эстэтычны.
– Што?!!!
– Вы яго бачылі?!
– Маю здымак …
Не абмяркоўваю пытанне пра эстэтыку, якое, відочна, штучна прыцягнутае.
– Што наогул вы можаце сказаць? Загадаў стараста? На якой падставе?
– Гэта … ёсць распараджэнне, што на публічных пляцах нельга ставіць помнікаў.
– Але гэта ёсць звычайны нагробак! На прыватных могілках, на прыватнай зямлі – бясспрэчнай уласнасці гаспадыні маёнтка!
– Так … хм … у такім разе трэба ўдакладніць, ці гэтая зямля і сапраўды – прыватная маёмасць.
Кожны ведае, што не слушна
І зноў, адклаўшы ў бок пытанне, што гэта – злая воля ці толькі памылка з-за нейкіх асабістых ці палітычных мэтаў, ці протса непавага да права, але дзеля гэтага крыжа, гэтага помніка працаваў цэлы бюракратычны апарат. Яго фатаграфавалі. Прыязджала камісія, усё вывучала, апытвала суседзяў. Кожны з чыноўнікаў ведаў, што робіць гэта незаконна, кожны ведаў, чыя гэта зямля ўжо шмат гадоў, што могілкі высвечаны, агароджаны, недалёка ад двара. І пры гэтым усе рабілі гэтую справу.
А хто ім за гэта плаціць? Гэтым чыноўнікам, гэтым камісіям? Дзяржаўны скарб? Той самы скарб, куды бабулька плаціць падаткі.
З вялікай горыччу, з несумненным перабольшваннем яна іранізуе сама з сябе, пра свае даваенныя мары. Няма чаму дзівіцца, яна ўжо старая, і толькі магіла сястры засталася ў яе сэрцы.
Адчайна бароніцца. Піша скаргі міністрам, у Варшаву, да прэм’ера. Справа павінна ўсплыць у Варшаве, бо вельмі ўжо яна яскрава-абуральная.
“Слава Богу”. Няма чаго саромецца. Бо існуюць інстанцыі, якія бароняць закон.
- M. [Jozef Mackiewicz] “W ciagu trzech dni zniesc ten pomnik”! // Slowo. № 64(4988), 7 marca 1938.
Леанід Лаўрэш.
1 Гл: Лаўрэш Леанід. Лёсы родных Алаізы Пашкевіч // Лідскі Летапісец. 2016. № 3 (75). С. 15-16.
2 Маецца на ўвазе галоўная дарога ВКЛ, так званы “Каралеўскі тракт”. Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 136-138.
3 Ісраэль Меір Коэн (Акаэн) (Хафец-Хаім; сапраўднае прозвішча Пупко; 1839-1933) – рабін, галахіст і мараліст. Пра яго гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 224-225.
4 Аўтар іранізуе над барацьбой тагачасных польскіх уладаў за наяўнасць і чысціню туалетаў. Гл: : Лаўрэш Леанід. Славойкі на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2017. № 4(80). С. 39-40.
5 Віленская прыватная 8-мі класная жаночая гімназія В.М. Прозаравай з правамі дзяржаўнай гімназіі. У гэтай гімназіі вучылася Алаіза Пашкевіч. Хто ведае, можа гэты здымак недзе захоўваецца і сёння.
6 Асоба, якая адказвала за стан, захаванне і кансервацыю помнікаў культуры і гісторыі ў ваяводстве.