Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
На літаратурнай хвалі. Люстэрка душы і скарбніца гумару

На літаратурнай хвалі. Люстэрка душы і скарбніца гумару

4 красавіка 2023, 22:06 Выданні, літаратура 11
На літаратурнай хвалі. Люстэрка душы і скарбніца гумару

У рамках чарговага пасяджэння літаб’яднання “Суквецце” ў Лідскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя дэбютнай кнігі лідскай паэткі Ганны Гайдукевіч “З душой і жартам”. Гэтая кніга – люстэрка багатай і чулай душы паэткі, а таксама скарбніца гумару і жыццёвай мудрасці. Выхад яе стаў прыемнай нечаканасцю для літаратараў Лідчыны, улічваючы, што Ганна Іванаўна прыйшла ў паэзію параўнальна нядаўна. Але прыйшла як чалавек з багатым жыццёвым вопытам, якому ёсць што сказаць свайму чытачу.

Ганна Іванаўна Гайдукевіч выкладала музыку, беларускую мову і літаратуру ў Лідскім педагагічным вучылішчы, каля трыццаці гадоў была актыўнай удзельніцай народнага ансамбля песні і танцу “Лідчанка”. З’яўлялася арганізатарам і кіраўніком фальклорнага калектыву навучэнцаў і выкладчыкаў педвучылішча “Пралеска”. Актыўна пісаць вершы пачала тры гады назад. Друкавалася ў “Лідскай газеце”, літаратурна-мастацкім зборніку “Ад лідскіх муроў”, газеце “Літаратура і Мастацтва”.

Кніга вершаў Ганны Гайдукевіч “З душой і жартам” складаецца з двух раздзелаў – лірычнага і гумарыстычнага. Шмат вершаў з першага раздзела прысвечана малой радзіме паэткі – Дакудаўскай зямлі, яе прыгожым краявідам у розныя поры года. З цеплынёй піша аўтар пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў Дакудаве, пра сваіх бацькоў. Ёсць у кнізе і настальгічныя вершы, прысвечаныя юнацтву, маладосці, а таксама вершы, у якіх раскрываюцца ўнутраны свет, думкі і мары чалавека пенсійнага ўзросту. У другі раздзел увайшлі байкі, гумарыстычныя вершы, якія сама Ганна Іванаўна назвала “смехГанкі” (ад словазлучэння “смех Ганны”). У гэтых вершах у жартоўнай і іранічнай формах закранаюцца асобныя жыццёвыя з’явы і пытанні, якія хвалююць аўтара.

Павіншаваць Ганну Гайдукевіч з выхадам дэбютнай кнігі прыйшла на пасяджэнне “Суквецця” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара – галоўнага рэдактара па друкаваных СМІ ДУ “Рэдакцыя “ЛідаМедыяКампанія” Кацярына Серафіновіч. Віншавалі паэтку таксама калегі па літаратурнай творчасці і былыя калегі па працы ў педвучылішчы. Апошнія разбавілі пасяджэнне яркімі і гучнымі музычнымі нумарамі. Увазе прысутных быў прадстаўлены падрыхтаваны работнікамі бібліятэкі буктрэйлер (відэаагляд) па кнізе “З душой і жартам”.

Былыя калегі па педагагічнай працы шмат расказалі пра Ганну Іванаўну як таленавітую, творчую выкладчыцу, якая на сваіх уроках цесна спалучала літаратуру з музыкай, пра фальклорны калектыў “Пралеска”, які шмат дзе выступаў і неаднаразова станавіўся лаўрэатам. Цяпер Ганна Гайдукевіч актыўна займаецца літаратурнай творчасцю. У яе вершах бачна асоба аўтара – педагога, музыканта, аматара фальклору, проста неабыякавага чалавека. Пажадаем ёй творчага даўгалецця, натхнення і выдання яшчэ не адной паэтычнай кнігі!

Аляксей КРУПОВІЧ.

Ганна ГАЙДУКЕВІЧ

 

Маё Дакудава

 

Маё Дакудава над Нёмнам…

Куточак любай Белай Русі,

У былым з паслугаю паромнай…

Табою, вёска, ганаруся!

 

К табе лячу ў душы з уздымам,

Як госця ў дом маіх бацькоў,

Дзе бульба ў печы пахне дымам,

Падворак – поўны парсюкоў.

 

У вайну была ты партызанкай,

Фашыст караў цябе агнём…

А сёння – вольная сялянка,

З бусліным клёкатным гняздом.

 

Віруе ў Нёмане вадзіца

У промнях сонца крышталём.

І радасць у прасцяг бруіцца –

Я… з журавінавым кастром.

 

Куды тут толькі не блукала,

Галышкай па рацэ плыла,

А з ганка мамачка гукала:

– Даіць Красуню ўжо пара!.. –

 

Наш сад і зараз – быццам райскі,

Крамяны яблык у руцэ…

Адам – не побач… “Укусіць не дайся!” –

Блісне слязінка на шчацэ…

 

А Банева!.. Грыбны куточак.

Лісічкі, маслякі…

Заскочаць самі – настаў кошык,

Што ў суп, што ў сушку на шнуркі…

 

…Маё Дакудава!.. Тут сэрцу мілы

І луг – прыбрэжжа да ракі,

І пчолкі, што звіняць гулліва,

Мелісу нюхаюць з рукі…

 

Куточак любай Белай Русі,

Старонцы – Спадчына імя.

З усіх дарог к табе імкнуся,

Мая радзімая зямля!..

 

Маё натхненне

 

Заспяваў мабільнік.

“Хто ж тэлефануе?..”

На дысплеі стыльным

Тое, што хвалюе.

 

У лічбавым вар’янце

Мне адказ адзін.

Аж душа у танцы:

У эфіры… сын!..

 

У трубцы – сэрцу мілы

Голас-барытон.

У целе – мора сілы:

Не трывожны тон!..

 

За акном кватэры

Дожджык не сячэ…

Сын, я чую, верыць:

Не стара яшчэ…

 

Парасон не маніць:

Ён не па пары…

Голас родны раіць:

– Йдзі, любі, твары!.. –

 

Распрамляю спіну –

Плашч ёсць ад дажджу…

Па падказцы сына

Я бягу, жыву…

 

Прыткі кот

 

Жыве ў двары калматы кот,

Штодзень здзіўляе ён народ:

Ці точыць кіпці на вярбе,

Ці здабывае харч сабе.

 

Такі спрытняга гэты кот,

А больш за ўсё ён любіць спорт,

На корт вядзе шчэ і сяброўку,

Распачынае трэніроўку.

 

Вось крос узяў старт на траве,

Далей паўзком і на спіне.

Гулялі доўга, так стаміліся,

Ля клёна-волата спыніліся.

 

Тут наш смяльчак усё скок ды скок,

Залез на саменькі вяршок,

Яна ж за сябрам назірае,

Сядзіць пад дрэвам, пазяхае.

 

Прысеў каток і косіць вока,

Відаць, плануе. Белабока

Пырхнула ўверх, а ты, зладзей,

Не задавайся, будзь цішэй,

Спускайся ўніз – лаві мышэй!

 

Кот з дрэва скок – і хвост трубою,

Сяброўку мяўкнуў за сабою,

Не змог здабыткам падзяліцца…

Бягом на сметнік пажывіцца.

 

***

 

Сярод людзей бывае так:

Хоць справу робіць абы як,

                 А думае, што ён мастак.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
літаратура

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд

19 верасня 2023, 22:4136
Да Дня горада
Культура

Да Дня горада

30 жніўня 2023, 06:3819
LidBeer і 700-годдзе Ліды
Грамадства

LidBeer і 700-годдзе Ліды

7 верасня 2023, 21:1717
Алена Анісім на перазахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні: "Немагчыма перадаць усе думкі і пачуцці". ФОТА
Грамадства

Алена Анісім на перазахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні: "Немагчыма перадаць усе думкі і пачуцці". ФОТА

25 лістапада 2019, 10:0017
Далучайцеся да нас